Вы тут

Лукашэнка сустрэўся з гульцамі і трэнерамі ХК «Дынама—Мінск»


На днях каманда клуба сыграла не вельмі добра, і многія чакалі жорсткай размовы. Але ўсё атрымалася па-іншаму. Кіраўнік дзяржавы проста выканаў сваё ранейшае абяцанне — сустрэцца з гульцамі і трэнерамі клуба.


Фота БЕЛТА

Перш за ўсё — каманда

— Чаму я хацеў перагаварыць з вамі ў пачатку сезона? Я хачу, каб вы з маіх вуснаў пачулі некалькі важных момантаў, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

У першую чаргу ён нагадаў пра тое, што хакей займае адно з вядучых месцаў у сістэме беларускага спорту. І зусім не таму, што кіраўнік дзяржавы — сам аматар гэтай гульні:

— Усе чамусьці гэта звязваюць з тым, што я з клюшкай коўзаюся па лёдзе. Я хачу, каб вы выразна разумелі: я не пазіцыяную сябе як хакеіста. Калі казаць пра маё спартыўнае крэда, я зусім не хакеіст, а футбаліст. Так склалася, што атрымаўшы траўму калена, я стаў займацца хакеем.

— Хакей — гэта калектыўная гульня, гэта вялікая ідэалогія, — падкрэсліў беларускі лідар. — Спорт увогуле — ідэалогія. Вышэй за спорт складана прыдумаць нейкія ідэалагічныя мерапрыемствы. Таму што глядзяць спартыўныя спаборніцтвы мільёны, а ў свеце — мільярды людзей. І калі каманда выйграе, калі каманда годна выступае, не трэба народ агітаваць на нешта, дух узнімаецца. У савецкія часы падлічвалі, што прадукцыйнасць працы пасля таго, як хакейная каманда выйгравала, паднімалася значна. Вось сутнасць спорту, і я гэта вельмі разумею, ацэньваю і прызнаю.

Асноўны спонсар айчыннага хакея — дзяржава. Але, падкрэсліў Прэзідэнт, — грошы ў гульні — далёка не самае галоўнае. Галоўнае — людзі, балельшчыкі і адказнасць перад імі каманды.

— Думаю, вам не трэба расказваць, з якім настроем яны сыходзяць, калі вы прайграяце, а яшчэ горш, калі вы не паказваеце нармальнай гульні, — адзначыў кіраўнік краіны. — Я часта спартсменам кажу сёння: спорт — гэта не барацьба. Сёння спорт — гэта вайна, якая набыла характар палітычны. І вы таксама, хочаце гэтага ці не, становіцеся вельмі моцнымі палітычнымі гульцамі. Вось гэта галоўнае, што я хацеў давесці да вас. Я вас вельмі прасіў бы, каб вы цанілі настрой, той боль, які перажываюць вашы сапраўдныя балельшчыкі, калі вы дрэнна гуляеце.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў:

— Каманды пакуль, на жаль, няма. Сказаць, што вы ўвогуле нічога не можаце, я не магу. Вы можаце іграць, але гульня абсалютна няроўная, не камандная. Думаю, галоўная тут прычына ў тым, што вы не гатовыя перш за ўсё псіхалагічна.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў гульцоў як мага хутчэй стаць сапраўдным арганізмам, камандай. Ён паабяцаў, што калі гульня будзе сапраўды добрай, дзяржава для каманды не пашкадуе нічога.

Грошы — за вынік

Асобна — пра матэрыяльныя пытанні, якія, як правіла, выклікаюць найбольшую цікавасць. Кіраўнік дзяржавы нядаўна агучваў гэты тэзіс у тым ліку і ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Учора паўтарыў яшчэ раз: грашовыя выплаты спартсменам і трэнерам павінны быць прывязаны да канкрэтнага выніку. Усе, хто працуе ў камандзе і на каманду, не павінны быць пакрыўджаны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

— Мы выбудавалі сістэму матэрыяльнага і грашовага забеспячэння хакеістаў. Гэта будзе ў любым відзе спорту, гульнявым перш за ўсё, — адзначыў Прэзідэнт. — Асноўныя кантракты і зарплата будуць у «Дынама» і тых, хто гуляе за нацыянальную зборную. Там будуць прыстойныя грошы. Усе астатнія павінны зарабляць у клубах столькі, каб нармальна працаваць, таму што спорт — гэта праца, і нармальна жыць, таму што сем'і ёсць. Але не 19 тысяч долараў у месяц, як некаторыя трэнеры мелі сярэднюю зарплату па мінулым сезоне, не займаючы першага месца.

Па новай сістэме, калі хакеіст у экстралізе заняў першае месца, то яго гадавая зарплата павінна, напрыклад, падвоіцца.

— За першае месца — 100-працэнтнае павелічэнне. За другое, дапусцім, 80%. За трэцяе месца — 60% і гэтак далей. Але ўсё будзе нацэлена на вынік. Нельга плаціць усім пароўну. Гэта крыўдзіць лепшых спартсменаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Грошы трэба зарабляць і адпрацоўваць. Такі мой прынцыповы падыход.

Калі грошы заробленыя за кошт нейкіх іншых відаў дзейнасці, спонсарскіх сродкаў, то яны будуць належаць выключна клубу і іх можна будзе накіроўваць у тым ліку на матэрыяльнае стымуляванне.

— Гэта вашы грошы, і вы, калі ласка, аддайце камандзе, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І падзяліце паміж сабой. Гэта вашы грошы, ніхто да іх не дакранецца. Я вам публічна пра гэта кажу.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Палітыкі на лёдзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?