Вы тут

Каля Дзяржынска адкрыўся адмысловы парк забаў


Ідэя адкрыць парк забаў дзесьці пасярод маляўнічых беларускіх прастораў — напрыклад, у кукурузным полі — проста лунала ў паветры. І вось у мінулыя выхадныя яе-такі ажыццявілі. Непадалёк ад Дзяржынска, на радасць гараджанам, што прыязджаюць сюды ў тым ліку і з Мінска, запрацаваў лабірынт.


«Кукуполіс» — так называецца парк забаў, што размясціўся на хутары Лізавецін Дзяржынскага раёна. Пасярод кукурузы і сапраўды пракладзены сцяжынкі, пастаўлены адмысловыя пікеты. Цікава, што калі глядзець на ўсё гэта з вышыні птушынага палёту, то можна ўбачыць, што са сцяжынак вымалёўваецца галава козачкі, а яшчэ — словы «за Беларусь».

Сам лабірынт зроблены ў выглядзе карты Беларусі. Блукаючы пасярод кукурузы, удзельнікі мусяць адшукаць усе абласныя гарады, а таксама некалькі дадатковых пікетаў.

Сабраўшы ўсе адзнакі на сваёй маленькай карце, трапляеш у забаўляльную зону. Там можна наведаць кантактны заапарк — убачыць коз, трусоў, барана, парасят розных дэкаратыўных парод, пакатацца на кані ці поні. Непадалёк адбываецца дэгустацыя малочнай прадукцыі, якую пры ахвоце можна набыць. Ёсць магчымасць паглядзець на жывёл, якія жывуць на ферме. Усё гэта, між іншым, экзатычныя цікавінкі для гараджан і іх дзяцей!

Ахвотныя могуць палазіць на скаладроме, пастраляць з лука. І нават палятаць на самалёце. Акрамя асноўнага лабірынта, ёсць яшчэ дзіцячы, зроблены з саломы.

Адміністратар Ксенія Ісакава і менеджар па рабоце з кліентамі «Кукуполіса» Алена Баравік расказалі, што яны пакуль знаходзяцца ў творчым пошуку, а ў будучым плануецца распрацаваць розныя тэматыкі для ўсіх выхадных. Магчыма, зробяць адмысловую праграму па «Алісе ў краіне цудаў» для дзяцей. А таксама створаць начны квэст. Заснавальнік «Кукуполіса» Аляксандр Пажаранка з'яўляецца магістрантам эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён расказаў карэспандэнту «Звязды», як прыйшла ідэя такога лабірынта:

— Кожны раз, калі выязджаю за мяжу, у мяне з'яўляецца пэўная ідэя, якую трэба рэалізаваць у Беларусі. Калі ездзіў у Германію, я быў у такім жа лабірынце пасярод кукурузы і вырашыў, што трэба тое ж ажыццявіць у нас. Па водгуках, якія я чуў, мы зрабілі ўсё на вельмі высокім узроўні. Бо такія лабірынты ёсць і ў іншых краінах, але наш — проста цудоўны... Увосень я ўспомніў пра сваю ідэю, напісаў бізнес-план для конкурсу. А пасля высветлілася, што яшчэ ў фермера Дзмітрыя Крылова была такая ідэя. Мы аб'ядналіся і ўсё зрабілі разам.

Увесну адмыслова засаджвалася кукурузнае поле. Падрыхтоўка была вельмі карпатлівая. Частку парасткаў кукурузы вырывалі адразу. Сцежкі рабілі са спецыяльных драўляных трэсак. Адкрыццё лабірынта планавалі на пачатак жніўня. Але паколькі з-за халадоў сцябліны кукурузы не паспелі вырасці, тэрмін крыху перанеслі.

Забаўка будзе дзейнічаць да канца кастрычніка, пакуль расце кукуруза. А пасля гэтага яе, як звычайна, сажнуць — зерне адправяць для кармавых патрэб. Падаецца, гэта вельмі ўдалы прыклад прадастаўлення турыстычных паслуг па-беларуску.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Дзяржынскі раён

Загаловак у газеце: Знайсці выйсце... з кукурузнага поля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?