Аб гэтым заявіў сакратар ЦК БРСМ, каардынатар праекта Дзмітрый ТУРОНАК. Ва ўжо традыцыйным мерапрыемстве для працуючай моладзі, якое прайшло з 25 па 27 жніўня, прыняло ўдзел больш за 800 чалавек. Гэта дваццаць спартыўных камандаў, эксперты ў розных галінах, а таксама госці фестывалю. Удзельнікі сабраліся на беразе маляўнічай ракі Іслач у Валожынскім раёне, каб паспрабаваць свае сілы ў розных спартыўных спаборніцтвах, а таксама наведаць адукацыйныя пляцоўкі.
Удзельнікі фестывалю паспаборнічалі ў футболе, баскетболе, перацягванні каната, дартсе, гіравым спорце, пешаходным турызме, а таксама ўпершыню — у экстрым-сплаве на байдарках. Нягледзячы на шырокі спартыўны складнік, цэнтральнае месца ў фестывалі было адведзена адукацыйнаму блоку. Акцэнт быў зроблены менавіта на навучанні маладых людзей, чаму спрыялі розныя трэнінгі, сесіі, майстар-класы і інтэлектуальныя турніры.
Урачыстае адкрыццё адбылося пры ўдзеле міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай, членаў Савета Рэспублікі, а таксама першага сакратара ЦК БРСМ Андрэя Белякова.
— Маладосць — гэта не толькі ўзрост, але і тое, што чалавек нясе ў сваім сэрцы. Таму ўсе, хто прыязджае на гэты фестываль, — гэта людзі, маладыя сваімі справамі і памкненнямі, — сказала міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Я лічу, што рэалізавацца ў жыцці можна толькі тады, калі актыўна працуеш у соцыуме. Калі працуеш і на сябе, і на краіну — толькі тады ўсё атрымаецца.
На адкрыцці фестывалю да маладых людзей звярнулася і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія ЯРМОШЫНА. «Тут як быццам існуе свой мікраклімат, тут заўсёды цёпла. Я думаю, што энергія тых маладых сэрцаў, якія прыехалі сюды, разганяе хмары над Валожынскім раёнам і стварае цудоўную атмасферу, — з упэўненасцю заявіла Лідзія Ярмошына. — БРСМ за названы перыяд змог эфектыўна асвоіць нішу маладзёжных грамадскіх арганізацый».
Адразу пасля заканчэння афіцыйнай цырымоніі адкрыцця адбылася галоўная адукацыйная падзея мерапрыемства — адкрыты дыялог запрошаных экспертаў і ўдзельнікаў «Алімпіі-2017» на тэму «Бітва за моладзь: паміж інфармацыяй і прапагандай».
Падчас дыялогу міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што жыхары нашай краіны сталі больш выбарачна ставіцца да інфармацыі ў інтэрнэце. Этап насычэння ў перспектыве абавязкова зменіцца этапам асэнсавання. «Навошта патрэбен інтэрнэт? Што карыстальнік хоча там атрымаць? Вы хочаце прафесійную інфармацыю, знайсці сяброў, абмяняцца меркаваннем? Сёння ў грамадстве і дзяржаве ідуць глыбокія працэсы асэнсавання ролі і значэння інтэрнэт-тэхналогій у развіцці інфармацыйнай сферы», — падкрэсліла міністр. Лілія Ананіч таксама дадала, што сёння Міністэрства інфармацыі аналізуе міжнародны вопыт і бачыць неабходнасць удасканальваць заканадаўства ў сферы інтэрнэт-інфармавання.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.