Вы тут

Тлустыя плюсы айчыннай цыбулі


Паспрабуйце знайсці гаспадыню, у якой у агародзе не было б цыбулі. І ў салатах яна добрая, і ў супе, і рэдкія закаткі без яе абыходзяцца. А ці не заўважалі вы, што замежная цыбуля ў прыгатаванні часта прайграе айчыннай? Усё таму, што нашы сарты ўтрымліваюць больш сухіх рэчываў (16 працэнтаў, а ў шэрагу замежных гібрыдаў — усяго 8—9). Адна справа, пакласці ў страву беларускую цыбулю — ужо будзе адпаведны смак і пах, іншая — заморскую. Ды і для смажання замежныя сарты часта не падыходзяць — высыхаюць на патэльні.


І яшчэ адзін плюсік агародніны з высокім утрыманнем сухіх рэчываў — добрая лёжкасць. Напрыклад, у звычайных хатніх умовах такі беларускі сорт як Ветразь можна захоўваць ажно да новага ўраджаю. Акрамя гэтага, айчынныя сарты лепшыя для вырошчвання на пяро.

«Злосная бабуля» з часночным прысмакам

— Сёння намаганні селекцыянераў накіраваны на тое, каб ствараць сарты, адаптаваныя да нашых умоў і ў першую чаргу ўстойлівыя да найбольш распаўсюджаных захворванняў, — расказвае загадчык аддзела холадаўстойлівых агародных культур Інстытута агародніцтва Мікалай Купрэенка. — Такім чынам можна паніжаць хімічную нагрузку на расліны. Так, для замежных сартоў з нізкай устойлівасцю спатрэбіцца 3—4 апрацоўкі. Акрамя таго для беларускіх раслін можна выкарыстоўваць больш танныя і менш шкодныя кантактныя прэпараты.

Тым, хто паважае цыбулю не толькі за карэньчыкі, але і за вяршкі, трэба звярнуць увагу на шматгадовыя цыбулі. Яны вельмі хутка адрастаюць, даюць самую першую зеляніну ўжо ў сакавіку (ураджай можна паскорыць, калі выкарыстоўваць укрыцці, напрыклад, той жа спанбонд). Зрэзку можна рабіць 3—4 разы за сезон. І на адным месцы шматгадовая цыбуля будзе расці каля чатырох гадоў, пасля яна загушчаецца, пер'е драбнее, яе трэба рассаджваць.

Да таго ж і выбар такіх культур вялікі, розняцца яны памерамі, выглядам, смакам. Беларускімі вучонымі створаны сорт слізуна (правільная батанічная назва — цыбуля панікаючая). гэта від, які вызначаецца вялікім утрыманнем жалеза ў лістах. Культура гэта спецыфічная — у яе плоскі ліст з часночным прысмакам. Усё больш прыхільнікаў у шніт-цыбулі, яе дробны трубчаты ліст рана адрастае, расліна прыгожа глядзіцца на градках, нават дэкаратыўная, калі квітнее. Але больш папулярны ў насельніцтва батун (яго яшчэ называюць зімовай цыбуляй), бо знешне і па смаку ён падобны да рэпчатай цыбулі.

Між іншым, у калекцыі Інстытута агародніцтва сёння 16 відаў шматгадовых цыбуль, сярод якіх і пахучая, алтайская, залацістая, блакітная, а таксама анзуры (горныя цыбулі) — найвышэйшыя і сцябліністыя, пра якія кажуць, што па сваіх здольнасцях яны блізкія да жэньшэню. Дарэчы, тая ж цыбуля мядзведжая, якая ў Беларусі сустракаецца ў дзікай прыродзе, можа расці і на агародзе, калі ёй стварыць вільготныя і зацененыя ўмовы.

Плюсы такіх мнагалетнікаў яшчэ і ў тым, што яны могуць выдатна расці пры недахопе асвятлення, напрыклад, добра адчуваюць сябе пад яблынямі. Акрамя гэтага, расліны ўстойлівыя да хвароб, а значыць, вы атрымліваеце карысную, экалагічна чыстую прадукцыю.

— Але чаму гэтыя віды цыбулі рэдка можна ўбачыць у магазінах? — цікаўлюся ў Мікалая Пятровіча.

— Мы спрабавалі над гэтым працаваць. Калі быў створаны сорт слізуна Беларускі батанічны, у адным з саўгасаў заклалі вялікую яго плантацыю — амаль у гектар. Вядома, такія культуры трэба больш рэкламаваць. Насенне асобных цыбуль насельніцтва ўжо пачынае набываць. Гэта справа часу. Да ўсяго трэба прызвычайвацца, як раней было з відамі капусты. Напрыклад, зараз людзі з задаваленнем набываюць брокалі, але ж так было не заўсёды.

Каб рос, але не дробны

Ёсць свае плюсы і ў беларускага часнаку. І справа не толькі ў добрай ураджайнасці.

— Дзіўна, чаму часнок, які расце ці не ў кожным агародзе, стаў такі дарагі?

— Гэта не да селекцыянераў пытанне, а да гандлю. Гандаль завёз больш танны кітайскі часнок, і наш стаў неканкурэнтаздольны, так свайго вытворцу выбілі. А зараз цэны на часнок сапраўды касмічныя, увосень даходзіла да 13 рублёў.

— Людзі скардзяцца, што часнок, які яны вырошчваюць, драбнее, дрэнна захоўваецца.

— Часнок, як і бульба, размнажаецца вегетатыўна. Таму сорт трэба аднаўляць, мы гэта раім рабіць раз у 4—5 гадоў. З няякасным жа насеннем можна набыць хваробы. Самае праблемнае — фузарыёзнае ўвяданне. Гэта глебавы грыб, ён выдатна перазімоўвае, і інфекцыя застаецца ў зямлі. Пры фузарыёзе часнок не захоўваецца, спачатку вы заўважыце плямкі-язвачкі, а праз кароткі час, як людзі кажуць, усё вычхалася, ссохла. Небяспечныя і вірусы на часнаку — страчваецца ўраджайнасць. Ён расце, але дробны. Асноўнае правіла — прытрымлівацца севазвароту. Цыбулевыя культуры добра вырошчваць пасля гарбузовых — агурка, гарбуза, кабачка.

— Якія культуры могуць яшчэ пацярпець ад тых жа хвароб, што і часнок?

— Цыбуля таксама пашкоджваецца фузарыёзам. А шэрая гніль — праблема практычна для 50 відаў агародніны. Нельга вырошчваць цыбулю ці часнок пасля морквы. Яна для іх агульны ўзбуджальнік белай гнілі.

— Але агароднікі так любяць сумяшчаць пасадкі морквы і цыбулі...

— Ёсць такая традыцыйная мера барацьбы, быццам пах цыбулі адпужвае маркоўную муху, морквы — цыбульную. Так муха вам і напужалася. Калі ёй трэба харчавацца і размнажацца, пахі яе не спыняць. Хіба што, калі ў вас сумешчаныя пасадкі, а ў суседа не, магчыма, яна паляціць да яго. Між іншым, муха ў нашых умовах дае два, а то і тры пакаленні. Каб змагацца з цыбульнай мухай, патрэбны радыкальныя меры — гэта хімічныя рэчывы. Мы рэкамендуем пратраўліванне пасадачнага матэрыялу. Людзі шукаюць прафілактычныя сродкі. Нехта пасыпае табачным пылам, іншыя паліваюць растворам з соллю. Часткова такія аматарскія сродкі паніжаюць шкоду ад мухі. Але тут не столькі соль спрацоўвае, колькі вільгаць. Муха адкладае яйкі пад сухія камочкі глебы. Калі вы шчодра палілі зямлю, мусе давядзецца чакаць, пакуль яна прасохне. Але цыбуля і часнок не любяць высокага засалення.

— Часнок жаўцее вясной...

— У асноўным гэта бывае ад падмарожвання. Мы рэкамендуем часнок як мінімум два разы апрацоўваць фунгіцыдамі. Яго з вясны трэба добра карміць, каб больш было азоту, каб інтэнсіўна нарастаў. Чым вышэйшая і мацнейшая расліна, тым буйнейшыя цыбуліны. Пачынаць рабіць падкормкі (а азотных павінна быць чатыры за сезон) трэба, як толькі ён пачаў прарастаць. Лепш выкарыстоўваць аміячную салетру (ці карбамід). Азот важна даваць да таго, як пачалося фарміраванне цыбуліны. Калі пачынаецца стрэлкаванне часнаку, спатрэбяцца фосфар і калій, яны паскараюць выспяванне і садзейнічаюць лёжкасці. Мы рэкамендуем праводзіць пазакаранёвыя падкормкі, асабліва, калі сухое надвор'е, бо ў такі час расліна дрэнна іх засвойвае. Добра, каб вадкія падкормкі ўтрымлівалі не толькі азот, але і мікраэлементы. Для часнаку важны такі, як сера, без яе ён горш расце. Гуматы і аксігуматы таксама даюць станоўчы эфект.

— Пры такім харчаванні напэўна расліны і стрэсы лепш перажываюць...

— Усё, што адстае ў росце, хутчэй паражаецца і хваробамі, і стрэсавымі фактарамі. Для цыбулевых культур важная ўрадлівасць глебы, паколькі ў іх слабая, неглыбокая каранёвая сістэма. Адсутнасць добрага сілкавання адбіваецца і на якасці, утрыманні карысных рэчываў. Часнок славіцца тым, што назапашвае селен. Гэта здароўе, імунітэт, зніжэнне ракавых захворванняў. А глебы бедныя на такія рэчывы, значыць, трэба ўносіць спецыяльныя ўгнаенні, напрыклад, ёсць вадкае «Камплемет—селен».

Важна прытрымлівацца севазвароту, змагацца з пустазеллем, бо на іх могуць быць тыя ж шкоднікі і інфекцыі. Важная і дэзынсекцыя абсталявання — усё можа перадавацца праз інструмент, вопратку. Пахадзілі па суседскім агародзе, каб паглядзець, што там за бяда, — і прынеслі гэта сабе, спораў жа мільярды. Пратраўлівайце матэрыял. Рэкамендуецца праграванне сяўка. Міцэлій грыба, які выклікае шэйкавую гніль, зімуе ў цыбулінках. Калі цыбулю вытрымаць 8 гадзін пры тэмпературы 40 градусаў, ён загіне.

Не выпадкова цыбулю раней захоўвалі на печы. Гэта важна для таго, каб яна не стрэлкавалася. Калі тэмпература ніжэй за 16 градусаў, яна праходзіць яравізацыю. А яшчэ нашы бабулі клалі ў рэшата і аблівалі з чыгунка цыбулю кіпнем, каб знізіць стрэлкаванне. Важна, каб вада праляцела, цыбуліна хутка прайшла праз стрэс, але не паспелі пашкодзіцца клеткі. А то некаторыя кідаюць цыбулю ў кіпень, а пасля здзіўляюцца, чаму яна не расце.

— Раней цыбуліны надразалі і замочвалі ў растворы з попелам.

— Можна выкарыстоўваць і настоі попелу ці замочваць у марганцоўцы. Гэта і мікраўгнаенні, і прафілактыка. Але надразаць не пажадана — так вы адкрываеце «вароты» інфекцыі. Хіба што, гэта магчыма, калі выганяеце цыбулю на зяленіва, каб яна хутчэй прарастала.

— Калі рана пасадзіць цыбулю, яна пойдзе
ў стрэлкі?

— Сапраўды, у халоднай, непрагрэтай глебе яна пройдзе яравізацыю. З пасадкай сяўка спяшацца не трэба — у любым выпадку вырасце. Перыяд вегетацыі ў яго 75—80, максімум
90 дзён. А на зялёнае пяро цыбулю можна садзіць нават зараз.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вось часночак, дык часночак!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.