Вы тут

Што рабіць, каб вучні не адмаўляліся ад школьнага абеду?


Перапынкі паміж прыёмам ежы ў дзяцей не павінны перавышаць 3,5—4 гадзіны. Пра гэта павінны памятаць бацькі, якія адпраўляюць сваё дзіця ў школу. А калі вучань знаходзіцца ва ўстанове адукацыі да вечара, то трэба паклапаціцца пра дадатковы прыём ежы, няважна дзе: у сталовай, буфеце ці ў школьным кафэ.


— Ніякае так званае бартавое харчаванне, якое дастаўляецца і разаграваецца на месцы, ці ссабойка гарачае харчаванне замяніць не могуць, — упэўнена загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА. — Сістэма харчавання з патэльні — самая аптымальная. Выпадкі, калі дзіця не есць у сталовай, павінны быць выключэннем. Так, ёсць дзеці, якія катэгарычна адмаўляюцца харчавацца ў школе, і ёсць дзеці, якія на выдзеленыя ім на харчаванне ў школьнай сталовай сродкі набываюць малакарысныя ці ўвогуле шкодныя для здароўя прадукты.

Зразумела, што дзеці хочуць, каб у школьнай сталовай смачна кармілі, а гэта ў многім залежыць ад кваліфікацыі кухараў. Паводле сучасных патрабаванняў, ва ўстановах адукацыі могуць працаваць кухары з кваліфікацыяй не менш за чацвёрты разрад. Але з прычыны невысокіх заробкаў сёння адчуваецца дэфіцыт адпаведных кадраў, асабліва ў сельскай мясцовасці.

55 працэнтаў школьнікаў у краіне ахоплены камбінатамі школьнага харчавання. У Мінску гэты паказчык увогуле дасягае 98 працэнтаў. А, напрыклад, у Мінскай вобласці 94% устаноў адукацыі самі забяспечваюць харчаванне сваіх навучэнцаў. Атрымліваецца танней, таму што на стол да школьнікаў трапляе сельгаспрадукцыя мясцовай вытворчасці...

— Кошт харчавання залежыць ад некалькіх фактараў. Напрыклад, ад узросту вучняў, ад таго, хто арганізуе харчаванне — сама школа, камбінат школьнага харчавання або індывідуальны прадпрымальнік, — тлумачыць галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра АЛЯКСЕЕВА. — Штоквартальна аналізуецца рост індэкса спажывецкіх цэн, і, калі ён перавышае дапушчальны парог, грашовыя нормы на харчаванне карэктуюцца. Апошні раз гэта адбылося ў лютым.

У мінулым навучальным годзе сярэдні кошт абеду для мінскіх школьнікаў вагаўся ад 2 рублёў 40 капеек да 2 рублёў 60 капеек. І гэта самыя высокія паказчыкі па краіне. У рэгіёнах лічбы намнога меншыя: у залежнасці ад узросту ад 1,43 да 1,73 рубля.

— Па даных выбарачнага анкетавання, праведзенага санітарнай службай, на першым месцы сярод прычын, па якіх дзеці адмаўляюцца харчавацца ў школе, стаіць знешні выгляд кухараў. Калі дзіця ўбачыць неакуратнага работніка сталовай ці ў кухара будуць брудныя рукі, яно ніколі не будзе там харчавацца, — падкрэслівае Ала Малахава. — Эстэтычны бок (знешні выгляд кухараў, сервіроўка сталоў, посуд, афармленне памяшканняў сталовых, мэбля) насамрэч вельмі важныя. Дарэчы, яшчэ тры гады таму наяўнасць у работнікаў сталовых аднаразовых пальчатак стала абавязковай: толькі ў пальчатках яны могуць штосьці наразаць ці раздаваць дзецям ежу.

Таксама важна ўлічваць і такую акалічнасць, як узрост школьнікаў: вязкую рысавую кашу старшакласнік наўрад ці будзе есці, а вось ад рассыпістага рысу з агароднінай ён не адмовіцца.

На думку спецыялістаў, для таго каб бацькі былі ўпэўненыя ў тым, што дзіця харчуецца здаровай ежай у школе, а не піцай ці смажанкай у бліжнім магазіне, трэба шырэй укараняць ва ўстановах адукацыі безнаяўную форму аплаты за харчаванне вучняў. Дарэчы, гэтым шляхам ужо ідуць у сталіцы. У цяперашні час складаюцца спісы навучэнцаў для прысваення кожнаму з іх асабістага кода і далейшага ўкаранення персаніфікаванай формы аплаты за харчаванне праз сістэму АРІП. Для забеспячэння вучняў паўнавартасным збалансаваным харчаваннем распрацаваны адзіныя прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны харчавання для ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — як за кошт бюджэтных сродкаў, так і за кошт сродкаў бацькоў. Яны залежаць і ад сезона: восень — зіма і вясна — лета.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: І смачна, і прыгожа, і нядорага

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.