Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспехі весляроў на планетарным першынстве, падводзім вынікі адкрытага чэмпіянату краіны па летнім фрыстайле і першай дамашняй серыі мінскага «Дынама» ў новым сезоне Кантынентальнай
хакейнай лігі.


1. Шэсць медалёў заваявалі нашы спартсмены на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ.

Залатыя ўзнагароды на рахунку Вольгі Худзенкі і Арцёма Козыра, на трэцюю прыступку п'едэстала падняліся ў каноэ-двойцы на 500 м Алена Наздрова і Каміла Бобр, у байдарцы-двойцы на 500 м Раман Петрушэнка і Віталь Бялько, а таксама канаіст Максім Пятроў. У заключным відзе праграмы на 5000 м Алег Юрэня таксама стаў трэцім.

У агульным медальным заліку падапечныя Уладзіміра Шантаровіча размясціліся на восьмым месцы. Першая пазіцыя ў весляроў з Германіі — 12 узнагарод (6 залатых, 5 сярэбраных і 1 бронзавая).


2. Алімпійскія чэмпіёны Сочы па фрыстайле Антон Кушнір і Ала Цупер перамаглі ў адкрытым чэмпіянаце Беларусі па скачках на лыжах у ваду.

Спаборніцтвы прайшлі ў спарткомплексе «Фрыстайл» у Мінску. У турніры прынялі ўдзел спартсмены з Беларусі, Расіі, Швейцарыі, ЗША, Казахстана, Вялікабрытаніі і Германіі.

Яшчэ адзін беларус Станіслаў Гладчанка стаў бронзавым прызёрам. Сярод жанчын акрамя Алы Цупер на п'едэстал падняліся Аляксандра Раманоўская і Ганна Гуськова. Адзначым, што адкрыты чэмпіянат краіны з'яўляецца важным этапам падрыхтоўкі нашай зборнай да зімовага алімпійскага сезона. Ён пачнецца ў снежні ў Кітаі, а турнір на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане пройдзе з 15 па 18 лютага.


3. Легкаатлеткі Ірына Жук і Эльвіра Герман заваявалі «золата» і «серабро» адпаведна на Сусветнай універсіядзе ў Тайбэі.

У скачках з шастом Ірына Жук узяла вышыню 4 м 40 см і стала першай. Бягуння Эльвіра Герман на дыстанцыі 100 м з бар'ерамі паказала вынік — 13,17 сек.

Наогул, на рахунку беларускай студэнцкай зборнай у Тайбэі сем узнагарод: тры залатыя і чатыры сярэбраныя. На найвышэйшую прыступку п'едэстала акрамя Ірыны Жук двойчы ўздымаўся плывец Ілья Шымановіч. Сярэбраныя медалі ў Эльвіры Герман, Ганны Малышчык, Паўла Барэйшы і цяжкаатлеткі Дар'і Навумавай. Турнір завершыцца 30 жніўня.

Тым часам Аліна Талай з уласным лепшым вынікам у сезоне заняла трэцяе месца на турніры катэгорыі «Чэлендж» у Берліне. Дыстанцыю 100 м з бар'ерамі яна пераадолела за 12,72 сек.


4. На старце сезона хакеісты мінскага «Дынама» атрымалі тры паражэнні.

Спачатку прайгралі фінскаму «Ёкерыту» з буйным лікам 1:6, затым мінімальна саступілі «Віцязю» 0:1 і завяршылі дамашнюю серыю пройгрышам у авертайме маскоўскаму ЦСКА — 1:2.

— Безумоўна, хацелася набраць больш ачкоў. Акрамя першага, прайгранага «Ёкерыту» матча, наступныя шэсць перыядаў былі добрыя. Мы павінны прымаць лепшае з таго, што здарылася. Цяпер у нас пяць матчаў на выездзе, і трэба дадаваць ад гульні да гульні. Думаю, будзем заваёўваць свае ачкі, — пракаментаваў вынік галоўны трэнер мінскага «Дынама» Гордзі Дуаер.

Далей «зуброў» чакаюць гульні на выездзе, 30 жніўня ў Браціславе яны сустрэнуцца са «Слованам», а 2 верасня з маскоўскім «Спартаком».


5. Лідар зборнай краіны па сучасным пяцібор'і Настасся Пракапенка заваявала бронзавы медаль на чэмпіянаце свету ў Каіры.

Апярэдзіць яе змаглі Гульназ Губайдуліна з Расіі і Сафія Фолдашы з Венгрыі.

Для Настассі Пракапенкі гэта першы асабісты медаль на сусветных форумах. У бягучым сезоне яна таксама выступіла на дамашнім чэмпіянаце Еўропы, дзе заваявала «золата».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Такое веславанне нам падабаецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».