Вы тут

Як лечаць каварныя пухліны?


Штогод у краіне рэгіструецца каля 1000 новых выпадкаў раку шчытападобнай залозы.

Звязваецца гэта не толькі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, але і з агульным шкодным уплывам навакольнага асяроддзя, з высокім узроўнем нітратаў у глебе і шэрагам іншых неспрыяльных фактараў. Немагчыма дакладна сказаць, што абумовіла развіццё пухліны ў кожным канкрэтным выпадку. Аднак устаноўлена, што нярэдка рак шчытападобнай залозы з'яўляецца спадчынным захворваннем. Перадаецца, вядома, не рак, а генныя мутацыі. Дакладней, на фоне генетычнай схільнасці росту пухліны могуць паспрыяць навакольнае асяроддзе, тэхнагеннае забруджванне, стрэсы, няправільнае харчаванне.


Рак шчытападобнай залозы, як і ўсе віды пухлін, часцей сустракаецца ў людзей старэйшага пакалення, аднак ёсць ён і ў дзяцей. Летась, напрыклад, быў выяўлены невялікі рост захваральнасці ў маладога пакалення — зафіксавана 37 выпадкаў (звычайна гэта каля 25 выпадкаў у год).

— У групе рызыкі былі і застаюцца як тыя, чыё дзяцінства прыпала на момант Чарнобыльскай аварыі, — хоць сёння захваральнасць не так ярка выражана прывязана да ўзроўню радыяцыйнага забруджання, так і ўсе, чые сваякі сутыкнуліся з падобным захворваннем, — кажа загадчыца кансультацыйна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, кандыдат медыцынскіх навук Таццяна ЛЕОНАВА. — Гэтым катэгорыям рэкамендуецца ў залежнасці ад сітуацыі прафілактычны агляд з перыядычнасцю ад паўгода да трох. У іншых сітуацыях размова ідзе, як правіла, аб выпадковай знаходцы. Да ўрача могуць прывесці самыя розныя скаргі — павышаная нервовая ўзрушанасць, пахудзенне або набор вагі... Калі педыятр або тэрапеўт пасля пальпацыі шчытападобнай залозы западозрыць праблему з ёй, то накіруе на ўльтрагукавое абследаванне.

Менавіта гэта даследаванне дазваляе выявіць вузлы, пухліну ў гэтым органе. Устанавіць, злаякасная яна ці дабраякасная, дапамагае біяпсія — падчас ультрагукавога абследавання выконваецца пункцыя залозы, забіраюцца клеткі на цыталагічнае даследаванне. Калі клеткі акажуцца злаякаснымі, пацыента накіруюць да хірурга для планавання аперацыі. Выконваецца яна традыцыйным метадам з касметычным швом. Эндаскапічныя методыкі тут не прымяняюцца, бо падчас умяшання выдаляецца ўся залоза з пашкоджанымі лімфатычнымі вузламі, што пакуль нерэальна выканаць з дапамогай эндаскопа. Пры частковым ці поўным выдаленні залозы пацыенту пажыццёва прызначаецца медыкаментозная тэрапія — леватыраксін, а часам і прэпараты кальцыю. На фоне прымянення такога лячэння магчыма паўнацэннае якаснае жыццё і нават планаванне цяжарнасці.

Існуюць мутацыі, якія абавязкова абумовяць злаякасную пухліну шчытападобнай залозы. І здарыцца гэта можа нават у дзіцячым або падлеткавым узросце. Вось чаму летась упершыню ў Рэспубліканскім цэнтры пухлін шчытападобнай залозы дваіх дзяцей з такімі мутацыямі вельмі агрэсіўнага тыпу раку прэвентыўна — яшчэ да з'яўлення пухлін — прааперыравалі і выдалілі ім шчытападобную залозу. Іх бацькі перанеслі такія аперацыі з прычыны пухлін, якія ўжо з'явіліся, і спецыялісты прапанавалі не чакаць, пакуль захворванне заявіць аб сабе ў нашчадках. Аперацыі аказаліся неверагодна эфектыўнымі, бо пасля выдалення ў адным выпадку былі ўсё ж такі знойдзены злаякасныя клеткі.

— Важным для нашых пацыентаў будзе і яшчэ адзін метад абследавання — гарманальны, — удакладняе Таццяна Авініраўна. — Вынік аналізу крыві паказвае нам, ці патрабуецца лячэнне медыкаментамі. Здаць кроў на тырэатропны гармон можна і самастойна, калі нас насцярожвае ацёчнасць, стамляльнасць, санлівасць, кволасць, сэрцабіцце, пахудзенне, дрыжыкі. Таму што гармоны шчытападобнай залозы ўплываюць на метабалічныя працэсы. Важна разумець, што па аналізе крыві не выстаўляецца дыягназ раку, як не прымяняецца з гэтай мэтай і аналіз крыві на анкамаркеры. Аднак падобныя метады дапамагаюць атрымаць больш поўную карціну для прызначэння лячэння. А аналіз крыві на анкамаркеры прымяняюць у гэтым выпадку для кантролю праведзенага супрацьпухліннага лячэння.

Рэспубліканскі цэнтр пухлін шчытападобнай залозы, што працуе на базе мінскага анкадыспансера, з'яўляецца ўнікальным. Падобнай структуры, дзе была б сканцэнтравана ўся інфармацыя аб дыягностыцы і лячэнні раку шчытападобнай залозы, няма нідзе ў свеце. Нездарма нядаўна ўрад Японіі вылучыў дыспансеру грант для патрэб цэнтра. На атрыманую суму быў набыты новы сучасны ўльтрагукавы апарат. Накіраванне ў цэнтр пухлін шчытападобнай залозы адбываецца па паказаннях, пасля папярэдняга абследавання ў анколага або эндакрынолага па месцы жыхарства.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.