Вы тут

Як Беларусь дапамагае Японіі ў ліквідацыі наступстваў Фукусімы


Беларусь і Японію падзяляе больш за 8 тысяч кіламетраў, рознасць культур і менталітэтаў, узроўняў развіцця эканомікі, моўныя бар'еры і многія іншыя фактары... Але, як высветлілася, вельмі шмат і таго, што аб'ядноўвае нашы краіны. У 1986 годзе Беларусь пацярпела ў выніку тэхнагеннай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, праз 25 гадоў бяда здарылася ў Японіі.


Беларусь была адной з першых краін, якія сутыкнуліся з наступствамі падобнай трагедыі. Валодаючы ўнікальным вопытам у сферы радыяцыйнай медыцыны, неабходнымі для своечасовай дыягностыкі сродкамі, Беларусь паспяшалася аказаць дапамогу Японіі.

Спецыяльная рэабілітацыйная праграма для дзяцей, якія пацярпелі ў выніку радыяцыйнага выпраменьвання пры выбуху на Фукусімскай АЭС, распрацаваная па ўказе Прэзідэнта Беларусі ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне пераадолення наступстваў аварый на атамных электрастанцыях, сёлета адзначае свой пяцігадовы юбілей. З пачатку рэалізацыі праекта (2012 год) дапамогу ў аздараўленні і пераадоленні наступстваў радыяцыйнага выпраменьвання ўжо атрымала больш за 500 чалавек. Толькі ў гэтым годзе на базе НДЦ «Зубраня» санаторна-курортнае лячэнне прайшло амаль 100 дзяцей з прэфектур Міягі і Фукусіма.

Рэабілітацыйная праграма ўключае поўнае медыцынскае абследаванне на базе Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, абследаванне спецыялістамі рухомай радыеметрычнай лабараторыі, а таксама інтэнсіўны курс аздараўленчых мерапрыемстваў, які падбіраецца індывідуальна для кожнага і рэалізуецца на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня».

Праект дапамогі дзецям, якія пацярпелі пры выбуху на Фукусімскай АЭС, ужо атрымаў шырокую вядомасць у Японіі. Толькі сёлета з мэтай развіцця далейшага супрацоўніцтва Беларусь наведалі адразу некалькі незалежных дэлегацый. Адна з іх — на чале з членам Палаты саветнікаў парламента Японіі Масака Моры, якая падкрэсліла: «Ужо многія гады дзеці з Фукусімы прыязджаюць на аздараўленне ў Беларусь. Гэты праект з'явіўся вельмі важным элементам развіцця адносін з Японіяй па ўсіх напрамках: як у плане эканомікі, палітычных адносін, так і ў плане ўсіх астатніх аспектаў супрацоўніцтва».

Па ініцыятыве пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь у супрацоўніцтве з выдавецтвам «Дело (Восток + Запад)» сёлета была заснаваная пазачарговая эксклюзіўная прэмія «Чалавек справы» ў намінацыі «За паспяховае ажыццяўленне дабрачыннага праекта, які ўмацоўвае пазітыўны імідж Беларусі ў свеце». Яе ўладальнікам стаў дырэктар СТАА «Гейм Стрым» Віктар Навачадаў.

...Ацаніць рэальныя наступствы радыяцыйнага выпраменьвання ў выніку аварый на атамных электрастанцыях Чарнобыля і Фукусімы эксперты не бяруцца па цяперашні дзень. Дзякуючы названаму праекту дзясяткі японскіх дзяцей, якія пацярпелі ў выніку радыяцыйнай катастрофы, штогод вяртаюцца з нашай краіны дадому больш шчаслівымі, а сам праект ужо стаў адным з найважнейшых крокаў на шляху да збліжэння Беларусі і Японіі.

Яна Цыдзік

Даведка. 11 сакавіка 2011 года. Буйная радыяцыйная аварыя максімальнага 7-га ўзроўню па Міжнароднай шкале ядзерных падзей адбылася ў Фукусіме ў выніку наймацнейшага ў гісторыі Японіі землятрусу і цунамі, які рушыў за ім. У выніку тэхнагеннай катастрофы больш за 300 тысяч чалавек прызнаныя пацярпелымі і апынуліся ў зоне павышанага ўзроўню радыяцыі.

Сяргей Рахманаў, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі (2011— 2016): «Вельмі важна, што праект своечасова быў падтрыманы на ўзроўні прыватнага бізнесу (з 2015 года ён рэалізуецца пры падтрымцы СТАА «Гейм Стрым». — Аўт.) Людзі, якія гэта зрабілі, мысляць глабальна. Гэтая дапамога была не толькі своечасовай — яна была маштабнай. Гэта вельмі яскравы прыклад, як у нас прынята казаць, дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Калі ідэя — за дзяржавай, а прыватны бізнес яе падтрымлівае і пашырае.

На працягу апошніх пяці гадоў мне даводзілася сустракацца з чыноўнікамі вельмі высокага ўзроўню, уключаючы імператара і імператрыцу Японіі. Яны былі інфармаваныя аб гэтым праекце і таксама вельмі дзякавалі за гэта. Праект адыграў вельмі важную ролю ў развіцці беларуска-японскіх адносін і працягвае адыгрываць. Для таго каб развіваць эканоміку, трэба развіваць гуманітарнае супрацоўніцтва».

Хірокі ТАКУНАГА, пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь: «Ад імя пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь я выказваю глыбокую падзяку за падтрымку гэтага праекта, а таксама спадзяюся на яго працяг у будучыні».

Віктар Навачадаў, дырэктар СТАА «Гейм Стрым»: «Самае страшнае — калі ад радыяцыі пакутуюць дзеці. І каб, па меры магчымасці, хоць у нейкай частцы дапамагчы ім пераадолець страшныя наступствы радыяцыйнага ўздзеяння, мы падтрымалі шматгадовы спонсарскі праект па аздараўленні японскіх дзяцей з Фукусімы ў Беларусі. Калі яны прыязджаюць у нашу краіну, атрымліваюць тут вельмі неабходныя ім догляд, клопат і лячэнне».

Загаловак у газеце: Эканоміка дзяржаў пачынаецца з чалавечнасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.