Вы тут

Што рабіць, калі немаўля паспяшалася нарадзіцца


Фёдар нарадзіўся ў 27 тыдняў, важыў 990 грам, Ульяна — у 27 тыдняў з вагой 520 грам, Аляксандра — 25 тыдняў, вага — 840 грам, Лера — 25 тыдняў, вага — 660 грам. Усіх гэтых дзетак выратавалі з дапамогай складаных медыцынскіх механізмаў, дарагіх лекаў і першакласных дактароў. Фёдару цяпер 3 гады, Ульяне — каля 2,5, Аляксандры — амаль 2, Леры — 5 годзікаў. Штогод у Беларусі нараджаецца каля 4,5 тысячы такіх «ранніх» дзетак. 90% з іх выжываюць, а 60% — вырастаюць здаровымі.


Пяць страхаў на кожную паперку

Першыя тыдні і нават месяцы свайго жыцця немаўляты, якія нарадзіліся раней за тэрмін, праводзяць у бальніцах, на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Далей — несупынныя масаж, плаванне, лячэбная фізкультура, заняткі па развіцці псіхікі, эмоцый, інтэлекту і... страх, што дзіця застанецца інвалідам.

Каб дапамагчы бацькам выйсці са стрэсу, зразумець, што адбылося і як клапаціцца пра паспешлівых малых, вясною гэтага года ў Беларусі з'явілася аб'яднанне «Рана». Амаль усе яго сябры — бацькі неданошаных дзетак, якія на ўласным вопыце ведаюць, што гэта такое.

— Тэма неданошаных дзяцей і заўчасных родаў — гэта заўжды шмат статыстычнай інфармацыі: рост, вага, тэрмін гестацыі дзіцяці. Аднак мы хочам паказаць, што неданошаныя — гэта не толькі статыстыка, а рэальныя малыя і сем'і са сваімі гісторыямі: паспяховымі і не вельмі, сем'і, якім неабходна медыцынская і псіхалагічная дапамога і падтрымка, — выказалася Юлія МАКОЎСКАЯ, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання бацькоў неданошаных дзяцей «Рана» (далей — РГА «Рана»).

Інфармацыя — гэта першае, што патрабуецца бацькам немаўлят, якія з'явіліся на свет раней за тэрмін, упэўненая Алена ГРЫГОР'ЕВА, член праўлення РГА «Рана»:

— Бацькі неданошаных дзетак звычайна пачынаюць шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, а там яна можа быць вельмі супярэчлівая і нават дэструктыўная. На адно і тое ж пытанне можна знайсці шмат розных адказаў. І тэматычныя сустрэчы са спецыялістамі, якім мы давяраем, — паратунак у такой сітуацыі.

Арганізацыя ўжо правяла некалькі тэматычных сустрэч з рэабілітолагам, гастраэнтэролагам, акулістам. Плануюцца трэнінгі для бацькоў, для якіх важна не толькі пачуць, што рабіць, але і пабачыць, як гэта трэба рабіць. Ёсць попыт і на індывідуальнае сямейнае кансультаванне. На сайце працуе форум, дзе бацькі кантактуюць і дэталёва дзеляцца вопытам і праблемамі, з якімі яны сутыкаліся. Такім чынам «Рана» здымае псіхалагічнае напружанне бацькоў.

— Мы канцэнтруем нашы веды на ўласным вопыце, які мы як бацькі самі атрымалі, і гэта моцны бок нашай арганізацыі. Плануем выдаваць і друкаваныя матэрыялы, бо мамы і таты хочуць мець паперу, дзе было б у дэталях напісана, як сябе паводзіць і што рабіць. Мой сын нарадзіўся на 30-м тыдні, і яшчэ год таму я была ў бальніцы і шмат што здавалася мне нерэальным. На кожную паперку, што мы атрымалі пры выпісцы, у мяне было па пяць страхаў — што рабіць?! Цяпер мой сын падрос, і я як маці пасталела. Толькі з гэтым дзіцем (а ў мяне ёсць яшчэ і старэйшае) я зразумела, якое гэта дасягненне: умець пераварочвацца, выдаць першы гук, — дадала Алена Грыгор'ева. — Псіхалагічная падтрымка патрабуецца, дарэчы, не толькі бацькам неданошаных дзетак, але і іх бабулям з дзядулямі. Часта яны могуць параіць нешта непатрэбнае маме, пакуль тая ў стане стрэсу, таму стараемся працаваць з усімі членамі сям'і.

Не заставацца з праблемай сам-насам

Практычны досвед членаў арганізацыі «Рана» — неацэнны ўнёсак у развіццё медыцынскай справы, што прызнаюць і медыкі, якія ратуюць немаўлят.

— Мы, напэўна, не валодаем усім аб'ёмам ведаў, які маюць бацькі, што на практыцы асвоілі інфармацыю пра неданошаных дзетак. Такі вопыт набываецца ў працэсе, менавіта таму гэтая арганізацыя такая патрэбная, — выказала меркаванне Валянціна ВАЎЧОК, галоўны педыятр аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі. — Аднак адно павінна быць нязменным: каб парадзіха своечасова была ў адпаведным месцы, бо найлепшы рэанімабіль — гэта мама.

Агляд неданошанага дзіцяці — не складаная рэч і не займае шмат часу, а львіную долю ў ратаванні малога займаюць гутарка з маці і тлумачэнні, што рабіць, лічыць Канстанцін ВІЛЬЧУК, дырэктар РНЦП «Маці і дзіця»:

— На жаль, на псіхалагічную дапамогу ва ўрача часта проста не хапае часу. Грамадскае аб'яднанне запаўняе гэтую нішу. У нас часта пытаюцца, навошта выходжваць такіх дзяцей. Але калі бачыш гэтых малых пасля, праз год ці два — разумееш, што за кожнага трэба змагацца. У 2000 годзе мы ратавалі каля 26% дзяцей, якія нарадзіліся з вагой да кілаграма, а летась выжыла ўжо больш за 75% такіх немаўлят. Частка з іх маюць інваліднасць, аднак узровень яе ў гэтай групе дзяцей не ўзрастае, а спецыяльнае харчаванне дазваляе зніжаць ступень страты здароўя.

Спецыяліст зазначыў, што да кожнага народжанага індывідуальны падыход: у інкубатарах падбіраюцца чахлы, укладкі, інтэнсіўнасць святла, акуляры. Створана аперацыйная для лячэння на ранніх стадыях рэцінапатыі нованароджаных — хвароба вачэй, ад якой пакутуе амаль кожны пяты неданошаны і якая можа скончыцца поўнай слепатой.

— Толькі пра 10% неданошаных немаўлят пры аглядзе адразу можна сказаць, што яны будуць мець праблемы ў далейшым. Як складзецца лёс астатніх — ніхто не спрагназуе першапачаткова, — дадаў ён.

Дабрабыт дзіцяці напрамую залежыць ад сям'і, а не ад медыцыны ці сацыяльных работнікаў. Толькі сям'я можа паўнацэнна выхадзіць дзіця, ніякі дагляд у спецыялізаванай установе не зробіць таго, на што здольны бацькі, упэўнена Алена ЦІТОВА, старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» (ГА «БелАДДІіМІ»).

Алена Цітова — сама маці сына, які 25 гадоў назад нарадзіўся вагой 1,9 кг і два месяцы «падрастаў» у бальніцы:

— Палова з таго, што нам казалі дактары, не апраўдалася, бо немагчыма ведаць, на якія цуды могуць быць здольныя самі дзеці з дапамогай сям'і.

Арганізацыя «БелАДДІіМІ» аб'ядноўвае больш за 2,5 тысячы сем'яў па ўсёй Беларусі. І ў 70% сем'яў, дзе нарадзіліся неданошаныя дзеці, гэтых малых сёння немагчыма адрозніць ад звычайных. Па словах старшыні асацыяцыі, 80% сем'яў — гэта адзінокія мамы, бо «таты сышлі праз тое, што побач не было людзей, якія казалі б пра перспектывы немаўляці, якія б падштурхоўвалі працаваць з малым, якія б матывавалі бацькоў на змаганне». Аднак ёсць прыклады, дзе сем'і з неданошанымі малымі з вельмі цяжкімі парушэннямі застаюцца поўнымі, і ў іх ужо падрастаюць другія і трэція дзеці. Галоўнае — не заставацца сам-насам з праблемай і ведаць, дзе шукаць параду і дапамогу.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Найлепшы рэанімабіль — мама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».