Вы тут

У Бабруйску шукалі «рэцэпт» паспяховай дзейнасці рэгіянальных СМІ


Што неабходна рабіць, каб адпавядаць запытам чытацкай аўдыторыі, чаго не хапае для папулярнасці мясцовым друкаваным сродкам інфармацыі, што з сябе павінна ўяўляць сучасная рэдакцыя, ці магчыма раённую прэсу зрабіць самаакупнай... Міністэрства інфармацыі разам з Выдавецкім домам «Звязда» прапанавалі абмеркаваць праблемы рэгіянальных СМІ і выпрацаваць найбольш эфектыўныя шляхі іх вырашэння. У Бабруйску за круглым сталом сабраліся тыя, хто стварае і фарміруе ў краіне інфармацыйную прастору: намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар — галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, прадстаўнікі масмедыя краіны, кіраўніцтва Бабруйскага гарвыканкама. Удзел у размове прыняла і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціна Ражанец.

Перад тым як пачаць абмеркаванне, удзельнікі наведалі рэдакцыю газеты «Бабруйскае жыццё», якая сёння спалучае ў сабе друкаваную версію, сайт, радыё, сацыяльныя сеткі, вось-вось запрацуе тэлебачанне. Выданне за кароткі тэрмін цалкам выйшла з ліку стратных. Гэты вопыт стаў адным з наглядных прыкладаў таго, у якім кірунку трэба развівацца.

«МС» прапануе азнаёміцца з найбольш цікавымі думкамі ўдзельнікаў круглага стала.


Пра канвергентныя рэдакцыі

Аляксандр Карлюкевіч, намеснік міністра інфармацыі:

— Гэта ўжо другая сустрэча за апошні час у Бабруйску. Нядаўна тут прайшоў семінар на сугучную тэму аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі. Сёння ў краіне выходзіць болей за 1600 друкаваных СМІ. Мы запрасілі сюды не толькі прадстаўнікоў папяровых выданняў. Гэта свайго роду агляд масавых сродкаў інфармацыі, пошук новых тэхналагічных шляхоў, наладжванне стасункаў. Трэба ствараць пляцоўку для агульнай размовы, аналізаваць лепшы вопыт, дзяліцца ім з тымі рэдакцыямі, якія знаходзяцца ў сілу розных прычын у горшых умовах.

Кантэнтавы матэрыял павінен быць розны, як на радыё, так і ў газетах. Калі казаць пра папяровы друк, то ў нас не хапае аналітыкаў, экспертаў высокага ўзроўню. У рэдакцыі газет павінны прыйсці спецыялісты высокага класу. У інтэрнэце мы чытаем тэкст 30—50 секунд, калі ён адымае ў нас 3-5 хвілін, мы яго ўжо не ўспрымаем. Тое, што будзе займаць 20—30 хвілін, у інтэрнэце наогул не чытаецца. Іншая справа — газета.

Святлана Шутава, галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці»:

— Зразумела, што ў свеце новых тэхналогій, інтэрнэту абласная або раённая газета ў сваім класічным разуменні ўжо не ўспрымаецца. У Бабруйску акцэнт зрабілі на радыё і тэлебачанне. Мы развіваем выдавецкую дзейнасць, робім сацыялагічныя даследаванні і з'яўляемся філіялам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова па падрыхтоўцы будучых журналістаў. У Шклове раённая газета «Ударны фронт» стварыла сваё тэлебачанне. У Клімавічах таксама развіваюць тэлевізійны варыянт. Бялыніцкая газета «Зара над Друццю» адкрыла прэс-цэнтр, куды не толькі запрашаюць гасцей, але і робяць выязныя рэпартажы з выканкамам. І ў Шклове, і ў Бялынічах на высокім узроўні аказваюць паліграфічныя паслугі. Усё гэта той вопыт, які трэба вывучаць і аналізаваць.

Вадзім Шчаглоў, галоўны рэдактар газеты «Бабруйскае жыццё»:

— Я не ўяўляю сабе работу сённяшніх друкаваных СМІ без відэакантэнту. У кожнай рэдакцыі ёсць фатограф, чаму ён, акрамя фота, не можа зняць 40 секунд відэа? Сёння ў журналістыцы ёсць попыт на людзей, якія могуць працаваць у сацыяльных сетках і ўмеюць карыстацца відэакамерай. Відэа ў сацыяльных сетках зробіць больш, чым артыкул на паласе ў газеце.

Пра крытыку

Аляксандр Маркачоў, намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама:

— Неабходна шукаць кансэнсус паміж уладамі і СМІ. Трэба, каб былі крытычныя матэрыялы, актуальныя для жыццядзейнасці горада і цікавыя для насельніцтва. І ў той жа час, каб гэта крытыка не біла цераз край. Стрымліванне павінна быць не для таго, каб не даць сказаць, а для таго, каб не нарабіць памылак. Важна, каб быў кантакт паміж мясцовым кіраўніцтвам і галоўным рэдактарам.

Павел Сухарукаў, дырэктар — галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Звязда»:

— Мне не падабаецца назва «крытычны матэрыял», ён абмяжоўвае ў манеўры. Я назваў бы «праблемны матэрыял». Ніхто не забараняе нам пісаць праблемныя артыкулы. Але гэта не павінна быць павярхоўна, трэба дадаць пункты гледжання розных бакоў. Упэўнены, калі матэрыял прафесійны, ніколі не будзе праблем з уладай. Мы, журналісты, павінны выразна ўяўляць сабе мэты і задачы. Ад матывацыі залежыць змест.

Валянціна Ражанец, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Па сутнасці, улада і СМІ выконваюць адну і тую ж дзяржаўную задачу. Таму павінна быць і разуменне, і ўзаемадзеянне. Агульнага рэцэпта паспяховасці немагчыма знайсці, але імкнуцца да гэтага трэба. І на сённяшнім прыкладзе мы ўпэўніліся, што поспех будзе там, дзе грамадства, улада, журналісты, розныя іншыя структуры аб'яднаны адной ідэяй, адным праектам. Ёсць многа прыкладаў канструктыўнай крытыкі ў сродках масавай інфармацыі з паказам таго, як разам справіліся з праблемай. Не менш важна выхаваць у чытача імкненне да стваральнай дзейнасці. Вельмі цяжка ставіць на вагі эканоміку і тыраж, густ чытача і задачы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Тут усё павінна быць збалансавана. А да журналісцкага майстэрства трэба мець яшчэ і інтуіцыю, каб быць на крок наперадзе ў вызначэнні актуальнай і цікавай тэмы.

Аляксандр Лагвіновіч, галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты «Заря»:

— Ёсць сацыялагічныя даныя наконт таго, якім сродкам масавай інфармацыі чытач давярае больш. І на першым месцы ідуць менавіта друкаваныя сродкі інфармацыі. Гэта як шкілет, на якім нарошчваюць вагу і ствараюць СМІ новага пакалення. Што датычыцца крытычных, або так званых праблемных публікацый, то, мне здаецца, што мы дзесьці штучна сябе лінчуем. Маўляў, нашы крытычныя публікацыі меней крытычныя, чым у прыватных выданнях. Пад свабодай слова нам імкнуцца навязаць нешта такое, што гэтым не з'яўляецца. Паспрабуйце сёння ў Еўропе заікнуцца пра тое, што парад геяў перашкаджае руху транспарту. Або пра смяротнае пакаранне. Нас спрабуюць правакаваць у інтэрнэце нашы апаненты. Маўляў, вы не напішаце. У журналістыцы трэба яшчэ сто разоў падумаць, што і як пісаць. Хацелася б закрануць яшчэ адну балючую тэму. У інтэрнэце стала шмат прадпрымальнікаў, якія, не з'яўляючыся журналістамі, займаюцца журналістыкай. Яны адкрываюць інфармацыйныя парталы і робяць кампіляцыю чужых матэрыялаў. Пры гэтым спрабуюць фарміраваць грамадскую думку, і часам паспяхова. Нават для таго, каб адкрыць газету-дайджэст, сёння трэба атрымаць ліцэнзію. А для інтэрнэта нічога падобнага не патрэбна. І гэта таксама нельга ігнараваць.

Пра падтрымку

Ніна Пазняк, галоўны рэдактар Лідскага тэлерадыёаб'яднання:

— Нашай тэлерадыёкампаніі 12 гадоў. Усё пачыналі з нуля. За свае грошы пабудавалі эфірнае тэлебачанне, дзве FM-станцыі. Калектыў прафесійны, не раз адзначаны на шматлікіх конкурсах, у тым ліку і міжнародных. У нас 9 «Тэлевяршынь», усе сцены ў граматах. Мы зрабілі ўсё, што можна было зрабіць рэгіянальшчыку. У нас тысячы падпісчыкаў, але існаваць у сучаснай эканамічнай сітуацыі без падтрымкі цяжка.

Святлана Шутава:

— Вельмі важна, калі існуе паразуменне з сузаснавальнікам, — гэта 50—70% поспеху, калі цябе падтрымліваюць. У Бабруйску, Шклове ёсць падтрымка. Але гэта не ўсюды так.

* * *

Падчас круглага стала таксама закраналіся тэмы кадравага забеспячэння, зносін дзяржаўных органаў улады са сродкамі масавай інфармацыі, іншыя, не менш актуальныя, пытанні.

— Гэтыя сустрэчы трэба працягваць, — падвёў вынікі круглага стала Аляксандр Карлюкевіч. — Было б цікава завітаць у Ліду і агучыць тыя пытанні, якія датычацца непасрэдна электронных сродкаў масавай інфармацыі. Наогул тэм для абмеркавання шмат. Я спадзяюся, што шэраг іх будзе потым разгледжаны ў якасці падставы для заканадаўчай ініцыятывы.

Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by 

Загаловак у газеце: Патрабуюцца ўніверсалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?