Вы тут

У Мінску абмеркавалі актуальныя праблемы школьнай адукацыі


Якія бітвы разгортваюцца на сямейнай кухні?

«Адукацыйныя запыты бацькоў і школьнікаў трэба не толькі задавальняць, але і фарміраваць», — такую думку выказаў падчас гарадскога форуму педагагічных работнікаў «Сталічная адукацыя: базавыя каштоўнасці ў сучасным фармаце» старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК.


Творчы погляд на школьную рэчаіснасць выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі сталіцы.

«За дзяржаву крыўдна...»

Цяпер у сталіцы функцыянуе 241 установа агульнай сярэдняй адукацыі. Разнастайныя па тыпах і відах, яны здольныя даць школьнікам адукацыю рознага ўзроўню ў адпаведнасці з іх патрэбамі.

— Прычым запыты на павышаны ўзровень адукацыі ў горадзе ўзрастаюць. І мы рэагуем на гэты выклік, — падкрэсліў старшыня камітэта. — Пятую частку ад усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Мінску складаюць гімназіі і ліцэі. Геаграфічна яны даступныя для жыхароў усіх раёнаў горада. Павышаны ўзровень вывучэння прадметаў забяспечваюць таксама сетка профільных класаў і факультатывы. За два гады ў кожным сталічным раёне сфарміраваліся свае мадэлі профільнага навучання. У горадзе дасягнуты аптымальныя суадносіны базавых і профільных класаў. У 2015/2016 навучальным годзе ў працэнтным выражэнні яны складалі 49 да 51. У мінулым — 47 да 53. У новым навучальным годзе суадносіны будуць прыкладна такія ж.

Кіраўнік сталічнай сістэмы адукацыі з задавальненнем адзначыў значнае павелічэнне ў горадзе колькасці ўстаноў, якія адкрываюць класы і групы прафесійнай накіраванасці, асабліва педагагічныя. Дарэчы, эфектыўнасць гэтай працы пацвярджаецца тым, што 72% выпускнікоў, якія атрымалі рэкамендацыі для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, працягнуць сваё навучанне па абраным профілі, але ўжо ў ВНУ.

На больш ранніх ступенях навучання індывідуальныя патрэбы і здольнасці дзяцей рэалізуюцца праз сістэму факультатываў. У мінулым навучальным годзе на іх было выдзелена 28 667 гадзін. Самыя запатрабаваныя — гуманітарны, прыродазнаўча-матэматычны, спартыўны, агульнаразвіццёвы і музычны профілі. А на апошніх пазіцыях у рэйтынгу — факультатывы тэхналагічнага, экалагічнага і ваенна-патрыятычнага зместу.

«Мы не можам папракаць бацькоў за іх імкненне даць дзецям бясплатную моўную або эстэтычную адукацыю. Але, як той казаў, «за дзяржаву крыўдна», бо ваенна-патрыятычны профіль на першай і другой ступенях школы практычна не запатрабаваны, — падзяліўся сваімі думкамі з педагогамі Міхаіл Мірончык. — Лічбы — рэч упартая. Толькі ўдумайцеся: ад агульнай колькасці гадзін, выдзеленых на факультатывы, на заняткі ваенна-патрыятычнага кірунку прыпадае толькі 0,2 гадзіны ў сярэднім па горадзе. Збольшага гэта характарызуе работу педагагічных калектываў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Не лепшая сітуацыя складваецца і з факультатывамі тэхналагічнай накіраванасці. І гэта ва ўмовах актуалізацыі працоўнага выхавання...»

Рабочыя прафесіі не прапаноўваць

Паказчыкаў, якія характарызуюць эфектыўнасць сталічнай сістэмы адукацыі, шмат: 100% дашкольнікаў падрыхтаваныя да навучання ў школе; 76% выпускнікоў мінскіх школ працягнуць навучанне ў вышэйшых навучальных установах; з 2000 года каманда горада лідзіруе на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах; мінскія школьнікі штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі міжнародных алімпіяд і конкурсаў; у сістэму агульнай сярэдняй адукацыі інтэгравана 76% ад агульнай колькасці дзяцей школьнага ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і гэтак далей. Але і яны патрабуюць крытычнага асэнсавання. Узяць тое ж уладкаванне ў жыцці выпускнікоў школ. На працягу многіх гадоў у сталіцы захоўваецца дыспрапорцыя паміж колькасцю выпускнікоў, якія паступаюць у прафесійна-тэхнічныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы: сёння гэтыя суадносіны 1 да 14. Толькі 13,5% выпускнікоў базавай і 5,3% выпускнікоў сярэдняй школы будуць навучацца ва ўстановах сістэмы прафтэхадукацыі.

— Пагадзіцеся, што гэта свайго роду ацэнка нашай работы па прафарыентацыі, павышэнні прывабнасці сістэмы прафтэхадукацыі для моладзі і фарміраванні заказу на адукацыйныя паслугі, — звярнуўся да ўдзельнікаў форуму Міхаіл Мірончык. — Пры гэтым гораду вельмі патрэбныя кваліфікаваныя рабочыя кадры. На жаль, мы пакуль не можам сур'ёзна паўплываць на пазіцыю бацькоў, якія лічаць, што хоць які-небудзь дыплом аб вышэйшай адукацыі іх дзіця павінна атрымаць, нярэдка без матывацыі да прафесійнай дзейнасці і перспектыў працаўладкавання па спецыяльнасці. Спадзяёмся, што ўкараненне дапрофільнай і дапрафесійнай падрыхтоўкі зменіць гэту сітуацыю... У маштабах горада ўжо робяцца першыя крокі, у прыватнасці распрацаваны маршруты вытворчага турызму; ва ўстановах дадатковай адукацыі ўводзяцца новыя кірункі дапрафесійнай падрыхтоўкі. Эфектыўныя рашэнні мы чакаем і ад упраўленняў і ўстаноў адукацыі.

Амбіцыі ці патрэба часу?

Аб'ектыўны матэрыял для ацэнкі якасці адукацыі даюць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання як аднаго з элементаў знешняга кантролю якасці ведаў. Сёлета ў ЦТ прынялі ўдзел амаль 90% выпускнікоў мінскіх школ. Сярэдні набраны бал па ўсіх прадметах — 47,1, а па французскай, нямецкай мовах і хіміі — больш як 50 балаў. У параўнанні з абласнымі цэнтрамі сярэдні бал у выпускнікоў мінскіх школ вышэйшы па дзевяці прадметах.

Абсалютныя вынікі (100 балаў) паказалі сёлета па краіне 303 удзельнікі ЦТ у 314 выпадках, амаль трэць з іх — выпускнікі мінскіх школ, гэта больш, чым у мінулым годзе. Па двух прадметах 100 балаў набралі 11 абітурыентаў, чацвёра з іх — мінскія школьнікі (выпускнікі гімназій №№7, 13, 41 і ліцэя №1).

Аб узроўні ведаў вучняў, якія завяршылі навучанне ў пачатковай школе, у пэўнай ступені можна меркаваць па выніках уступных выпрабаванняў у 5-я класы гімназій. Сёлета ў іх удзельнічала амаль трэцяя частка ад агульнай колькасці выпускнікоў 4-х класаў. 88% з іх атрымалі адзнакі ад 8 да 10 балаў. Міхаіл Мірончык канстатуе: з 2014 па 2017 год больш чым утрая павялічылася колькасць вучняў, якія ў суме набралі максімальныя 60 балаў. Сёння гэта кожны дзясяты з тых, хто прымаў удзел у конкурсным адборы.

— Вынікі годныя, але нам яшчэ трэба будзе іх прааналізаваць, як і іншыя нюансы фарміравання гімназічных класаў. Пакуль жа ў наяўнасці магутная матывацыя бацькоў да навучання дзяцей у гімназіях і выкарыстанне ўсіх магчымых шляхоў іх падрыхтоўкі да ўступных іспытаў. На жаль, нярэдка паступленне дзіцяці ў гімназію становіцца задавальненнем менавіта бацькоўскіх амбіцый, — лічыць старшыня камітэта па адукацыі. — Напэўна, іх можна зразумець, хоць і цяжка. Калі ў траціны чацвёртакласнікаў настольнымі кнігамі з'яўляюцца зборнікі тэкстаў для ўступных выпрабаванняў, — гэта павінна нас як мінімум насцярожыць. Бацькам трэба дапамагчы ўсвядоміць, што ў школы, акрамя галоўнай задачы па навучанні дзяцей, ёсць і іншыя: гэта фарміраванне і развіццё ў малодшых школьнікаў сацыяльных кампетэнцый, даследчых навыкаў, якасцяў асобы, якія шмат у чым вызначаюць паспяховасць навучання на больш высокіх ступенях атрымання адукацыі.

Маленькія хамелеоны...

Асобна Міхаіл Мірончык спыніўся на выхаваўчых аспектах у педагагічнай працы:

— Галоўнай задачай для нас было, ёсць і будзе выхаванне патрыятызму, пачуцця гонару за краіну і гатоўнасць адстойваць яе нацыянальныя інтарэсы ў любой сітуацыі. Шмат было сказана праніклівых і правільных слоў на гэтую тэму: пра тое, што ў патрыятычнага выхавання няма меж; што ідэалогія пранізвае ўсе бакі адукацыйнага працэсу; казалі пра ролю настаўніка як правадніка патрыятычных поглядаў; аб захаванні гістарычнай памяці беларускага народа; пра неабходнасць ствараць умовы для праяўлення маладымі людзьмі грамадзянскай самастойнасці і адказнасці і пра многае іншае. Але інфляцыя слоў, якая апошнім часам мае месца, не можа і не павінна засланіць сутнасць ідэй патрыятычнага выхавання.

Старшыня камітэта па адукацыі ўпэўнены: арэна ідэалагічных бітваў — гэта не толькі міжнародныя дыскусіі або дэбаты на ўсіх тэлевізійных каналах, як правіла, з удзелам адных і тых жа асоб. Гэта таксама і гутаркі бацькоў на кухні, і размовы з сябрамі ў двары, і паўсядзённыя кантакты з аднакласнікамі і настаўнікамі ў школе.

— Новы фармат ідэалагічнага выхавання, на наш погляд, заключаецца ў фарміраванні ў дзяцей, іх бацькоў і педагогаў унутраных грамадзянскіх ацэначных пазіцый. А для гэтага неабходна, каб у дарослых словы не разыходзіліся з учынкамі, і яны былі для дзяцей ва ўсіх сітуацыях — ад бытавых да грамадска-палітычных — эталонам сумленнасці і цвёрдасці перакананняў. Каб дзеці перасталі быць гэткімі хамелеонамі, маніпулятарамі, якія ведаюць, у якой сітуацыі, каму і што сказаць і што зрабіць (гэтаму яны ў нас навучыліся!), — падзяліўся сваім бачаннем праблемы Міхаіл Мірончык. — Задача перад намі стаіць няпростая — фарміраваць у дзяцей усвядомленую патрэбу заўсёды быць самімі сабой, быць такімі, як іх вучылі, — патрэбнымі сваёй сям'і, грамадству і краіне.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ад слоў — да ўчынкаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.