Вы тут

З-за чаго гінуць нашы дзеці?


Вы ўтрымаеце на руках 350 кілаграмаў?

Да пачатку чарговага навучальнага года застаецца крыху больш за тыдзень. У гарады масава вяртаюцца дзеці пасля летняга адпачынку. Але знаходзячыся некаторы час па-за межамі буйных населеных пунктаў, паціху адвыкаеш ад інтэнсіўнасці руху на вуліцах. А дарога — суддзя жорсткі і памылак не даруе.


— За першыя паўгода ў Беларусі ад знешніх прычын загінулі 52 дзіцяці, — зазначыў намеснік дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Ломаць. — Летась жа такіх выпадкаў было 77 за такі ж перыяд. Істотна знізілася смяротнасць ад дарожна-транспартных здарэнняў, падзенняў і ўтапленняў. Натуральна, на сёлетнюю статыстыку паўплываюць яшчэ ліпень і жнівень. Але спадзяёмся, што мінулы год гэтыя сумныя лічбы не перасягнуць.

Пры гэтым паказчыкі дзіцячага траўматызму змяншаюцца ўжо некалькі гадоў. Напрыклад, у 2011 годзе смяротнасць непаўналетніх ад знешніх прычын складала 15,4 на 100 тысяч дзяцей. А летась — ужо 8,4. Але безадказныя паводзіны часта заканчваюцца і сур'ёзнымі траўмамі, жыць з якімі давядзецца дзясяткі гадоў.

— Да нас у цэнтр пастаянна паступаюць падлеткі, якія ныраюць у месцах, што кепска ведаюць, — працягвае Леанід Ломаць. — І, як правіла, атрымліваюць траўмы шыйнага аддзела пазваночніка. Пералом у такім месцы заўжды страшны. Калі ён не такі моцны, то яшчэ магчымае нейкае аднаўленне, а вось калі пералом суправаджаецца разрывам спіннога мозгу — то гэта інваліднасць на ўсё жыццё. Ці варта геройстваваць дзеля такіх наступстваў?

Сеў на веласіпед — надзеў шлем?

Апошнім часам у краіне пачаў набіраць абароты веласіпедны рух. З аднаго боку, гэта вельмі добра — усё больш людзей далучаецца да вядзення здаровага ладу жыцця. А з іншага? Артыкул 148 Правілаў дарожнага руху рэгламентуе, што веласіпедысты мусяць рухацца па спецыяльнай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па ўзбочыне, тратуары і пешаходнай дарожцы, не перашкаджаючы пры гэтым іншым. Калі ж усяго гэтага набору няма, то рух веласіпедыстаў дазваляецца па праезнай частцы, але не далей за адзін метр ад яе правага краю. Вось толькі часта даводзіцца назіраць сітуацыю, амаль як у «Барадзіне» Лермантава — «Смешались в кучу кони, люди...» Асабліва гэта датычыцца старых кварталаў, дзе тратуары 40—60 гадоў таму наўрад ці разлічваліся пад тое, што па іх будуць не толькі хадзіць людзі, але і масава ездзіць веласіпедысты.

— Цяпер распрацоўваецца новая канцэпцыя веласіпеднага руху, — кажа Леанід Ломаць. — Сярод траўмаў, якія атрымліваюць веласіпедысты і пешаходы, часта рэгіструюцца пашкоджанні галавы. Завяршыцца яно можа цяжка, нават да лятальнага канца. Вядома, калі не глядзець па баках і не выкарыстоўваць сродкі засцярогі. Вось зараз абмяркоўваецца пытанне — ці трэба абавязваць карыстацца веласіпеднымі шлемамі? Ці, напрыклад, накаленнікамі. Здаецца, пры падзенні траўма няцяжкая. А пасля на гэтым месцы ўзнікаюць артрозы, і ўсё можа скончыцца пры найгоршым раскладзе эндапратэзаваннем. Ёсць у свеце краіны, дзе ўвялі абавязковыя велашлемы. Сярод іх — Аўстралія, Новая Зеландыя...

У школах з'явяцца пашпарты дарожнай бяспекі

Шлях з дому ў школу рэдка пралягае так, каб не трэба было пераходзіць адну ці некалькі дарог ці пятляць па дваравых праездах, спрэс запаркаваных аўтамабілямі. А значыць, рызыка незнарок сунуцца пад колы машыны ўзрастае шматкроць.

— Сёлета на кожную ўстанову адукацыі будзе заведзены пашпарт дарожнай бяспекі, — кажа старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Ганна Банадык. — Ён быў распрацаваны яшчэ летась і змяшчае практычна ўсю інфармацыю аб школе — пра час заняткаў, колькасць змен, уладальніка дарог каля ўстановы, школьны аўтобус, поўную інфармацыю пра арганізацыю дарожнага руху побач са школай. Таксама ў ім вялікая ўвага ўдзяляецца маршруту бяспечнага руху «дом—школа—дом» для вучняў і бацькоў. Акрамя таго, у школы перададзены інтэрактыўныя камп'ютарныя праграмы для дзяцей, з дапамогай якіх можна як выкладаць, так і правяраць веды датычна правільных паводзін на дарозе.

Гэты пашпарт захоўваецца і ва ўстанове адукацыі, і ў мясцовым аддзеле ДАІ. Ён абавязкова прыкладаецца да пашпарта гатоўнасці школы да чарговага навучальнага года.

— Калі 10 гадоў таму 70—80% ДТЗ з удзелам дзяцей адбываліся па іх віне, то цяпер сітуацыя развярнулася наадварот, — працягвае Ганна Банадык. — Сёлета зарэгістравана 137 аварый з непаўналетнімі, 8 дзяцей загінула. Сярод іх — трое пасажыраў, чатыры пешаходы і адзін веласіпедыст. 62 дзяцяці-пасажыры аўтамабіляў атрымалі траўмы, 22 былі збіты на пешаходных пераходах. І ўжо за жнівень дарога забрала тры дзіцячыя жыцці. Што да аўтамабіляў, то знізіць дзіцячы траўматызм дапамагаюць аўтакрэслы. Лепш за такія ўстройствы нічога не прыдумана. Яны сканструяваны з улікам усіх асаблівасцяў арганізма. Дзеці, якія знаходзяцца ў такіх прыладах, атрымліваюць нязначныя траўмы. Гэта парэзы твару, ушыбы. Але не страшныя пераломы.

Бацькі, якія не хочуць набываць аўтакрэсла і сцвярджаюць, што здолеюць утрымаць малога на руках, распісваюцца ў няведанні законаў фізікі. Напрыклад, маса аднагадовага дзіцяці складае звычайна 10—12 кілаграмаў. Калі ж аўтамабіль, у якім едзе малы, сутыкнуўся ў лабавую на не самай высокай хуткасці ў 40 кіламетраў за гадзіну, то вага малога (якую не трэба блытаць з масай) павялічыцца ў 35 разоў. Вы ўтрымаеце на руках 350—420 кілаграмаў?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

sсhklеnnіk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...