Вы тут

Названы самыя запатрабаваныя прафесіі


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны назвала самыя запатрабаваныя прафесіі. Рэспубліканскі маніторынг попыту і прапановы на рынку праводзіцца двойчы на год — па стане на 1 чэрвеня і на 1 снежня.


Фота: trud.ru

Так, у гарадах больш за ўсё вакансій сярод спецыялістаў было адкрыта для медыцынскіх сясцёр і ўрачоў — 3136 і 2405 адпаведна. Істотна не хапала фельчараў-лабарантаў (429), фельчараў (314) і інжынераў (311). Неабходны былі таксама выхавальнікі дашкольных устаноў, педагогі, галоўныя бухгалтары, ветэрынары, інспектары. Адметна, што на некаторыя запатрабаваныя вакансіі — рэнтгеналабарант, фармацэўт, мастацкі кіраўнік, інструктар па лячэбнай фізкультуры — увогуле не прэтэндаваў ніводны беспрацоўны з адпаведнай прафесіяй.

Калі казаць пра рабочых, то ў гарадской мясцовасці актыўна шукалі прадаўцоў і швачак — на пачатак чэрвеня было свабодна амаль па паўтары тысячы месцаў. Больш за тысячу прапаноў налічвалася для кіроўцаў аўтамабіляў. Неабходны былі таксама бетоншчыкі (606 вакансій) і муляры (508). Высокі попыт на санітарак, зборшчыкаў абутку, ратавальнікаў-пажарных, кантралёраў-касіраў, маляроў, цырульнікаў.

У сельскай мясцовасці сярод спецыялістаў самыя запатрабаваныя — ветэрынары. Для іх было адкрыта амаль 700 вакансіі. Адчуваўся недахоп у медсёстрах, заатэхніках, інжынерах, бухгалтарах.

З рабочых прафесій у вёсках шукалі трактарыстаў-машыністаў (632 свабодныя працоўныя месцы), аператараў машыннага даення (598), жывёлаводаў (500). Шмат прапаноў работы для кіроўцаў аўтамабіляў і электрагазазваршчыкаў.

Што да незапатрабаваных прафесій, то ў гарадах гэта: дарожныя рабочыя, спецыялісты па кадрах, эканамісты, юрысты, ахоўнікі, адміністратары, паштальёны, кладаўшчыкі. У сельскай мясцовасці мала вакансій для цесляроў, прадаўцоў, слесараў, швачак, укладчыкаў-упакоўшчыкаў.

У міністэрстве адзначаюць, што ў апошні час на рынку працы абазначылася некалькі новых тэндэнцый. Вырас попыт на будаўнічыя спецыяльнасці, павялічылася доля вакансій некваліфікаванай працы (калі ў снежні мінулага года яна складала тры працэнты, то ў сёлетнім чэрвені — 4,1 працэнта). Знізілася таксама колькасць беспрацоўных, якія не маюць прафесіі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ахоўнікі і кладаўшчыкі не патрэбны

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.