Вы тут

У Магілёве рэалізуецца праект з усталяваннем заглыбленых кантэйнераў


У пошуках больш эфектыўнага рашэння праблемы збору бытавых адходаў камунальнікі за апошнія некалькі гадоў здзейснілі сапраўдны рывок. На змену звычайным кантэйнерам спачатку прыйшлі паасобныя, а цяпер ёмістасці наогул «схавалі» пад зямлёй.


Для Магілёўскай вобласці заглыбленыя кантэйнеры не навінка. Чатыры гады таму першыя з іх ужо былі апрабаваны ў Магілёве. Яны паявіліся там, дзе па санітарных нормах нельга было зрабіць (адмысловую пляцоўку ад вокнаў жылога дома да месца знаходжання ёмістасцяў для збору цвёрдых бытавых адходаў павінна быць не менш за 20 метраў). Цяпер у краіне праводзіцца работа па закрыцці ўнутрыдамавых смеццеправодаў, і магілёўскія камунальнікі ініцыявалі ўстаноўку заглыбленых кантэйнераў як альтэрнатыву.

— Мы зрабілі тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне з прыкладамі таго, што гэта зручна і выгадна, і на працягу года даказвалі гэтыя перавагі, — паведаміў дырэктар Магілёўскага Спецаўтапрадпрыемства Анатоль Талпыга. — У Магілёў прыязджалі камісіі, вывучалі абставіны на месцы і нарэшце далі дабро. Па лініі «Аператара другасных рэсурсаў» нам выдзяляюць 175 тысяч рублёў на ўкараненне праекта.

Заглыблены кантэйнер мае аб'ём 5 метраў кубічных і фактычна замяняе сем стандартных па 0,75 кубоў. На паверсе знаходзіцца толькі цыліндр дыяметрам каля 2 метраў і герметычная накрыўка. Навінкі яшчэ і ў тым, што ўнутры ёмістасці знаходзіцца сістэма пажаратушэння. Калі туды трапляе запаленая цыгарэта, механізм спрацоўвае і засыпае месца ўзгарання парашком.

— Заглыбленыя кантэйнеры — вельмі добры варыянт збору адходаў, — упэўнены дырэктар Спецаўтапрадпрыемства. — Гэта і чысціня, і культура, і павелічэнне аб'ёму вымання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Ні бадзяжныя сабакі туды не дабяруцца, ні птушкі, ні людзі без пэўнага месца жыхарства. Можна без канца пералічваць перавагі, якія дасць аснашчэнне жыллёвага сектара такімі кантэйнерамі. І побач ніякага смецця не валяецца. Было б добра зусім адмовіцца ад звычайных смеццевых пляцовак, а замест іх паставіць заглыбленыя кантэйнеры. Людзі, на жаль, не заўсёды разумеюць перавагі новаўвядзення, бо ім прасцей было б выкідваць смецце не выходзячы з дому. Але новыя кантэйнеры — большая гарантыя таго, што на лесвічных пляцоўках будзе чыста і без непрыемных пахаў.

Ужо складзены і зацверджаны Магілёўскім гарвыканкамам графік, згодна з якім да 1 студзеня наступнага года ўсе 70 кантэйнераў будуць устаноўлены. Акрамя гэтага, Спецаўтапрадпрыемства набывае другую машыну, якая будзе вывозіць з гэтых кантэйнераў цвёрдыя бытавыя адходы. Машына абсталявана адмысловым прыстасаваннем — кранам-маніпулятарам (КМУ), што дазваляе даставаць змесціва кантэйнера без асаблівых праблем.

Хутчэй за ўсё праект будзе распаўсюджаны на іншыя вобласці. Але, як кажа Анатоль Талпыга, тых 70 кантэйнераў, якія ўсталююць у Магілёве, для горада недастаткова. Трэба яшчэ 100, каб закрыць усе смеццеправоды.

Дарэчы, некалькі гадоў таму заглыбленыя кантэйнеры з'явіліся і ў Горках. Па словах горацкіх камунальнікаў, на іх абслугоўванні знаходзіўся двор, дзе нельга было зрабіць пляцоўку для збору смецця, жыхары выкідвалі пакеты з бытавымі адходамі на вуліцы. А калі ў двары з'явіўся заглыблены кантэйнер, праблема вырашылася сама сабой.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад прыдамавых да падземных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».