Вы тут

Тэатралізаваным святам адзначаць 405-годдзе друкарні ў Любчы


У Любчы адбудзецца тэатралізаванае шэсце з нагоды памятных дат.

У мястэчку Любча ў Навагрудскім раёне 3 верасня адбудзецца свята «Друкаванае слова ў Любчы». Яно будзе прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і 405-годдзю мясцовай друкарні. У Любчанскім замку з гэтай нагоды будзе закладзена капсула з пасланнем.


Адкрыецца дзея ўрачыстым тэатралізаваным шэсцем гасцей і жыхароў Любчы ад замка да асноўнай сцэны. Запланаваныя сустрэчы з паэтамі, фэст літаратурных герояў, парад рэдкіх кніг, работа інтэрактыўнай бібліятэчнай пляцоўкі. Працягнецца свята канцэртам народнага ансамбля музыкі, песні і танца «Белыя Росы», выступленнямі аматарскіх калектываў рэгіёна. У завяршэнне адбудзецца баль для моладзі.

За часам, на жаль, не захавалася ні друкарня, ні яе абсталяванне. Цяпер нават невядома, дзе дакладна ў Любчы яна знаходзілася. Затое захавалася дакладная дата яе стварэння — 27 лютага 1612 года. Яе заснавальнік, друкар Пётр Бластус Кміта прыехаў у Любчу з Вільні, ратуючыся ад пераследу езуітаў.

Даследчыкі лічаць Любчанскую друкарню фенаменальнай: ні адна пратэстанцкая друкарня ў Вялікім Княстве Літоўскім не існавала так доўга, як гэта. Прадстаўнікі розных саслоўяў і веравызнанняў мелі магчымасць друкаваць у ёй свае творы. Прычым з друкарскіх варштатаў выходзілі не толькі рэлігійныя тэксты, нямала было выдадзена медыцынскай, навуковай літаратуры, выдавалі навуковыя дапаможнікі і нават свецкія раманы.

Усяго вядома пра трох друкароў у Любчы. Да выдавецкай справы далучыўся сын Пятра Кміты Ян Даніэль. Апошнім трэцім выдаўцом быў эмігрант з Польшчы Ян Лангэ. Эпідэміі і войны XVІІ стагоддзя знішчылі Любчу. З тых часоў кнігавыданне ў ёй не аднаўлялася.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чатыры стагоддзі друкарні

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.