Вы тут

Пад іменем Скарыны


«Полымя»

500-годдзе беларускага кнігадрукавання, безумоўна, паспрыяла надзвычайнай цікавасці да асобы Францыска Скарыны, пераасэнсаванню яго творчасці і яе ўплыву на нашу сучаснасць. У 2017-м «Полымя» двойчы звярталася непасрэдна да тэкстаў першадрукара. Юбілейны год адкрылі перастварэнні паэта і перакладчыка Алеся Разанава, фрагменты на той момант будучай кнігі «Францыск Скарына. Маем найбольшае самі», што пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура». А №8, 2017, прымеркаваны да святкавання Дня беларускага пісьменства, распачалі Пра(д)вершы — тэксты Францыска Скарыны па-беларуску ўзнавіў паэт і перакладчык Алесь Бразгуноў.

На старонках жнівеньскага нумара часопіса чытачы таксама знойдуць гутарку з даследчыкам, які ведае пра Францыска Скарыну ўсё, што на сённяшні дзень магчыма. Працуючы над нарысам «Крыніцы Прыдзвіння», Зіновій Прыгодзіч не толькі наведаў полацкія славутасці, але і распытаў вядомых даследчыкаў пра слынныя мясціны і выдатных асоб, чый лёс быў звязаны з Полацкам. Сярод суразмоўнікаў Зіновія Кірылавіча — намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, скарыназнаўца Алесь Суша.

Дзякуючы конкурсу «Францыск Скарына і сучаснасць» жыццё і творчасць першадрукара былі шырока ўвасоблены і асэнсаваны ў драматычных творах. Жнівеньскі нумар «Полымя» прапануе чытачу рэцэнзію Юліі Алейчанкі на зборнік п'ес «Францыск Скарына і сучаснасць», выдадзены па выніках конкурсу, дзе змешчаны творы Цімафея Ільеўскага, Мікалая Рудкоўскага, Сяргея Кавалёва ды іншых. Працяг на старонках часопіса тэма атрымае восенню: літаратуразнаўца Святлана Ганчарова-Грабоўская завяршае працу над кнігай, дзе асэнсоўваецца вобраз Францыска Скарыны ў беларускай драматургіі. З фрагментамі даследавання змогуць пазнаёміцца і чытачы «Полымя».


«НЁМАН»

Гістарычная аповесць Таццяны Лашук «Экзамен» (№3, 2017) расказвае пра важны эпізод з жыцця Францыска Скарыны, які прыехаў у Падую, каб атрымаць у знакамітым універсітэце званне доктара. Абарона прайшла паспяхова, але адбылося нешта асаблівае, што моцна азмрочыла святочны дзень.

Вядомы крытык і літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алесь Марціновіч у рэцэнзіі «Трылогія пра Францыска Скарыну» (№4, 2017) разглядае тры кнігі «Францыск Скарына», якія напісаў пра беларускага першадрукара намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці, культуролаг Алесь Суша.

Доктар філалагічных навук, прафесар Іван Штэйнер у артыкуле «Откуле же тогда мудрость приходить» (№6, 2017) дзеліцца сваім вольным роздумам з нагоды кнігі перастварэнняў Алеся Разанава «Францыск Скарына. Маем найбольшае самі».

Літаратуразнаўца Ілья Лямешкін у артыкуле «Францыск Скарына і Прага 1451 г.» (№8, 2017) звяртаецца да першакрыніц, што захоўваюцца ў архівах і кніжных зборах Прагі і праліваюць святло на жыццё і дзейнасць першадрукара.

Безумоўна, вялікую цікавасць у чытачоў выкліча артыкул доктара філалагічных навук, прафесара Вячаслава Рагойшы з інтрыгуючай назвай «Вершатворчасць паэта Францыска Скарыны» (№9, 2017 ).

А вось аматараў драматургіі не пакіне абыякавымі вольная п'еса Сяргея Зянькова і Івана Штэйнера «Юшка из буквиц печатных» (№ 9, 2017).


«Маладосць»

У №1, студзеньскім, — пра Скарыну і яго маркетынгавую стратэгію — парцэляцыю Бібліі. У №12, снежаньскім, — пра перспектывы і праблемы найноўшага друку — плазменнай перыёдыкі, такой тонкай і гнуткай, што можна скруціць яе ў сувой, каб прыбіць муху.

Спецыяльна да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання рэдакцыя часопіса «Маладосць» распрацавала праект з храналагічнай паслядоўнасцю выкладання матэрыялаў па мінулым і будучыні нашага друку, назваўшы яго «Варштат», стварыўшы для яго асобную вокладку з лагатыпам (стылізаванай выявай друкарскага варштата), аздобіўшы адмыслова старонкі (з нумарамі, упісанымі ў «варштацікі») і суправадзіўшы ўсё галаваломкай: з нумара ў нумар, ад студзеня да снежня на вокладцы сур'ёзнага праекта, прысвечанага значнай даце, размяшчаецца «абракадабра» — часткі зашыфраванага выразу, якія трэба сабраць і, знайшоўшы «ключ», расшыфраваць, каб атрымаць прыз.

Артыкулы, над якімі для «Варштата» працавалі аўтарытэтныя навукоўцы (скарыназнаўцы, бібліёграфы, гісторыкі, культуролагі), а таксама журналісты «ў тэме», раскрываюць найбольш цікавыя і пры гэтым не вельмі шырока вядомыя акалічнасці існавання і развіцця друку на Беларусі.

Варта адзначыць, што праз праект прайшлі і мастацкія тэксты — сапраўдныя рарытэты, такія як узор сатырычнай паэзіі эпохі Барока «Банкет, або Гісторыя, як Адам банкетаваў са сваімі трыма сынамі» (урыўкі), а таксама ўнікальны помнік смехавой культуры XVІІ стагоддзя з назвай «Суплікацыя Віленскага збору да гера Марціна Лютэра за Кс[яндза] Мікалая Бурхарда, свайго міністра, які ў суботу, лезучы па курэй, зваліўся з драбіны і меў гонар зламаць шыю» — абодва ў перакладзе са старапольскай мовы Ірыны Зімневай з прадмовай Уладзіміра Кароткага.

Да канца года на старонках «Варштата» выйдзе яшчэ шмат цікавага.


«Бярозка»

«Нарадзіўшыся на белы свет, Слова, маленькае і кволае, тым не менш, адразу пачало падарожнічаць па Зямлі. «Ці патрэбна я тут хоць каму? — думала пры гэтым Слова. — І што добрага я магу даць гэтай планеце?» — так пачынаецца апавяданне «Як Слова для людзей ішло...» Ганны Сінькевіч, шасцікласніцы з Заслаўя, надрукаванае ў №1 часопіса «Бярозка». Менавіта Ганна адкрывае святкаванне пяцісотгоддзя беларускай кнігі ў гэтым выданні, сканцэнтраваўшы ў сваім мілым і шчырым апавяданні ўсю гісторыю Слова. Справу, пачатую Ганнай, падхапілі і іншыя чытачы і аўтары «Бярозкі» — Ганна Ласіца, сямікласніца з Асіповіцкага раёна, падзялілася сваімі разважаннямі пра ролю кнігі ў жыцці чалавека, Дзіяна Бычкевіч, дзесяцікласніца са Стаўбцоўскага раёна, прапанавала свой верш, прысвечаны Францыску Скарыну, а гомельскі васьмікласнік Віктар Іваноў паспрабаваў уявіць, як хлопчык Франак стаў славутым навукоўцам і першадрукаром.

У жнівеньскім нумары, напярэдадні свята пісьменства, рэдакцыя «Бярозкі» непасрэдна рыхтуе чытачоў часопіса да вандроўкі ў Полацк. Візіт у найстарэйшы горад Беларусі можна лічыць сапраўдным толькі тады, калі выкананая абавязковая экскурсійная праграма: «Полацкі Сафійскі сабор — Спаса-Ефрасіннеўская царква — Музей кнігадрукавання». А аўтары комікса на вокладцы «Бярозкі» ўключылі ў маршрут і яшчэ адзін пункт — помнік літары «Ў» аўтарства Ігара Куржалава, які з'явіўся ў Полацку ў 2003 годзе.

Пярлінай сярод святочных матэрыялаў стаў фотарэпартаж з Полацкага музея беларускага кнігадрукавання. У рубрыцы «Незапыленае» можна пабачыць шэсць «самых-самых» кніг: «Евангелле Вучыцельнае» — адна з самых каштоўных у фондзе, «Вока царкоўнае» — самая аб'ёмная, «12 прамоў» — самая старая ў музеі, «Фландрыя» — адно з самых старых лацінскіх выданняў, а таксама «Вячэра душэўная» — зборнік казанняў Сімяона Полацкага, створаны ў дапамогу святарам-пачаткоўцам, і «Рымскі імшал» — лацінскае выданне, надрукаванае ў Полацку ў друкарні Ордэна піяраў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.