Вы тут

Брэсцкі аэрапорт дачакаўся рэканструкцыі ўзлётна-пасадачнай паласы


Цяпер такое нават уявіць не проста: з Брэста ажыццяўляліся рэгулярныя авіяпералёты ў Маскву, Адэсу, Сімферопаль, Запарожжа, Кіеў, Кішынёў, Мінск. Рэйсы на Маскву выконваліся некалькі разоў у суткі, штодзённымі былі вылеты ў Кіеў, Днепрапятроўск, Мінеральныя Воды. А ў 1991 годзе адкрылася самая працяглая лінія Аэрафлоту: Брэст—Чэлябінск—Новасібірск—Чыта—Уладзівасток.


«Знайшла што ўспомніць!» — скажа прыдзірлівы чытач. — На пачатку 80-х гадоў была ўзведзена ўзлётная паласа і абсталяваны аэрадром каля вёскі Моталь. І толькі зараджэнне крызісу ў эканоміцы перашкодзіла наладзіць рэгулярныя рэйсы паміж сталіцай і адным з самых цікавых населеных пунктаў Палесся... І ўсё ж гісторыю варта згадаць у кантэксце Брэсцкай паветранай гавані. Першы аэрадром у Брэсце паявіўся ў 1901 годзе і быў ваенным аб'ектам, а ў 1945 годзе стаў аб'ектам грамадзянскай авіяцыі. Размяшчаўся ён у рысе цяперашняга горада, тое месца па-ранейшаму ў народзе называюць «старым аэрапортам».

У пачатку 70-х, калі стала канчаткова зразумела, што магутнасцяў старога аэрапорта не хапае, было прынятае рашэнне будаваць новы комплекс па-за межамі горада ў раёне Маскоўскай шашы на ўсход ад Брэста. І летам 1976 года першую чаргу новага авіяпрадпрыемства здалі ў эксплуатацыю. Узлётна-пасадачная паласа даўжынёй крыху менш за тры кіламетры атрымала неабходную інфраструктуру. А праз дзесяць гадоў, у сярэдзіне 80-х, адкрыўся і новы будынак аэрапорта. Комплекс быў разлічаны на абслугоўванне 400 пасажыраў у гадзіну. Тут меліся ўсе звычайныя для аэравакзала атрыбуты: рэстаран, бар, сталовая, а таксама гасцініца. Але ў 90-я гады рэзкае скарачэнне пасажырапатоку падкасіла не толькі Брэсцкі аэрапорт. Калі, скажам, у 1990 годзе цераз брэсцкую паветраную гавань прайшло 340 тысяч пасажыраў, то ў 2015 годзе гэта лічба склала ўсяго 14,6 тысячы. Прычыны такога становішча вядомыя: з-за рэзкага павышэння тарыфаў на авіяперавозкі яны сталі недаступнымі для сярэднестатыстычнага грамадзяніна.

І ўсё ж да гонару калектыву Брэсцкага аэрапорта, прадпрыемства здолела выжыць у складаных умовах. Арганізоўвалі камерцыйныя перавозкі, чартарныя рэйсы так званых чаўнакоў.

Цяпер з чэрвеня па верасень з Брэста лятаюць самалёты ў Чарнагорыю, Турцыю, Балгарыю. Папулярным стаў і рэгулярны рэйс у Калінінград — ён ажыццяўляецца па панядзелках і чацвяргах. Брастаўчане лятаюць у Калінінград як па рабоце, так і на адпачынак. Аэрапорт таксама выконвае вялікую праграму па абслугоўванні чартарных палётаў. Ён карыстаецца папулярнасцю сярод уладальнікаў прыватных самалётаў. Тут паспяхова прымалі рэйсы з Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Швейцарыі, Францыі, іншых краін свету.

І вось Брэсцкі аэрапорт дачакаўся рэканструкцыі свайго галоўнага складальніка — узлётна-пасадачнай паласы. З сярэдзіны ліпеня будаўнікі дарожна-будаўнічага трэста №4 Брэста прыступілі да работы. Праект рэканструкцыі распрацавала прадпрыемства «Белдзіпрадар», — ён прадугледжвае трохслойнае пакрыццё паласы, расшырэнне пляцовак для развароту самалётаў. Гэта дасць магчымасць вялікім машынам камфортна прызямляцца і разварочвацца ў канцы паласы.

Паводле інфармацыі намесніка начальніка Брэсцкага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Вадзіма ГУБАРЭВІЧА, новае пакрыццё паласы дазволіць прымаць новыя тыпы паветраных суднаў. Пасля таго як падрадчык скончыць работу, праекціроўшчык правядзе поўнае даследаванне ўзлётна-пасадачнай паласы і дасць заключэнне па трываласці пакрыцця. Паласе будзе прысвоена класіфікацыйная лічба, і чым яна вышэйшая, тым больш розных тыпаў самалётаў зможа прымаць аэрапорт. Калі таўшчыня папярэдняга пакрыцця складала 12 сантыметраў, то новае робяць таўшчынёй 26 сантыметраў. Так, верхні слой будзе ўяўляць сабой шэсць сантыметраў шчэбнева-масцікавага шчыльнага асфальтабетону.

Галоўны інжынер ДРСУ-15 Будтрэста №4 Андрэй КАСЯК расказаў, што працаваць даводзіцца ў асаблівым рэжыме. Аэрапорт не можа на час рамонту адмяніць рэйсы. Таму будаўнікі мусяць падстройвацца. Яны мяняюць пакрыццё паласы невялікімі яе часткамі, па адным слоі — паміж рэйсамі. Тым самым дазваляюць працаваць паветранай гавані ў штатным рэжыме.

На неабходнасць прывесці ў поўны парадак аэрапорт звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы падчас нядаўняга жнівеньскага візіту ў Брэст. «Калі аэрапорт не загружаны поўнасцю сёння, то гэта не азначае, што ў будучым усё застанецца гэтак жа», — зазначыў Прэзідэнт. І гэтыя спадзяванні падзяляюць у калектыве Брэсцкага аэрапорта. А рэканструкцыя ўзлётна-пасадачнай паласы толькі пачатак шматлікіх перамен. Ужо налета пачнецца рэканструкцыя рулёжнай дарожкі, а пазней і месцаў стаянак для самалётаў. Усё робіцца з тым, каб пабудаваны некалі таленавітым піцерскім архітэктарам Віктарам Арсеньевым будынак аэрапорта, які крыху нагадвае нацыянальны аэрапорт «Мінск», стаў шматлюдным і запатрабаваным.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Вылет дазваляю!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».