Вы тут

Як супрацьстаяць псіхалагічнаму гвалту?


«Чубіць» не кулакамі, а словамі... Гэта як?


Часцяком сужэнцы ў парыве нянавісці апускаюцца да запалохванняў, забарон сустракацца з роднымі і блізкімі, непрыстойных зваротаў і заўваг. Не менш вар'яцкія спосабы «асадзіць» партнёра — умяшанне ў асабістае жыццё і паталагічная рэўнасць. Асцярожна! Гэта псіхалагічны гвалт! Чаму варта спыніць маральнае ўшчамленне? Да чаго можа прывесці псіхалагічнае насілле? На гэтыя пытанні шукаем адказ у гісторыі 27-гадовай Маргарыты (імя зменена), якая не адзін год пакутавала ад псіхалагічнага гвалту з боку мужа, але паверыла ў свае сілы і пачала актыўна дзейнічаць.

Да вяселля маладыя людзі сустракаліся восем месяцаў. Аднак спатканні гэтыя цяжка было назваць сапраўдным каханнем. «Дзіўныя былі ў нас адносіны: то мы сустракаліся, то сварыліся без нагоды, — прызнаецца дзяўчына. — Праз месяц ён пачаў закатваць істэрыкі на роўным месцы. Потым я даведалася пра цяжарнасць. Першае пачуццё — страх. Мне цяжка было ўявіць сумеснае жыццё з гэтым чалавекам, пужалі яго перыядычныя праявы агрэсіі. Аднак думкі пра аборт адмяталіся самі сабою. Я пачала жыць па прынцыпе «сцерпіцца — злюбіцца».

Пасля таго, як мы ўпершыню схадзілі на УГД і ўбачылі малога, ён пасадзіў мяне ў машыну і павёз у ЗАГС, — працягвае Маргарыта. — Я была ў разгубленасці: ён нават не папярэдзіў, прапанову не зрабіў, усё вырашыў за мяне». Чалавек не ведаў слова «не». Тады ў машыне сыпаліся мат і абразы. Калі дзяўчына прыйшла дахаты, у яе пачалася істэрыка. Ужо ўвечары хлопец пачаў суцяшаць «каханую», называць лапулечкай...

«Самае галоўнае, на людзях ён паводзіў сябе як самы лепшы мужчына на свеце, — кажа жанчына. — Калі я цяжарная апынулася ў бальніцы, ён пры суседках па палаце гладзіў жывоцік. Дзяўчаты зайздросцілі такім цёплым адносінам. Ведалі б яны, што рабілася ў маёй душы... Я заўсёды баялася яму штосьці сказаць, кантралявала свае думкі, не магла звярнуцца да яго па дапамогу.

Аднойчы ў парыве сваркі ён штурхнуў мяне, цяжарную, і я ледзь не павалілася жыватом на асфальт. Зноў істэрыка, шок, слёзы. Зноў пачаліся банальныя sms-кі. Я спадзявалася на адзінае: мы распішамся і ўсё наладзіцца...

Даведка «Звязды»

У Беларусі псіхалагічны гвалт хоць раз у жыцці перажывалі 82,1% жанчын і 70,9% мужчын. Пад гэты від насілля падпадаюць пераважная большасць жанчын незалежна ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык і мужчыны ва ўзросце 18—29 гадоў, якія маюць няпоўную сярэднюю або сярэднюю адукацыю і жывуць у сельскай мясцовасці, з нізкім узроўнем матэрыяльнага дабрабыту.

Каля 50% мужчын і жанчын лічаць, што ў адносінах паміж мужам і жонкай дазволена рэўнасць, каля 39% мужчын і жанчын не выключаюць магчымасці ўмяшання ў асабістае жыццё партнёра і выкарыстоўваюць непрыстойныя жарты і заўвагі, каля 34% сужэнцаў дапускаюць лаянку ў зносінах з партнёрам.

За псіхалагічным гвалтам услед рушыў эканамічны ціск. Муж Маргарыты за два гады сумеснага жыцця ніколі не працаваў, бо прыйшоў да высновы, што ў Мінску няма нармальнай працы для 26-гадовага мужчыны. «Па натуры ён гультай, — сцвярджае Рыта. — Пры гэтым забараняў браць грошы, якія даваў былы муж — бацька маёй дачкі на яе выхаванне. У выніку — мы чацвёра жылі на дапамогу па доглядзе за дзіцем. Даходзіла да таго, што мяне цішком падкормлівала маці: то сырок глазураваны дасць, то бананам пачастуе, бо адчыніш лядоўню, а там — мыш павесілася». Жанчына не магла купіць сабе штаны ўзімку, хадзіла ў падраным абутку, даношвала адзенне сяброўкі, а лішнюю капейку пакідала на малых.

— Яшчэ яго маці ўвесь час вучыла, як я павінна паводзіць сябе з сынам, нягледзячы на мой вопыт. Муж ва ўсім патураў сваёй маці. Не так прыгатавала кашу — я дрэнная матуля, не туды пайшла на прагулку з дзіцем — мяне пазбавяць бацькоўскіх правоў... Мяне ў гэтым пераконвалі, і я насамрэч пачала ў гэта верыць.

Праз некаторы час мы вырашылі здымаць кватэру, бо з маімі бацькамі муж не ўжываўся. Аднойчы паехалі пагасцяваць да яго маці. Паступова я зразумела, што муж і не збіраўся шукаць жыллё для нашай сям'і. Праз некаторы час пачаў зрывацца на маю дачку, таму прыйшлося завезці яе да бабулі. Маці высылала мне яе малюнкі, я чытала ёй казкі па тэлефоне, па начах глядзела на яе фотаздымкі і плакала, бачыліся мы толькі па выхадных...

Разумела, што так жыць невыносна, але баялася штосьці прадпрымаць. На самай справе, я сама ніколі не расказала б пра свае праблемы, каб мяне не падштурхнулі. Нумар гарачай лініі для пацярпелых ад дамашняга гвалту падказаў бацька маёй дачкі. Мы з псіхолагам абмеркавалі мае праблемы, і я зразумела: тое, што адбываецца ў маёй сям'і, — гэта псіхалагічны гвалт. Разам мы разгледзелі розныя варыянты развязкі маёй праблемы, змадэлявалі магчымыя будучыя жыццёвыя сцэнары, спецыялістка растлумачыла мае правы і падказала, куды трэба звярнуцца. З моманту першага звароту на лінію прайшло каля чатырох месяцаў. Увесь гэты час я знаходзіла эмацыянальную падтрымку па тэлефоне ў спецыялістаў. Дзякуючы гэтай падтрымцы я стала ўпэўненай, здолела прааналізаваць свае адносіны і знайсці ў сабе сілы ўсё змяніць».

У хуткім часе жанчына цішком падала дзве заявы ў суд — на развод і на выплату аліментаў — і пачала чакаць...

— У той дзень я варыла суп, ён гуляў з дзіцем на вуліцы. Мне прыйшло на тэлефон sms-паведамленне, што мяне выклікаюць у суд у якасці істца. Я чакала, калі прыйдзе яму. Потым пачаўся 2-гадзінны скандал.

Яшчэ не адзін раз былы муж заходзіў да Маргарыты з папрокамі, запалохваннямі і абразамі, хацеў дзяліць праз суд дзіцячыя рэчы і пасляродавыя грошы. Пасля разводу жанчына падала на яго заяву ў міліцыю за абразы, яму далі штраф, пасля чаго пачаў падбіраць словы пры зносінах з маці свайго сына. «Маё першае пачуццё пасля разводу, быццам я скінула заплечнік, які быў нагружаны цяжкім каменнем, — усміхаецца наша гераіня. — Я зноў самаўпэўненая жанчына, мне зноў хочацца жыць і бачыць, як растуць дзеткі, хочацца хадзіць па магазінах, прыбірацца і фарбавацца, я зноў шчаслівая.

Алена Воўкава

Што раіць псіхолаг?

«Псіхалагічны гвалт, як і любы іншы від насілля, ні ў якім разе трываць нельга, — раіць Наталля Пятрова, псіхолаг-кансультант агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад дамашняга гвалту МГА «Гендарныя перспектывы». — Гэта любыя абзыванні, знявагі і патрабаванні, пададзеныя ў грубай форме, шантаж, крык, лаянка, заўсёдныя папрокі, прымус да чаго-небудзь, паталагічная рэўнасць, любы кантроль. Калі словы зневажаюць годнасць і прыносяць псіхалагічныя пакуты, калі ад іх партнёру робіцца дрэнна, балюча, невыносна, калі пачынае падаць самаацэнка — гэта, без сумнення, прыкметы псіхалагічнага насілля. Трэба адразу казаць партнёру, што не падабаецца, прапаноўваць альтэрнатыву. Трэба цвёрда выбудоўваць свае межы і даваць адпор: «так са мной не рабі — гэта зневажальна і недапушчальна».

Загаловак у газеце: Асцярожна: псіхалагічны гвалт!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».