Вы тут

У Саўміне завяршаюць работу над прагнознымі дакументамі на 2018 год


На пасяджэнні Савета Міністраў разгледзелі праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год і параметры асноўных паказчыкаў на 2019—2020 гады. Не абмінулі і асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі краіны і рэспубліканскага бюджэту налета. Як адзначыў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, зараз фактычна завяршаецца этап фарміравання прагнозных дакументаў перад тым, як накіраваць іх на разгляд кіраўніку краіны. Увесь пакет павінен быць прадстаўлены Прэзідэнту да 1 верасня.


Прагназуецца рост ВУП на 3,4%

«З улікам прынцыповых рашэнняў, прынятых 16 жніўня Прэзідыумам, дасягнута разуменне па асноўных ранейшых рознагалоссях. Што датычыцца прагнозных дакументаў, то ў параўнанні з тым, што мы разглядалі на Прэзідыуме, сур'ёзных змен не адбылося. За аснову па-ранейшаму ўзятыя два сцэнарыі развіцця эканомікі ў залежнасці ад розных знешніх і ўнутраных умоў — кансерватыўны для бюджэту і мэтавы для прагнозу», — растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год не змяніліся. Так, па ВУП чакаецца рост на 3,4%, па прадукцыйнасці працы — на 2,8%, па экспарце тавараў і паслуг — на 6%. Пры гэтым практычна дасягаецца збалансаванасць у знешнім гандлі. Пры агульным знешнегандлёвым абароце ў амаль 70 млрд долараў сальда прагназуецца блізкім да нуля (прыблізна мінус 30 млн долараў, або 0,1% да ВУП). Плануецца прыцягненне 1,45 млрд долараў прамых замежных інвестыцый. Інфляцыя ў перыяд снежань да снежня плануецца не вышэй за 7%, а сярэднегадавая — не больш за 7,4%. Па рэальных даходах насельніцтва ў 2018 годзе прагназуецца рост на 3,2%.

Андрэй Кабякоў таксама адзначыў, што ў адрозненне ад папярэдніх гадоў асаблівасцю прагнозу на наступны год з'яўляецца некаторае ўзмацненне ўплыву ўнутранага попыту на ВУП. У сувязі з гэтым застаецца важным збалансаваць такі фактар суразмерным укладам знешняга гандлю ў рост эканомікі, каб не стварыць дадатковага ціску на плацежны баланс. «Мінэканомікі разлічыла, што прагнозы развіцця знешніх рынкаў даюць магчымасць у 2018 годзе нарасціць валютную выручку на 2 млрд долараў. Асноўны прырост адбудзецца за кошт нарошчвання фізічных аб'ёмаў экспарту», — растлумачыў кіраўнік урада.

Па яго словах, існуючы прагноз забяспечвае збалансаваны рост эканомікі без залішняга ціску на фінансавы і валютны рынкі і, што важна, выхад на параметры росту, прадугледжаныя пяцігадовай праграмай. Бюджэт таксама не зведаў канцэптуальных змен. Губернатарамі і міністрамі падымаліся прынцыповыя пытанні па выкарыстанні дарожнага фонду, міжбюджэтных трансфертаў, падтрымцы экспарту.

Паводле інфармацыі Мінфіна, незадаволенымі застаюцца заяўкі асобных органаў дзяржаўнага кіравання на суму каля 665 мільёнаў рублёў. «Спачатку трэба зарабіць і пакласці ў бюджэт, а потым размяркоўваць. Незабяспечаных даходамі выдаткаў бюджэт несці не павінен і не будзе. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Прэзідыума, і прашу да гэтай тэмы не вяртацца. Магчымасці бюджэту маюць свае межы», — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Бюджэтнікам — не менш, чым 750 рублёў

Паводле слоў Андрэя Кабякова, сярэдні заробак у бюджэтнай сферы ацэньваецца на ўзроўні 600 рублёў. «Гаворачы аб заробках бюджэтнікаў, першапачаткова зыходзім з прадугледжаных праектам бюджэту рэсурсаў. Гэта значыць, што па кансерватыўным сцэнарыі тэмп росту ВУП асцярожна ацэньваецца ў 101,2%. Калі даходы бюджэту будуць вышэйшыя за кансерватыўны сцэнарый, то дадатковыя сродкі будуць акумулявацца ў спецыяльных рэзервовых фондах», — удакладніў Андрэй Кабякоў. Для гэтых мэт праектам закона аб бюджэце прадугледжана норма аб фарміраванні ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах такіх спецыяльных фондаў.

Мяркуецца, што эканоміка зможа згенераваць даходы фондаў у аб'ёме, дастатковым для павышэння сярэдняга заробку налета ў бюджэтнай сферы да ўзроўню не менш як 750—760 рублёў, каб захаваць яго суадносіны да сярэдняга заробку па краіне на ўзроўні 75—76%. «Але паралельна неабходна актыўна рэалізоўваць мерапрыемствы па аптымізацыі структуры і скарачэнні выдаткаў бюджэтных арганізацый, павелічэнні даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці. У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады запісана, што гэтыя суадносіны сярэдняй зарплаты ў бюджэтнай сферы да сярэдняй зарплаты па краіне павінны быць на ўзроўні 80%. Мы пакуль знаходзімся толькі ў пачатку шляху па выкананні палажэння праграмы», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Пры гэтым ён растлумачыў, што ў рэальным сектары рост заробкаў павінен быць забяспечаны ростам прадукцыйнасці працы. «Звязванне грошай будзе адной з ключавых тэм, каб заробак у адну тысячу рублёў не справакаваў рост спажывецкага імпарту і павышаны попыт на валюту», — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».