Вы тут

На Гродзеншчыне ўзровень прыдатнасці юнакоў да службы знізіўся на 20%


У Гродзенскай вобласці узровень прыдатнасці юнакоў да воінскай службы знізіўся на 20%.

Хоць праз прызыўныя камісіі сёлета прайшло больш за пяць тысяч юнакоў, у рады Узброеных Сіл трапіла толькі 1400 чалавек. А гэта на паўтары сотні менш даведзенага плана. Прычыны недабору розныя. Гэта і недастатковая колькасць прызыўных рэсурсаў, і вялікі працэнт адтэрміноўкі (72%), і вялікая колькасць тых, хто мае праблемы са здароўем.


Абы «адкасіць»

З'явілася і новая тэндэнцыя. Некаторыя з тых, хто не жадае служыць, але не мае адпаведных падстаў для гэтага, знайшлі нечаканае выйсце. Напрыклад, падчас вясновага прызыву некалькі маладых людзей у стане моцнага алкагольнага ап'янення атрымалі адміністрацыйныя пакаранні. І гэта адбылося літаральна перад адпраўкай. Такі кураж дазволіў ім трапіць у разрад тых прызыўнікоў, якім не рэкамендавана служба ў арміі. На думку намесніка начальніка ваеннага камісарыята Аляксандра Вянсковіча, гэта не што іншае, як ухіленне ад прызыву. Ён лічыць, што новая з'ява можа распаўсюдзіцца, і гэты паток трэба як мага хутчэй спыніць.

Разам з тым у армію не павінны трапіць асобы, якія пакутуюць на залежнасць ад алкаголю. Так атрымалася з Андрэем К. Хлопец падчас прызыўной кампаніі атрымаў неблагую характарыстыку ад участковага міліцыянера, родныя пацвердзілі, што ён не злоўжывае спіртным. У выніку 25-гадовы прызыўнік быў адпраўлены выконваць свой воінскі абавязак. Але ўжо на другі дзень у яго праявіўся сіндром алкагольнай залежнасці. Аказалася, што ён з 15 гадоў пачаў злоўжываць спіртным. Праходзіў стацыянарнае лячэнне ад алкагалізму. Ездзіў на невялікі тэрмін на работу ў Маскву, пасля чаго некалькі тыдняў не «прасыхаў». А свае провады ў армію адзначаў два тыдні. У рэшце рэшт хлопца прыйшлося адправіць на лячэнне.

З прычыны алкагольнай залежнасці не прызнаны годнымі да службы 354 прызыўнікі, і гэтая лічба павялічваецца. У некаторых раёнах яна вырасла ў два разы. Аляксандр Вянсковіч лічыць, што гэту праблему нельга замоўчваць.

Каму — суды, каму — альтэрнатыва

Прызыўнікі пачалі скардзіцца ў суд. Раней да гэтай інстанцыі справа не даходзіла. Цяпер жа, калі юнак не згодны з высновамі прызыўной камісіі, ён звяртаецца ў суд. Напрыклад, гэтай вясной было пададзена 14 скаргаў, з іх 13 — ад жыхароў Гродна. Пасля разгляду справы суд у 12 выпадках пакінуў рашэнне прызыўных камісій у сіле. Гэта значыць, што прызыўнікі не маюць права «адкасіць» ад арміі. Зараз у судзе разглядаюцца яшчэ дзве падобныя справы.

Амаль паўтысячы прызыўнікоў зніклі з поля зроку ваенкаматаў. Як відаць, яны працуюць дзесьці за мяжой, і ўручыць ім павесткі немагчыма.

Некалькі пашырана кола прызыўнікоў, дзякуючы альтэрнатыўнай службе. Праўда, ахвотных не так многа, і колькасць іх у гэтым годзе зменшылася больш чым напалову. Калі ў мінулым прызыве было накіравана 16 чалавек, то сёлета толькі шэсць. Прычым некаторыя адмаўляліся ад альтэрнатывы ўжо ў працэсе службы і пераходзілі з працоўнай на ваенную. Тым не менш альтэрнатыўны варыянт дае магчымасць юнакам-пацыфістам выканаць свой воінскі абавязак, лічаць у ваенкамаце.

Калі віртуальны танк замяняе баявы

Па словах першага намесніка начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Наталлі Антановіч, у сёлетнім прызыве спатрэбілася вельмі шмат дадатковых абследаванняў, у тым ліку спецыялістаў-псіхіятраў. А гэта падоўжыла працэс адпраўкі. Маладыя людзі з праблемамі псіхічнага і паводзінскага расстройства складаюць амаль 30% ад колькасці часова непрыдатных.

Загадчык аддзялення Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Ігар Ляляўка паведаміў, што за мінулы год было абследавана каля дзвюх тысяч прызыўнікоў, з якіх 70—80 % прызнаюцца здаровымі. Разам з тым за апошнія гады павялічылася колькасць асоб, якія могуць прызнацца часова непрыдатнымі толькі з-за таго, што не жадаюць служыць у арміі. Маўляў, не бачаць у гэтым сэнсу. Асабліва, калі ёсць сям'я, добрая праца...

— І гэты малады чалавек так і гаворыць: я не хачу служыць, я за сябе не адказваю, — расказвае Ігар Ляляўка, — і тады з ваенкамата такіх хлопцаў адпраўляюць да нас на камісію. Мы прымаем рашэнне правесці такіх пацыентаў праз стацыянар. У рэшце рэшт некаторым рэкамендуем адтэрміноўку.

Спецыялісты адзначаюць некалькі тыпаў расстройстваў паводзін. Значную групу складаюць узрушаныя асобы, калі чалавек хутка становіцца агрэсіўным, лёгка выходзіць з сябе, «успыхвае». Але зараз пачынае пераважаць група так званых замкнутых, інфантыльных, хатніх хлопчыкаў, якія не вылазяць з камп'ютараў.

Напрыклад, скончыў такі юнак факультэт інфарматыкі, сяброў не мае, сябровак таксама, усё яго жыццё праходзіць у віртуальнай прасторы. Арміі такія юнакі баяцца, губляюцца, бо гэта іншы свет. Ігар Ляляўка расказаў пра маладога пацыента прызыўнога ўзросту, які стаў прызёрам вядомай гульні «вайна танкаў», але не мае жадання ўбачыць рэальны танк. Сіндром залежнасці ад усялякіх гаджэтаў становіцца важным фактарам непрыдатнасці да службы ў арміі.

Не возьмуць у армію і тых, хто хоць раз перанес псіхоз на фоне псіхатропных і наркатычных рэчываў.

Дзе ўзяць рэсурс?

Цяпер у клінічным цэнтры абследуюцца тыя, каму прыйшла павестка на восеньскі прызыў. У кабінет ужо зайшоў хударлявы, невысокі хлопец. Паводзіць сябе вельмі сцішана.
У псіхдыспансер накіраваны з той простай прычыны, што не жадае служыць. На пытанне, чаму не хоча выконваць свой грамадзянскі абавязак, адказвае прымітыўна: ужо позна (24 гады). Лічыць, што армія — гэта дарэмна страчаны час. Чаго ж ён дабіўся за гэты час? Цэлы арсенал «дасягненняў»: стаяў на ўліку ў міліцыі, быў адлічаны з каледжа, потым — умоўны тэрмін пакарання, не працуе. Сапраўды, ёсць што губляць... Цікаўлюся, які яму будзе прысуд?

— У першую чаргу аформім на стацыянарнае абследаванне, — кажа Ігар Ляляўка, — рызыка ў адпраўцы такіх, як ён, у армію, высокая. Як даць яму ў рукі зброю? Ён можа паводзіць сябе неадэкватна. Мы не можам браць на сябе адказнасць...

Падумалася: а чаму б такіх юнакоў не адпраўляць на альтэрнатыўную службу? Армію ніхто не адмяняў, а карысці ад гэтага можа і прыбавіцца. Зрэшты, у праблеме прыдатнасці да службы ёсць рэсурс, лічыць Аляксандр Вянсковіч. На яго думку, трэба «весці» прызыўніка ад прыпіскі да прызыву. Заўважана, што з гадамі хлопец толькі «губляе»здароўе. Таму ў першую чаргу будзе звернута ўвага на выяўленне хранічных захворванняў, якія ў значнай ступені прыводзяць да непрыдатнасці да службы ў арміі.

Што датычыцца чарговага прызыву, тут чакаецца новы падыход. У Міністэрстве абароны распрацавана спецыяльная праграма прафесійна-псіхалагічнага адбору, якая прадугледжвае наяўнасць псіхолага ў кожным раёне, паведаміў Аляксандр Вянсковіч. Раней гэта было неабавязкова. У чарговым прызыве не будуць прымаць удзел вайсковыя часці, як было раней. Усю работу па адборы і адпраўцы прызыўнікоў правядуць самі ваенкаматы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Недабор у... армію

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.