Вы тут

Жыццёвыя байкі прамысловых альпіністаў


Яны ніколі не хадзілі ў горы, аднак прафесійна караскаюцца па сценах і дахах. Уцяпляюць, фарбуюць, мыюць фасады дамоў летам, збіваюць ледзяшы са стрэх узімку, а здараецца... і ратуюць людзей. Прамысловыя альпіністы працуюць, гадзінамі вісячы на абвязках каля сцен дамоў. Жыхары рэагуюць на іх па-рознаму: хтосьці праз акно талерку супу прапануе, а хтосьці ножыкам спрабуе вяроўку перарэзаць.


Рэакцыя жыхароў на будаўнічых альпіністаў можа быць і такой замілаванай.

Дзядуля з дубальтоўкай і голая дзяўчына

Штодзённую рызыку на вышыні хлопцы не ўспрымаюць як нешта асаблівае — для іх гэта звычайная праца, якая акрамя грошай прыносіць маральнае задавальненне. У кожнага свая вяроўка, абвязка, сядушка. Альпіністы, як і парашутысты, самі сочаць за станам уласнай амуніцыі. Перад пачаткам работы некалькі разоў пераправераць вузлы, бо ад іх моцы і правільнасці залежыць жыццё, асабліва калі пад табой 60 метраў паветра (вышыня 20-павярховіка).

— Няважна, другі гэта паверх ці 20-ы. Перад табой проста сцяна, і ты робіш сваю працу, — кажа Дзмітрый КАЗІМІРСКІ, альпініст з 14-гадовым стажам. — Мы звыклыя да вышыні і ўспрымаем яе па прынцыпе «проста даўжэй спускацца». Аднак той, хто не баіцца, — дурань.

— У нашай брыгадзе быў хлопец, які панічна баяўся вышыні, не мог з краю даха ўніз паглядзець, адразу галава кружылася, але сціскаў зубы і працаваў нармальна, — дадае Аляксей КУЛЯШОЎ, які на вышыні працуе сёмы год.Хаця калі падумаць, то ты прывязаны на дзвюх вяроўках, тэарэтычна з табой нічога здарыцца не можа. Каб выпасці з сядушкі, трэба яшчэ пастарацца. А вузлы, якія мы вяжам, здараецца, і не адразу развяжаш пасля працы.

Альпіністы не крыўдуюць на жыхароў, бо ўжо прывыклі да рознай рэакцыі. Адны бачаць у чалавеку, які вісіць за іх акном, злодзея і імкнуцца выклікаць міліцыю (бывала, і прыязджалі яе супрацоўнікі), а другія ўсміхаюцца і працягваюць праз акно кубачак кавы. Некаторыя скардзяцца, што работнікі шумяць, іншыя радуюцца, што над іх домам працуюць.

— І пагрозы чуем, і падзяку, прызвычаіліся ўжо. Хто рукой памахае, а хто шторы завесіць, — расказвае Дзмітрый. — Аднойчы я спускаўся паміж паверхамі і ў акне ўбачыў аголеную дзяўчыну. Збянтэжыўся, нібыта падглядаю, а яна проста ўсміхнулася і далей ляжыць. А адна жанчына мяне не адпусціла ад свайго акна, пакуль я талерку супу не з'еў. Яна сама на будоўлі працуе і так пра мяне паклапацілася.

Некаторых людзей альпіністы палохаюць, а іншыя жыхары, наадварот, заўзята імкнуцца абараніць жыллё ад «злодзеяў».

— Дзяўчына чысціла бульбу на кухні, убачыла мае ногі ў фортку і з крыкам збегла з пакоя, — успамінае Дзіма. — А колькі раз нам паказвалі нажы і крычалі, што вяроўку перарэжуць, у асноўным п'яныя, вядома... А аднойчы дзед расчыніў акно і з дубальтоўкі цэліўся — ледзьве яго супакоілі.

Альпіністы свабодна адчуваюць сябе на вышыні, могуць нават пагушкацца, як на арэлях.

Два тыдні — і ты на вышыні?

Кваліфікацыю прамысловага альпініста можна атрымаць пасля двухтыднёвых заняткаў на курсах у Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Дзмітрый Казімірскі, напрыклад, яшчэ падчас вучобы ў школе некалькі гадоў займаўся ў турыстычнай секцыі. Малыя хадзілі ў паходы, асвойваліся ў лесе і... вучыліся карыстацца вяроўкамі, нацягвалі іх, імітуючы пераправу цераз раку, вязалі вузлы. Адсюль і навыкі.

— Я, пэўна, і да курсаў ведаў больш, чым даведаўся на іх, — смяецца ён. — Аднак пры той падрыхтоўцы, што там вядзецца, можна за два тыдні з нуля асвоіць майстэрства альпініста. Але ж пры гэтым трэба яшчэ і будаўнічую спецыяльнасць мець. Ну зможаш ты спусціцца па сцяне, а тынкаваць ці шпакляваць як, калі не ўмееш? Я будаўнічай справе вучыўся пакрысе. Раней на якую-небудзь работу (напрыклад, адліў замяніць пад акном) паўдня патрабавалася, цяпер 10—15 хвілін дастаткова.

Аляксей Куляшоў прыйшоў на вышыню з-за баранкі аўтобуса:

— Адвучыўся два тыдні на курсах — і ў добры шлях, сцены фарбаваць. А будаўнічую базу дома напрацаваў, усё раблю сам, да будаўнікоў не звяртаюся.

Андрэй ГАРУС ведае, што такое прамысловы альпінізм, з дзяцінства, бо гэтым займаўся яго бацька.

— Ён мяне яшчэ ў школе навучыў вузлы вязаць, так што пасля арміі таксама ў альпіністы падаўся. Не бачу нічога небяспечнага ў працы на вышыні. Калі ў мяне будзе сын і захоча займацца тым жа, супраць не буду, галоўнае, каб яму гэта падабалася.

Прамысловы альпініст з кожнай гадзіны павінен працаваць 45 хвілін і 15 — адпачываць. Хлопцы стараюцца заспець добрае надвор'е, каб больш зрабіць, бо зарплата здзельная. А таксама выканаць асабліва шумныя работы (калі, скажам, да фасада трэба прыкруціць уцяпляльнік) да дазволенага часу, бо пасля пяці і па выхадных такое рабіць нельга.

Злева направа: Аляксей Куляшоў, Андрэй ГАРУС, Сяргей ШМАТКОЎ і Дзмітрый КАЗІМІРСКІ.

Вецер, сонца і... ледзяшы

Хлопцы здольныя выканаць любую работу на вышыні. Акрамя фарбавання, уцяплення і мыцця фасада яны могуць прымацаваць на ім шыльду ці кандыцыянер, павесіць гірлянду, зафарбаваць надпіс на сцяне. Аднойчы, кажуць, нават на вышку лазілі сцягі здымаць. Больш за ўсё ім падабаецца ўцяпленне, а вось мыццё — значна менш, бо «калі трэба тэрмінова памыць фасад перад афабоўкай, а надвор'е ўжо халоднае, непрыемна: як ад пырскаў ні хавайся, усё роўна пад іх трапіш».

Працаваць альпіністы пачынаюць, калі паветра на вуліцы награецца да +5 °С. Калі тэмпература ніжэйшая — дом не ўцяпляюць. Немагчыма працаваць на фасадзе ў дождж і спёку. «Калі больш за 32 °С — сам проста расплавішся на сцяне». На вецер хлопцы ўвагі не звяртаюць. Саміх іх са сцяны не здзьме, кажуць, бо вопыт дапамагае, а вось лісты ўцяпляльніка, здаралася, уніз зляталі.

Зімой у прамысловых альпіністаў працы менш. Часцей за ўсё яны збіваюць ледзяшы.

— Аднойчы толькі адзін дом зрабілі, ішлі на другі, а з яго зрываецца вялізны лядзяш — і проста на капот джыпа. Добра, што з намі камунальнік быў і гэта бачыў, а то даказвалі б потым, што не мы машыну закідалі, — смяецца Дзіма.

Працуе брыгада і па заказе дзяржаўных структур, і з фізічнымі асобамі. Выязджаюць і за межы сталіцы. Часта падрыхтоўваюць гарады да свята «Дажынкі», вось нядаўна ў Смалявічах фарбавалі ліцэй і інтэрнат.

«Аўстрыйскі праваднік» —  вузел, якім можна аб'яднаць дзве вяроўкі ў адно цэлае.

«Аўстрыйскі праваднік», «матыль», «булінь»

Самі сябе альпіністы часта жартам называюць будаўнічым спецназам, асабліва калі здараецца працаваць ратавальнікамі.

— Аднойчы было: бабуля зачынілася ў кватэры так, што замок звонку яе сын адамкнуць не мог, а сама ўпала. Мы якраз непадалёк ад таго месца працавалі. Звоніць кіраўніцтва: «Дапамажыце!» Прыехалі, спусціліся з даху на балкон, агарадзілі месца, выбілі шклопакет, выратавалі, — усміхаецца Дзіма. — Бывае, што і балконы зразаем. Літаральна на мінулым тыдні хлопцы з нашай фірмы ездзілі здымаць рэшткі разбуранай канструкцыі, што з 3-га паверха на другі звалілася.

А аднойчы зваліўся пад'ёмнік, на якім будаўнічыя матэрыялы падымалі на дах, і павіс уздоўж сцяны. Мне звоняць, кажуць, едзьце, рэжце яго, хай на зямлю падае. Аднак я яго прыўзняў крыху з дапамогай паліспаста — сістэмы з блокаў і нацягнутай у некалькі разоў вяроўкі — і спусціў уніз.

Вяроўка альпіністаў даўжынёй 60 метраў вытрымлівае нагрузку ў 2200 кілаграмаў, аднак бывае, што яна пераціраецца. Асабліва калі працуеш на сцяне, дзе пад вокнамі адлівы з вострымі краямі. «Аднойчы ў аднаго з нашых вяроўка перацерлася і парвалася — праляцеў метры тры ўніз, павіс на страхоўцы», — расказваюць хлопцы.

Прамысловыя альпіністы карыстаюцца рознымі вузламі. На даху вяроўку прывязваюць да канструкцый у асноўным на «булінь» — ён ніколі не развяжацца сам па сабе, зрэдку праз «васьмёрку» — вузел, які завязваецца праз карабін. А «аўстрыйскі праваднік» вяжуць, каб аб'яднаць дзве вяроўкі. Гэта трэба, напрыклад, калі над тым месцам, дзе працаваць альпіністу, на даху няма за што зачапіць вяроўку. Такі вузел не соўгаецца па вяроўцы, і да пятлі, што на ім, можна прымацаваць яшчэ нейкі груз.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Талерка супу... праз акно

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».