Вы тут

Чаму інтэр'ерны дызайн у Беларусі па-за прававым полем?


Гульня слоў у назве вядомай кнігі псіхолага Джона Грэя як мага лепш падыходзіць для апісання адносін дызайнераў інтэр'ера і іх кліентаў. Па ўсім свеце яны спрабуюць знайсці агульную мову ў стварэнні ўнутранага камфорту ў кватэры, доме, офісе. Часам у іх гэта атрымліваецца, часам не — што цалкам нармальна. Адзін хоча сёе, другі — тое... Наша краіна тут не выключэнне. Вылучаецца яна пакуль што ў юрыдычным аспекце ўзаемаадносін двух бакоў. Так склалася, што сёння інтэр'ерны дызайн у Беларусі па-за прававым полем. Няма рэгламенту, няма тэрміналогіі, няма нарматыўных дакументаў. У выніку атрымліваецца, што спрэчку паміж дызайнерам і кліентам вырашыць будзе цяжка ці нават немагчыма. Што рабіць?


Спецыялісты ёсць, а паняцця няма

Дызайнеры кажуць: «спытай у пяці кліентаў, што такое дызайн-праект і атрымаеш пяць розных адказаў». Дырэктар студыі архітэктуры і інтэр'ера «Нота Бэнэ» Таццяна Анціпава лічыць, што праблема заключаецца ў тым, што сёння ў заканадаўстве краіны адсутнічаюць паняцці «дызайн-праект», «дызайн інтэр'ера», а значыць, і разуменне зместу і прызначэння гэтага віду дзейнасці і яго вынікаў. Атрымліваецца, што першапачаткова кліент і дызайнер, аперыруюць рознымі паняццямі і не ведаюць, чаго хочуць адзін ад аднаго. Часта гэта прыводзіць да канфліктных сітуацый. «А калі ўзаемаадносіны выходзяць за рамкі дызайнер—заказчык, абодва бакі сутыкаюцца з праблемай неабароненасці сваіх інтарэсаў, таму што ў прававым полі зноў жа няма разумення тэрміна, які датычыцца дызайну», — тлумачыць Таццяна Анціпава і адзначае, што практычна кожны трэці заказчык, які прыходзіць у яе студыю архітэктуры, ужо мае негатыўны досвед работы з дызайнерамі інтэр'ера ў мінулым.

«Без літары закона дагавор на дызайн-праектаванне афармляецца як дагавор на прадастаўленне паслуг. Гэта адбываецца па аналогіі з тым, як афармляюцца бухгалтарскія, аўдытарскія паслугі або рэпетытарства. У Грамадзянскім кодэксе ўсяго адна глава рэгулюе адносіны ў працэсе аказання паслуг, якая ўжываецца ва ўсіх выпадках без уліку спецыфікі», — адзначыў юрыст у галіне дызайн-праектавання Сяргей Зікрацкі.

Пры гэтым сёння толькі ў сталіцы каля 2000 дызайнераў інтэр'ера. Навучальныя ўстановы выпускаюць на рынак сотні спецыялістаў штогод, а выканкамы працягваюць рэгістраваць гэты від дзейнасці. Дзяржаўная праграма «Будаўніцтва жылля» на 2016—2020 гады, якую зацвердзілі ў Савеце Міністраў, паказвае ўстойлівую тэндэнцыю росту цікавасці грамадзян да будаўніцтва індывідуальнага жылля. Да 2020 года плануецца пабудаваць яшчэ 18 мільёнаў квадратных метраў жылля па дзяржпраграме. Спецыялісты канстатуюць, што паслуга ў галіне дызайну інтэр'ераў запатрабаваная, рынак развіваецца, а з пункту гледжання закона — сферы проста няма. Пры гэтым, калі няма паняцця дызайн заканадаўча, то гэта азначае, што і мэты дызайну размытыя. Правяраць кваліфікацыю дызайнераў таксама складана, бо ніхто не атэстуе іх. Акрамя таго, кантроль кошту паслуг недасканалы і цалкам не можа рэгулявацца.

У напрамку выйсця

Для вырашэння актуальных пытанняў, барацьбы з непрафесіяналамі, практыкуючыя спецыялісты сферы выступаюць за стварэнне Асацыяцыі дызайнераў інтэр'ера прадметна-прасторавага асяроддзя. Асацыяцыя возьме на сябе ролю рэгулятара дзейнасці дызайнераў, асаблівасцяў арганізацыі бізнес-працэсаў і пабудовы ўзаемаадносін з заказчыкам. Прафесійная супольнасць зможа сістэматызаваць прафесію, сфарміраваць адзіныя правілы, погляды. Актыўнымі ініцыятарамі і заснавальнікамі Асацыяцыі выступілі студыя архітэктуры і інтэр'ера «Нота Бэнэ» і студыя архітэктуры і дызайну «Чацвёрты квартал», якія займаюць ключавыя пазіцыі на рынку інтэр'ернага дызайну краіны.

«На ўзроўні Асацыяцыі спецыялісты змогуць прапанаваць шаблон дагавора на паслугу дызайн-праектавання, які стане залогам прадуктыўнага і празрыстага супрацоўніцтва ўсіх бакоў. Таксама з'явіцца магчымасць аказваць кансультацыйныя паслугі, юрыдычную падтрымку, выпрацаваць рэкамендаваныя цэны», — адзначыў дызайнер, архітэктар Аляксандр Трусаў. На яго думку, сёння ёсць неабходнасць сістэматызаваць саму прафесію, пазначыць функцыі дызайнера інтэр'ера. «Станаўленне прафесіянала не павінна спыняцца пасля атрымання профільнай адукацыі. Акрамя ведаў у творчай вобласці, дызайнер павінен мець уяўленне аб этапах будаўніцтва, аддзелачных матэрыялах, ведаць заканадаўства ў праектаванні. Бесперапыннае навучанне таксама ўвойдзе ў задачы Асацыяцыі», — дадаў Аляксандр Трусаў.

У сярэдзіне жніўня зацікаўленыя бакі падпісалі мемарандум аб стварэнні Асацыяцыі. Гэта першы крок на шляху надання гэтаму кірунку прававых паўнамоцтваў і рэгулявання.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дызайнеры з Венеры, а заказчыкі з Марса

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».