Вы тут

Як давесці да ладу ацяпляльнае абсталяванне?


Летняя цеплыня зусім хутка возьме доўгайграючую паўзу. На падыходзе верасень, а гэта значыць, што слупок тэрмометра па начах будзе апускацца ўсё бліжэй да нуля. Зноў давядзецца «расчахляць» печкі, каб не мерзнуць ад холаду. Таму канец лета і пачатак восені — найлепшы час для таго, каб прывесці ацяпляльнае абсталяванне ў поўную баявую гатоўнасць. Аб тым, як гэта правільна зрабіць, «Звяздзе» расказаў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі.


Першыя ўзгаранні з-за выкарыстання ацяпляльнага абсталявання фіксуюцца ўжо ў верасні. Напрыклад, летась ратавальнікі тушылі пажар у вёсцы Вялікая Слабада Крупскага раёна літаральна ў другі дзень восені. Віноўнікам стаў кацёл, які працаваў на цвёрдым паліве. А 17 верасня ў вёсцы Кляноўка Дзяржынскага раёна загарэлася печка ў лазні на прыватным падворку. «Гарачым» пунктам стаў комін. Літаральна ў гэты ж дзень па такім жа сцэнарыі разгортваліся падзеі яшчэ ў адной вёсцы на Дзяржыншчыне — Бярэжы. На шчасце, у тых пажарах ніхто не загінуў.

— Кватэру ў шматпавярховіку падрыхтаваць да зімы куды лягчэй, чым прыватны дом, дзякуючы наяўнасці цэнтралізаванага ацяплення. Увагу трэба звярнуць на вентыляцыйныя каналы, калі выкарыстоўваецца газавае абсталяванне. Праверце, ці ёсць у іх цяга. Бо раней была вельмі распаўсюджана практыка, калі людзі вырашалі «павялічыць» плошчу кухні, дзяўбалі ў сцяне нішу і ставілі туды халадзільнік. А ў кватэрах ніжэй вентыляцыя пачынала працаваць абы-як. Паглядзіце, ці ў нармальным стане праводка, — чым халадней, тым больш часу мы ўсе праводзім «у чатырох сценах». І падумайце пра тое, як дадаткова абагравацца ў выпадку рэзкага наступлення халадоў. Электрычны абагравальнік мусіць быць выключна заводскай вытворчасці.

Калі паглядзець у пашпарт любога прыбора, то там згадваюцца два тэрміны — гарантыйны і агульны эксплуатацыйны. Што азначае апошні? Скажам, вытворца разлічыў, што прылада можа эксплуатавацца дзесяць гадоў пасля набыцця. Калі гэты час скончыцца, то вытворца адказваць за наступствы, звязаныя з працай прыбора, ужо не будзе. На жаль, тэндэнцыя апошніх гадоў — скарачэнне заяўленага тэрміну службы. Як правіла, савецкія апараты разлічваліся на 10 гадоў работы. Цяпер жа гэты адрэзак можа складаць і 7, і нават 5 гадоў...

— А вось з прыватнымі дамамі нюансаў больш, — працягвае Віталь Навіцкі. — У іх яшчэ часта выкарыстоўваецца пячное ацяпленне, асабліва там, дзе жывуць людзі сталага ўзросту. Таму мяжа лета і восені — самы час навесці парадак. Пачысціце дымаход ад сажы, пабяліце комін і печ. Пабелка патрэбная не толькі дзеля большай эстэтыкі, але і ў якасці дэтэктара шчылін — дым іх падфарбуе ў чорны колер. Перад топкай прыбіце металічны ліст памерам 50 на 70 сантыметраў — ён дапаможа затармазіць іскры, якія могуць падпаліць драўляную падлогу. І не сушыце вопратку на печы.

Гарышча абавязкова расчысціце ад смецця. Праводка на ім павінна быць у негаручым корабе. Часам гэтая частка дома ператвараецца ў склад непатрэбных рэчаў. Але каля частак элементаў пячнога ацяплення нічога не павінна знаходзіцца і тым больш дакранацца да іх. Бо з-за высокай тэмпературы папера ці дошкі ўспыхнуць вельмі хутка.

— Асобную праблему дастаўляюць катлы і газавае абсталяванне, — кажа Віталь Навіцкі. — У кожнага агрэгата ёсць тэрмін, які рэгламентуе агляды ў спецыялізаванай арганізацыі. Трэба праверыць, каб усе запорныя сістэмы былі адчыненыя і спраўныя. Калі кацёл працуе з натуральнай цягай, то выдаліце кандэнсат з ніжняй кішэні коміна. Аглядзіце дымаходы, каб яны нічым не былі забітыя. І пагаварыце з дзецьмі аб парадку дзеянняў падчас узнікнення надзвычайнай сітуацыі. Што будзе рабіць малы? Куды будзе тэлефанаваць? Куды пабяжыць? Навучыце іх зачыняць дзверы ў тое памяшканне, дзе ідзе пажар, пракласці мокрымі анучамі шчыліны ўнізе, выбегчы з кватэры і паведаміць пра ўзгаранне па нумары 101. Не пакідайце іх без нагляду.

У жылых памяшканнях варта паставіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. І не забываць мяняць у іх своечасова батарэйкі. Калі ў доме выкарыстоўваецца прыродны газ, то не будзе лішнім і апавяшчальнік чаднага газу. Яшчэ памятная трагедыя, якая адбылася ў Барысаве ў студзені 2016-га, калі з-за атручэння СО у шматпавярховіку загінула шэсць чалавек.

За мінулы год у Беларусі ўсяго адбылося 5 680 пажараў. З іх на парушэнні правілаў уладкавання і мантажу цеплагенерыравальных прылад прыходзіцца 167 выпадкаў. У побыце гэта азначае, што печка была складзена не па нормах або сапсавалася, а гаспадар не прыняў ніякіх захадаў, каб яе адрамантаваць, за што і паплаціўся. 957 пажараў адбыліся з-за няправільнай эксплуатацыі печак і абагравальнікаў. Усяго яны даюць пятую частку ў агульнай статыстыцы.

— Між іншым, апошнім часам прадстаўнікі МНС не ўдзельнічаюць у абавязковай прыёмцы прыватных жылых дамоў у эксплуатацыю, — гаворыць Віталь Навіцкі. — Але гаспадар можа звярнуцца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях па кансультацыю. Нашы спецыялісты падкажуць, ці ўсё зроблена правільна.

Калі ж у вас бацькі жывуць у доме з пячным ацяпленнем, то дапамажыце ім прывесці ўсё ў парадак. Выграбіце залу, праверце, ці ўсё ў парадку на гарышчах, у коміне і з катламі. І пастаўце апавяшчальнік. Хто ведае — можа, гэты невялічкі прыбор уратуе жыццё?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

sсhklеnnіk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.