Вы тут

Сапсаваныя прадукты выдадуць «разумныя» налепкі


Як радавыя спажыўцы, мы прывыклі давяраць (ці не давяраць) маркіроўцы на прадуктах харчавання з пазначэннем тэрміну прыдатнасці. Але, як даўно вядома, нядобрасумленныя прадаўцы знаходзяць спосабы абыходу гэтай сістэмы, каб не губляць выгаду і прадаць пакупніку і пратэрмінаваны тавар. Магчыма, пазбегнуць гэтай праблемы ў будучыні дапаможа вынаходка амерыканскіх хімікаў з Універсітэта Кларксана. Яны распрацавалі новы від простых тэстаў, здольных распазнаваць сапсаваныя або заражаныя бактэрыямі прадукты харчавання і касметыку.


Аб выніках сваёй працы навукоўцы расказалі на 254-м Нацыянальным з'ездзе і выстаўцы Амерыканскага хімічнага таварыства ў Вашынгтоне, а часопіс Sсіеnсе апублікаваў падрабязнасці распрацоўкі. Асноўнай мэтай навукоўцаў было стварэнне простага спосабу тэсціравання прадуктаў, каб распазнаць прыкметы таго, што яны не прыдатныя ў ежу. Эксперты абапіраліся на ўжо вядомыя лабараторныя спосабы. Як адзначае аўтар даследавання Сільвана Андрээску, «большасць навукоўцаў, што працуюць над падобнымі сенсарамі, выкарыстоўваюць растворы, якія рухаюцца па каналах. Мы ж карыстаемся ўстойлівымі неарганічнымі часціцамі, якія праяўляюць акісляльна-аднаўленчую актыўнасць. Калі яны ўзаемадзейнічаюць з рэчывамі, якія мы хочам заўважыць, то мяняюць колер, і ад канцэнтрацыі рэчыва залежыць, наколькі значная гэтая змена».

Гатовыя «разумныя» стыкеры ўяўляюць сабой шматкі паперы памерам з паштовую марку. На гэтыя невялікія тэст-сістэмы нанесеныя адмысловыя рэчывы-індыкатары, якія паказваюць на прысутнасць у аналізаваным аб'екце таго ці іншага рэчыва. У выпадку кантакту са злучэннямі, якія сігналізуюць аб тым, што прадукт непрыдатны для ўжывання, індыкатары мяняюць колер. Ужо цяпер новыя тэст-сістэмы могуць выяўляць архатаксін А — вельмі таксічнае рэчыва, якое выпрацоўваецца плесневымі грыбамі падчас паражэння цвіллю мноства прадуктаў харчавання.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Як запэўніваюць вучоныя, іх распрацоўку можна выкарыстоўваць яшчэ і для вызначэння месца вытворчасці гарбаты або віна па ўнікальным складзе антыаксідантаў. А ў будучыні эксперты плануюць пашырыць функцыянальнасць сваіх тэстаў: яны хочуць дадаць магчымасць выяўлення сальманелы, кішачнай палачкі і шэрагу іншых небяспечных для здароўя ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў.

Іван Купарвас

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.