Вы тут

Усё пачынаецца… з прыроды


Для вучняў ДУА «Гімназія №32 г. Мінска» сёлетні Дзень ведаў прайшоў пад знакам экалогіі. На святочную лінейку, прысвечаную пачатку навучальнага года, да школьнікаў завітала першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Ія Малкіна.

Сталічная ўстанова адукацыі, якую кіраўніцтва прыродаахоўнага ведамства сёлета выбрала для віншавання з Днём ведаў, актыўна займаецца пытаннямі экаадукацыі. З 2014 года яна з’яўляецца асацыіраванай школай ЮНЕСКА, і ў межах гэтага напрамку сваёй дзейнасці працуе над рэалізацыяй праграмы «Экалагічнае выхаванне і адукацыя». Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў гімназісты ўдзельнічаюць у тэматычных навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах. Усё больш хлопцаў і дзяўчат, што вучацца ў гімназіі №32, цікавяцца навінамі ў сферы аховы прыроды і развіцця «зялёнай» эканомікі, паступова далучаюцца да рэспубліканскіх і міжнародных экалагічных акцый.

Таму падарункі ад Мінпрыроды, якія першы намеснік міністра ўручыла дырэктару ўстановы адукацыі Алене Кісялёвай, павінны стаць добрымі сябрамі для многіх гімназістаў. Сярод іх – камплект чацвёртага выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, кнігі на тэму развіцця «зялёнай» эканомікі, цікавыя літаратурныя творы пра жывёльны і раслінны свет краіны.

– Безумоўна, ахова навакольнага асяроддзя з’яўляецца важным элементам жыццядзейнасці любой дзяржавы, – адзначыла Ія Малкіна. – Але для першакласнікаў вельмі важна зразумець, чаму нельга сарваць кветку, пашкодзіць дрэва… І ў кнігах, падораных ім Мінпрыроды, мы хацелі на самай зразумелай мове – мове малюнкаў – паказаць, што гэта такое – ахоўваць сваю Радзіму, прымнажаць тыя багацці, якія ёсць у кожнай краіне. Я спадзяюся, падарункі для самых маленькіх школьнікаў змогуць павялічыць той багаж ведаў, што дзеці атрымаюць у бягучым навучальным годзе.

Ія Вітальеўна таксама адкрыла першы ўрок у 1 «В» класе гімназіі і ўручыла кожнаму вучню дзіцячыя кнігі экалагічнай накіраванасці, а таксама падарунак Прэзідэнта краіны Беларусь – кнігу «Беларусь – наша Радзіма».

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вольга Рацэвіч аб літаб’яднаннях і конкурсе «БрамаМар»

Вольга Рацэвіч аб літаб’яднаннях і конкурсе «БрамаМар»

«Эксперыменты дапамагаюць набыць літаратурную вопытнасць».

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.