Адна з падзей у Дзень беларускага пісьменства ў Полацку — прэзентацыя ўзноўленага самага старога друкаванага дакумента Кітая.
І адбудзецца гэтая прэзентацыя 3 верасня аб 11-й гадзіне на полацкай пляцоўцы фестываля кнігі і прэсы — на «Друкарскім двары XVІ стагоддзя», дзе будзе гаспадарыць сучасны друкар, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў.
Вядомы ў краіне і за яе межамі філакартыст, гісторык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ён вылучыў многія ініцыятывы, рэалізаваў у падарунак да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання многія добрыя справы. Узнавіўшы «Алмазную сутру» па старых тэхналогіях, беларускі руплівец нагадаў пра тое, што ў Паднябеснай вытокі кнігадрукавання адносяцца да 868 года. Хто ведае, магчыма, вопыт кітайскіх першадрукароў быў вядомы і нашаму Францыску Скарыну.
— Другая з вядомых друкаваных у свеце кніг — «Алмазная сутра» — не можа не прывабліваць, — дзеліцца сваімі развагамі Уладзімір Ліхадзедаў. — А ўвогуле самім зваротам да ўзнаўлення гэтага помніка кніжнай культуры я хачу падкрэсліць важкасць стасункаў паміж народамі і культурамі. Ва ўсе часіны такія зносіны былі асновай міралюбства і гуманізму. Дык чаму зараз нам не шукаць еднасць у памкненнях да асэнсавання розных культур, да развіцця і ўмацавання паважлівага стаўлення да чужых здабыткаў?! Якраз да станоўчага адказу на гэтае пытанне і скіраваны мой шматгадовы праект «У пошуках страчанага».
Поруч з узноўленай «Алмазнай сутрай» на «Друкарскім двары...» можна будзе пазнаёміцца са скарынаўскай спадчынай.
Мікола БЕРЛЕЖ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.