Вы тут

Адходам дадуць другое жыццё


А ў краіне з'явіцца дэпазітная сістэма абыходжання з імі.

Батарэйкі, папера, упакоўка, пілавінне, масла, шыны... Аб'ём адходаў, якія стварае чалавецтва, велізарны. Толькі летась у Беларусі было сабрана 599 з паловай тысяч кубаметраў другаснай сыравіны са смецця. А ўзровень перапрацоўкі зараз складае 16%. Мала гэта ці шмат?


Напрыклад, у Іспаніі і Партугаліі гэтая велічыня супадае з беларускай. Не так далёка знаходзяцца Фінляндыя і Францыя.

— Што ўваходзіць у гэты аб'ём перапрацоўкі? — аналізуе сітуацыю начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль ШАГУН. — Напрыклад, мы далі другое жыццё больш чым 300 тысячам тон паперы. Калі б мы гэтага не зрабілі, то давялося б высекчы лесу аб'ёмам да 950 футбольных палёў. Больш за 168 тысяч тон шкла занялі б каля 4200 чыгуначных вагонаў, якія можна было б паставіць у цягнік, што па даўжыні расцягнуўся б на ўсю МКАД. А яшчэ ўлічыце 67,3 тысячы тон пластыку! Таксама мы сабралі 4,9 тысячы тон адпрацаваных маслаў, 2,3 тысячы тон бытавой тэхнікі і амаль 21 тысячу тон шын. Канешне, з пункту гледжання агульных аб'ёмаў збору гэтыя лічбы пакуль далёкія ад ідэальных, але ёсць да чаго імкнуцца.

На смецці зарабляецца валюта

Дзякуючы выкананню Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Беларусі на перыяд да 2035 года нам ужо няма патрэбы закупляць у ранейшых аб'ёмах тую ж макулатуру і шкло за мяжой. Калі яшчэ ў 2011 годзе сальда гандлю другаснай сыравінай было адмоўным і перавышала 17 мільёнаў долараў, то ўжо летась мы экспартавалі больш на $6,8 млн.

— Аднак перапрацоўка ў якасці другаснай сыравіны — гэта, бадай што, адзіны спосаб выкарыстання ў Беларусі адходаў, — кажа Анатоль Шагун. — І пры гэтым зусім не задзейнічаны іншыя метады. Між іншым, у многіх развітых краінах Захаду ад пахавання смецця ўсё часцей адмаўляюцца. Гэта дзякуючы таму, што арганіку там выкарыстоўваюць як сыравіну для прыгатавання паліва і атрымання біягазу. Для апошняга патрэбны спецыяльныя заводы.

У Беларусі гэтых тэхналогій пакуль няма, але ў планах будаўніцтва ўжо значыцца спецыяльны завод для спальвання смецця. Пляцоўка для яго ўзвядзення абрана ў Мінску. Гэты выбар абумоўлены некалькімі фактарамі. Па-першае, у горадзе і прысталічным раёне вельмі вялікая шчыльнасць насельніцтва. А па-другое, з-за гэтага магчымасці для пахавання адходаў вельмі абмежаваныя. Еўрапейскі вопыт паказвае, што спальванне адходаў дазваляе зменшыць іх колькасць ажно на 90%! Пры гэтым яшчэ будзе выпрацавана цеплавая і электрычная энергія. Адным словам, плюсы відавочныя. А мінусы?

— На жаль, у Беларусі вопыту такога будаўніцтва няма, — працягвае Анатоль Шагун. — Ды і выдаткі на праектаванне, узвядзенне і запуск прадпрыемства, якое зможа перапрацоўваць 500—600 тысяч тон смецця, складуць каля 200 мільёнаў еўра. Гэта велізарная сума. На маю думку, найбольш прымальны спосаб атрымання такой велічыні сродкаў — гэта арганізацыя інвестыцыйнага конкурсу. Трэба, каб да нас прыйшлі кампаніі, якія ўжо валодаюць неабходнымі тэхналогіямі, будавалі і эксплуатавалі раней падобныя заводы. А на якіх умовах завод у Мінску можа функцыянаваць — гэта ўжо вынік перамоў паміж уладамі горада і патэнцыйным інвестарам.

Як у СССР. І нават лепш

Па прыклады добра наладжанай сістэмы па зборы шклатары далёка хадзіць не трэба. Напрыклад, у савецкія часы паўлітровая бутэлька малака каштавала 28 капеек. Прычым у гэтую суму быў закладзены залогавы кошт тары ў выглядзе 15 капеек. Натуральна, што ў насельніцтва быў добры стымул вярнуць гэтыя грошы — не пераплочваць жа амаль удвая на роўным месцы!

— Падобная сістэма захавалася і ў Еўрасаюзе, — кажа Анатоль Шагун. — Але яна пайшла значна наперад у параўнанні з савецкімі часамі. Напрыклад, у нас па тагачаснай методыцы збіралася толькі шклатара. Поліэтыленавай тары тады не было, а алюмініевую ўпакоўку проста не перапрацоўвалі. Цяпер жа праблем з гэтым няма. Мяркуецца, што дэпазітная сістэма запрацуе ў 2020 годзе. Па разліках аўтараў Нацыянальнай стратэгіі, гэта дазволіць яшчэ на 10% павялічыць перапрацоўку адходаў другаснай сыравіны.

Ці рэальна заварыць усе смеццеправоды?

Яшчэ ў 2015 годзе было агучана рашэнне ўрада аб арганізацыі паэтапнай кансервацыі смецце-праводаў у беларускіх шматпавярховых дамах. З аднаго боку, гэта дапаможа раздзельнаму збору адходаў — замест аднаго кантэйнера для ўсяго з'яўляюцца асобныя ёмістасці для паперы, шклабою, металу, пластыку... Аднак ці ўсюды гэта магчыма зрабіць?

Напрыклад, аўтар гэтых радкоў жыве ў класічнай савецкай панельнай дзевяціпавярхоўцы. У кожным пад'ездзе дома — 54 кватэры. Амаль цэлая «хрушчоўка» па памерах! А пад'ездаў гэтых ажно дзевяць. Іншыя дамы ў маім квартале — такога ж тыпу «кітайскіх сцен». Да таго ж існуюць нормы, паводле якіх пляцоўку са смеццевымі кантэйнерамі нельга размяшчаць бліжэй чым за 20 метраў ад жылога дома, а для смеццявозаў павінны мецца добрыя пад'язныя шляхі. Праўда, апошнімі двары з тупіковымі праездамі пахваліцца часта не могуць. І вось дзе знайсці тэрыторыю для добрай колькасці кантэйнераў — замест кавалка зялёнай зоны ці адабраць у аўтамабілістаў некалькі і так дэфіцытных парковачных месцаў? Пытанне дыскусійнае. Да таго ж трэба ўлічыць і фактар зручнасці. Несці пакеты са смеццем кудысьці за 100—200 метраў хочацца далёка не заўсёды. Асабліва ў дождж, моцны вецер, снег, галалёд. А дадайце сюды яшчэ і стары зношаны ліфт, які размяняў ужо пяты дзясятак гадоў і часта ламаецца. Хадзіць лішні раз восем паверхаў уверх і ўніз толькі для таго, каб выкінуць смецце, задавальнення таксама мала. І для параўнання — цяперашняя сістэма, калі дастаткова выйсці на лесвічную пляцоўку пад'езда, дзе знаходзіцца шлюз смеццеправода.

— Тыя архітэктурныя рашэнні, якія рэалізоўваліся 20—40 гадоў таму, былі для свайго часу добрыя, — разважае Анатоль Шагун. — Але менавіта планіроўка старых дваровых тэрыторый стварае зараз істотныя праблемы для паўнавартаснага заварвання смеццеправодаў. Кантэйнеры не заўжды можна паставіць так, каб і жыхарам было зручна, і санітарныя нормы выконваліся.

Выйсце было знойдзена ў выглядзе падземных кантэйнераў. Вопыт іх эксплуатацыі ўжо ёсць у Брэсце, Мінску і Магілёве. Цяпер жа ў Магілёве стартуе масавы пілотны праект. Там установяць 70 падземных ёмістасцяў для змяшанага збору адходаў. Калі сістэма прыжывецца, яе і запусцяць у серыю па ўсёй краіне.

Тэхніка дапаможа

— Зараз сістэма абыходжання з адходамі ў Беларусі патрабуе каля 200 мільёнаў рублёў на год, — падлічвае Анатоль Шагун. — Грошы выдаткоўваюцца непасрэдна на збор адходаў, іх вываз, сартаванне і пахаванне. На 90% іх кампенсуюць спажыўцы — фізічныя і юрыдычныя асобы. На долю бюджэтнага субсідавання прыходзіцца дзясятая частка. Зрэшты, па краіне сітуацыя нераўнамерная. Напрыклад, у гэтай галіне Мінску ўдалося сысці цалкам ад датацый. А вось у сельскіх населеных пунктах бюджэт фінансуе немалы працэнт выдаткаў на адходы. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што аб'ёмы смецця, якое вывозіцца, малыя.

Нацыянальная стратэгія прадугледжвае, што да 2035 года гэтая сума скароціцца прыкладна на 20%. Дасягнуць гэтага па разліках дапаможа сучасная тэхніка (у тым ліку больш умяшчальныя смеццявозы), кантэйнеры з павялічаным аб'ёмам і больш высокі ўзровень прэсоўкі адходаў.

Агулам жа да 2035 года ў Беларусі плануецца перапрацоўваць палову ўсіх адходаў. Ужо цяпер гэты паказчык дасягнуты ў Германіі, Швейцарыі і Швецыі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».