Вы тут

Першакурснікі Акадэміі МУС прынялі прысягу


Урачысты рытуал адбыўся на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў сталіцы. Сёлета курсантамі вядучай міліцэйскай ВНУ краіны сталі 512 маладых хлопцаў і дзяўчат. У страі — будучыя афіцэры Міністэрства ўнутраных спраў, дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю — фінансавай міліцыі, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Міністэрства абароны.


На цырымоніі прысутнічала кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў, супрацоўнікі Акадэміі, ветэраны міліцэйскай службы, родныя і блізкія будучых афіцэраў. З прывітальным словам да ўсіх звярнуўся начальнік Акадэміі МУС, генерал-маёр міліцыі Уладзімір БАЧЫЛА:

— У 2017 годзе міліцыя Беларусі адзначыла свой стагадовы юбілей. Перакананы, што застаючыся вернымі прысязе, вы зможаце пераняць слаўныя традыцыі і бясцэнны вопыт, назапашаны папярэднімі пакаленнямі афіцэрскага корпуса нашай Радзімы. Навучаючыся ў Акадэміі, вы не толькі атрымаеце веды па юрыдычных і гуманітарных дысцыплінах, але і станеце фізічна падрыхтаванымі і загартуеце свой характар. Прафесарска-выкладчыцкі і камандны склад прыкладзе ўсе намаганні, каб кожны стаў сапраўдным прафесіяналам і годным грамадзянінам, верным абавязку і Айчыне.

Гісторыя Акадэміі налічвае ўжо практычна 60 гадоў, за гэты час у сценах ВНУ прайшлі падрыхтоўку некалькі дзясяткаў тысяч афіцэраў-юрыстаў. Сярод выпускнікоў Акадэміі МУС — пяць міністраў унутраных спраў Беларусі, у тым ліку і цяперашні міністр, генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч.

Вучоба ў Акадэміі доўжыцца чатыры гады, працуюць факультэты: міліцыі, следча-экспертны, крымінальна-выканаўчы, навукова-педагагічны і факультэт права, таксама адкрыты факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў.

Матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне ВНУ дазваляе атрымліваць не толькі тэарэтычныя веды, але і адпрацоўваць іх на практыцы, у тым ліку, засвойваць апошнія напрацоўкі ў сферы высокіх тэхналогій. Акрамя агульнай для ўсіх універсітэтаў сучаснай базы, у Акадэміі ёсць спецыяльныя пляцоўкі — крыміналістычныя палігоны, вучэбныя палігоны па розных кірунках аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў, фоталабараторыі і крыміналістычныя лабараторыі, кабінеты аўтамабільнай падрыхтоўкі і аўтадром. Нароўні з вучэбнай дзейнасцю міліцэйская Акадэмія, вядомая значнымі спартыўнымі дасягненнямі, а таксама правядзеннем міжнародных і рэспубліканскіх турніраў і конкурсаў, такіх як, напрыклад, Міжнародны конкурс аратарскага майстэрства «Цыцэроній», Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях «Шчыт і меч», Міжнародны конкурс па правах бежанцаў «Новы гарызонт».

Сёлета конкурс у Акадэміі склаў каля двух чалавек на месца. Праверцы ведаў папярэднічаў сур'ёзны адбор па медыцынскіх паказчыках, які змог прайсці далёка не кожны, хто марыў аб службе ў праваахоўных органах. Тыя ж 500 чалавек, якія стойка вытрымалі ўсе іспыты, нарэшце ўчора з гонарам прамовілі словы прысягі. Павіншаваў іх са святочнай падзеяй і сказаў словы на дарогу першы намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі, генерал-маёр міліцыі Іван ПАДГУРСКІ:

— Служба ў праваахоўных органах запатрабуе ад вас асаблівай прафесійнай падрыхтоўкі, стойкасці, вытрымкі і поўнай самааддачы. Вы людзі нялёгкай і мужнай прафесіі. Ва ўсе перыяды станаўлення нашай дзяржавы праваахоўныя органы цвёрда стаялі на варце законнасці і правапарадку. Народ Беларусі з вялікай павагай і даверам адносіцца да людзей у міліцэйскай форме, удзячны за тое, што заўсёды можа разлічваць на абарону, дапамогу і падтрымку.

Ужо з моманту залічэння ў Акадэмію курсанты з'яўляюцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Цэлы месяц да прыняцця прысягі яны правялі на вучэбным зборы, дзе спасцігалі азы міліцэйскай службы, вывучалі агульнавоінскія статуты, асновы агнявой, страявой, прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі і іншыя дысцыпліны. Для многіх гэты перыяд стаў першым працяглым расстаннем з блізкімі, што зрабіла цырымонію асабліва кранальнай. Бо ў родных і сяброў нарэшце з'явілася магчымасць абняць і асабіста павіншаваць будучых праваахоўнікаў з лёсавызначальным крокам у іх жыцці.

Вось і Людміла Быкава, мама аднаго з курсантаў, не змагла стрымаць эмоцыі, відаць, што хвалюецца яна значна больш за сына, які паступіў на факультэт міліцыі, спецыяльнасць аператыўна-вышуковая дзейнасць.

— Для мяне гэта вельмі прэстыжная, значная для грамадства прафесія. Менавіта таму я зрабіў такі выбар, а сям'я мяне цалкам падтрымала. Па першым часе на зборы было нязвыкла, нават хацелася дамоў, але цяпер, набраўшыся сіл і атрымаўшы першы вопыт, хочацца хутчэй прыступіць да вучобы. Мне здаецца, момант прысягі я запомню на ўсё жыццё: адчуў вялікую радасць, гонар і патрыятычны ўздым, — расказаў першакурснік Віталь Быкаў.

Па традыцыі падчас цырымоніі быў вынесены сцяг Акадэміі МУС. Ключар храма Аляксандра Неўскага Дзмітрый Харошка дабраславіў курсантаў і акрапіў іх святой вадой. Завяршыўся ўрачысты рытуал маршам маладых праваахоўнікаў

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На вернасць Радзіме і народу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.