Прапанова даваць педагогам на час работы над падручнікамі творчы адпачынак з захаваннем заработнай платы была агучана падчас Рэспубліканскага педагагічнага савета з удзелам кіраўніка дзяржавы.
— Гэта дазволіла б істотна скараціць працэс падрыхтоўкі новых падручнікаў і станоўча адбілася б на іх якасці, — лічыць старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса ВОЛКАВА.— Акрамя таго, мы гатовы разам з сацыяльнымі партнёрамі прадумаць шэраг дадатковых мер, якія стымулявалі б настаўнікаў-практыкаў удзельнічаць у гэтым працэсе...
— Для мяне падручнік — гэта ікона. Добры падручнік плюс добры настаўнік — гарантыя таго, што любы вучань атрымае веды. І я настойваю, каб добра заплацілі за добры падручнік: хоць настаўніку, хоць акадэміку. А тыя ўжо няхай самі вырашаюць: пакінуць ім асноўную работу і працаваць толькі над падручнікам ці сумяшчаць. Калі вам добра заплацяць, вы будзеце свабодныя ў сваім выбары. Педагогам трэба даць магчымасць выбару, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі па ўзнятай праблеме Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр ЛУКАШЭНКА. — А калі мы прыцягваем да работы над падручнікам настаўніка-практыка — гэта доказ яго найвышэйшага ўзроўню. І плаціць яму трэба па заслугах.
На вялікім педагагічным савеце з удзелам кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся самыя злабадзённыя праблемы адукацыі — сацыяльны статус настаўніка, якасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў у краіне, сістэма павышэння кваліфікацыі педагогаў, высокая загружанасць настаўнікаў, гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года.
Тэму якасці падручнікаў узняла ў сваім выступленні перад удзельнікамі нарады і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства з сярэдняй школы №1 Лагойска Зоя ВІНАГРАДАВА:
— Нацыянальнаму падручніку ўжо больш як 20 гадоў. І калі першыя нацыянальныя падручнікі нярэдка былі вялікія па аб'ёме, складаныя для ўспрымання, не мелі ілюстрацый і картаў, то навучальныя дапаможнікі новага пакалення прыкметна змяніліся ў лепшы бок як па змесце, так і па паліграфічных якасцях. Я хацела б спыніцца на вартасцях сучасных падручнікаў па гісторыі: яны ўтрымліваюць больш якасны метадычны апарат з сістэмай пытанняў і заданняў, што дазваляе якасна арганізаваць дзейнасць вучняў па засваенні вучэбнага матэрыялу з улікам таго, што ў класе вучацца дзеці з рознымі адукацыйнымі магчымасцямі і запытамі, а таксама розным інтарэсам да вывучэння прадмета.
Але працэс удасканалення зместу адукацыі, на думку педагога, пастаянны. У жыццё ўступае новае пакаленне, якое па-іншаму думае, па-іншаму ўспрымае інфармацыю. Таму і падручнікі змяняюцца: прыярытэт за кароткімі, добра структураваным тэкстамі, з інфаграфікай, багатым ілюстрацыйным матэрыялам, які дапаўняе навучальны тэкст.
— Ведаю, што кардынальна змяніліся падручнікі па матэматыцы для 5-га класа, алгебры, геаметрыі, фізіцы для 7-га класа і г. д, дзе ў склад аўтарскіх калектываў увайшлі школьныя настаўнікі. Іх працу складана пераацаніць, як і важнасць экспертызы дзеючых падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, — падкрэсліла Зоя Вінаградава. — Хацелася б адзначыць, што стварэнне добрага, якаснага падручніка — дастаткова доўгі і складаны працэс. Можна яго скараціць, але ці будзе вынік такім, якім мы яго хацелі б бачыць? Ці не спатрэбіцца потым дарабляць, перарабляць і ўдакладняць... І тут мы падыходзім, мабыць, да самага важнага. І з вучэбнай праграмай, і з падручнікам працуе настаўнік. І менавіта ад яго прафесіяналізму залежыць, наколькі даступна, цікава і зразумела ён зможа растлумачыць самую складаную тэму. З'явілася пакаленне, якое вырасла ў свеце бязмежнай інфармацыі. У іх сфарміраваліся новыя адукацыйныя патрэбы і запыты. І яны гатовыя вучыцца па-іншаму. Але што мы можам ім прапанаваць?
Сёння важна навучыць дзіця працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Але для гэтага трэба навучыць і настаўніка, у залежнасці ад спецыфікі вучэбнага прадмета, прыёмам фарміравання ў вучняў некалі вельмі папулярных, а цяпер забытых агульнавучэбных уменняў і навыкаў. І калі на кожным уроку вучань будзе асвойваць прыёмы пошуку і работы з інфармацыяй, прыёмы яе апрацоўкі, аналізу, то на выхадзе са школы мы атрымаем не чалавека-«камп'ютара», які трымае ў галаве ўсе факты, лічбы, правілы, а чалавека мабільнага, гнуткага, грамадзяніна сваёй краіны.
На думку настаўніцы, педагогам сёння патрабуецца веданне псіхалогіі, уменне арганізоўваць работу ў камандзе, кампетэнтна ацэньваць мэтазгоднасць выкарыстання тых ці іншых адукацыйных тэхналогій з пункту гледжання іх уплыву на здароўе навучэнцаў. Напэўна, гэта задача для педагагічных ВНУ і сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў. «Пры распрацоўцы новых падручнікаў выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, з'явіліся падручнікі з інтэрактыўнымі магчымасцямі. Аднак, на жаль, у гэтым пытанні вучні нас ужо абышлі, таму ў сістэме павышэння кваліфікацыі трэба ўдзяліць сур'ёзную ўвагу інфармацыйна-камунікацыйнай адукаванасці настаўнікаў, — упэўнена педагог. — Калі раней актуальнымі былі пытанні «Чаму вучыць?» і «Як вучыць?», то сёння да іх дадаліся новыя «Каго вучыць?» і «Для чаго вучыць?».
— Якія б структурныя змяненні ні адбываліся, усё роўна галоўным гарантам забеспячэння якасці адукацыі з'яўляецца педагог: вельмі шмат залежыць ад яго ўмення «запаліць» вучня, дапамагчы яму раскрыць і рэалізаваць свой патэнцыял, — лічыць рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй КАРОЛЬ. — Для гэтага мы распрацоўваем і ўкараняем у навучальны працэс сучасныя тэхналогіі навучання, арыентаваныя на развіццё пазнавальных, крэатыўных, рэфлексіўных якасцяў асобы студэнтаў, паслядоўна рэалізуем праграму ўдасканалення педагагічнага майстэрства як для выкладчыкаў універсітэта, так і для школьных настаўнікаў праз правядзенне семінараў з агульнай назвай «Як вучыць ўсіх па-рознаму, але аднолькава».
На думку рэктара, трэба павышаць і ролю выпускнікоў магістратуры, якія здольныя больш эфектыўна вырашаць нестандартныя прафесійныя задачы: «У гэтай сувязі даўно наспела неабходнасць унесці змены ў Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых. Напрыклад, толькі педагогі, якія маюць ступень магістра, павінны выкладаць у профільных класах, займаць кіруючыя пасады».
Звярнуў увагу Андрэй Кароль яшчэ на адну актуальную праблему. «Універсітэт у рэгіёне — гэта своеасаблівы фарпост краіны на яе межах. Мушу канстатаваць, што ў апошнія гады ў суседніх з намі замежных універсітэтах мэтанакіравана адкрываюцца праграмы бясплатнага навучання на рускай мове. Таму ўніверсітэты, размешчаныя ў рэгіёнах Беларусі, павінны прадухіліць пагрозу адтоку таленавітай моладзі з краіны і стварыць умовы для самарэалізацыі кожнага маладога грамадзяніна нашай рэспублікі на сваёй радзіме», — заўважыў ён.
Напярэдадні пленарнага пасяджэння ў рамках рэспубліканскага педсавета прайшлі восем профільных секцый. На адной з іх даволі бурна абмяркоўвалася магчымае вяртанне да пяцібальнай сістэмы. Меркаванне абсалютнай большасці прысутных было на карысць захавання дзесяцібальнай сістэмы. Спрачаючыся з прыхільнікам «пяцібалкі», заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ зазначыла: «Вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі — гэта прыкладна тое ж самае, што паляцець у космас на старым возе. Час іншы, дзеці іншыя, патрабаванні іншыя. І мы не проста веды павінны ім даць, а ўніверсальныя кампетэнцыі. Вяртацца назад катэгарычна нельга. Гэта шараханне, гэта спыненне, тормаз, а мы не павінны быць тормазам для сваёй сістэмы, не павінны замаруджваць рух да поспеху нашых вучняў».
Якія яшчэ прапановы былі агучаны падчас работы секцый:
— Адкрыць падрыхтоўку па сучасных педагагічных спецыяльнасцях.
Ужо падрыхтаваны праекты адукацыйных стандартаў пакалення 3+. Іх асаблівасць у прафілізацыі, якая дае магчымасць аператыўна адкрываць новыя запатрабаваныя педагагічныя спецыяльнасці, такія, як ц'ьютар, медыятар, праекціроўшчык адукацыйных рэсурсаў і іншыя.
— Даць магчымасць атрымліваць абітурыентам мэтавае накіраванне на любым прадпрыемстве. Сутнасць навацыі ў тым, што ўзяць мэтавае накіраванне можна будзе ў любой арганізацыі незалежна ад месца яе размяшчэння. Цяпер атрымаць можна толькі ў сельскіх населеных пунктах ці населеных пунктах, дзе пражывае менш за 20 тысяч чалавек. Акрамя таго, мэтавае накіраванне даюць прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання.
— Змяніць сістэму пастаноўкі на ўлік у дзіцячыя садкі. У прыватнасці, гаворка ідзе аб выключэнні працэдуры з пераліку адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі, што дасць магчымасць спрасціць працэс афармлення дзіцяці ў дзіцячую дашкольную ўстанову. Асабліва гэта актуальна для жыхароў сельскай мясцовасці, якім неабходна для пастаноўкі на ўлік ехаць за дзясяткі кіламетраў у горад.
— Фінансаваць частку выдаткаў прыватных устаноў дашкольнай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў (зыходзячы з колькасці дзяцей, якія накіроўваюцца туды мясцовымі органамі ў выпадку адсутнасці свабодных месцаў у дзяржаўных дзіцячых садках).
— Адкрываць групы для дзяцей дашкольнага ўзросту на першых паверхах шматкватэрных дамоў у мікрараёнах-новабудоўлях з наступным іх выкарыстаннем пад іншыя мэты (магазін, аддзяленне банка і г. д.)
— Аптымізаваць віды ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Ствараць навукова-адукацыйна-вытворчыя кластары для забеспячэння якасці падрыхтоўкі прафесіяналаў, якія займаліся б распрацоўкай прафесійных стандартаў, укараненнем перадавых галіновых тэхналогій, незалежнай экспертызай якасці адукацыі і аналізам рынку працы і дынамікі працоўных рэсурсаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Каментары