Вы тут

Алесю Адамовічу — 90


Газета працягвае публікацыю матэрыялаў у падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея Алеся Адамовіча.


Трэцяга верасня ў Глушы будуць зноў успамінаць свайго знакамітага земляка. На самай справе Алесь Адамовіч нарадзіўся
3 жніўня 1926 года — на цэлы год і месяц раней. Але падчас вайны маці крыху «падмаладзіла» сына, каб яго не пагналі ў Германію. Гэта дата так і засталася для пісьменніка пашпартнай.

Выстава, творчы вечар у Доме культуры, прагляд кінастужак па творах пісьменніка дапамогуць яшчэ раз ацаніць той уклад у беларускую культуру, якую зрабіў гэты чалавек. Пра свайго бацьку будзе ўспамінаць дачка літаратара Наталля Адамовіч. Яна часта бывае ў Глушы, асабіста знаёма з тутэйшымі жыхарамі. Сярод іх многія ведалі яе бацьку і нават сябравалі з ім. Пісьменнікі, прыхільнікі творчасці Алеся Адамовіча, госці сустрэчы наведаюць мясцовыя могілкі, дзе пахаваны пісьменнік, і ўскладуць кветкі да велізарнага каменя-помніка.

На сустрэчу запрошаны госці з Дзямідаўскага раёна Смаленскай вобласці. Там вельмі моцныя партызанскія традыцыі, у пасёлку Пржэвальскае кожны год 16 ліпеня адбываецца ваенна-гістарычны фестываль «Слабада партызанская», прысвечаны першаму бою партызан на Смаленшчыне. У гады вайны Алесь Адамовіч, нягледзячы на падлеткавы ўзрост, таксама быў партызанам. І вучні Пржэвальскай школы вывучаюць яго творчасць на пазакласных гадзінах.

Мы ўжо паведамлялі пра тое, што нядаўна пры Бабруйскім райвыканкаме створаны назіральны савет, які будзе каардынаваць дзейнасць па адкрыцці музея. Нядаўна быў зацверджаны яго асноўны састаў, туды ўвайшлі дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіна Чарнова, начальнік фінансавага аддзела Бабруйскага райвыканкама Ірына Грэсь, старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» Нэлі Зігуля. І першае пасяджэнне гэтага савета прымеркавана менавіта да юбілею пісьменніка. У наступным нумары мы падрабязна паведамім пра тое рашэнне, якое будзе прынята.

Летась пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама быў створаны дабрачынны рахунак, і кожны ахвотны мог унесці сваю лепту ў стварэнне музея. Самы адчувальны ўнёсак зрабіла беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая ахвяравала 5 тысяч долараў. Сярод тых, хто перавёў грошы на дабрачынны рахунак, Магілёўскі аблвыканкам, Бабруйскі райвыканкам, культурныя ўстановы Бабруйска, абласная бібліятэка імя Леніна, абласное Таварыства беларускай мовы, калектыў газеты «Звязда» і шмат іншых. Яшчэ на пачатак года агульная сума складала 11 800 рублёў. З таго часу яна, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіны Чарновай, амаль не мянялася. Таму адным з пытанняў будзе прыцягненне ўвагі да агульнай справы і пошук спонсараў, бо музей ствараецца выключна на дабрачынныя ахвяраванні і сродкаў патрэбна шмат.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Нагадваем, што дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама:

р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ АБ «Беларусбанк», код 760 г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Увага! Указанне прызначэння плацяжу прынцыповае! Гэты сказ абавязкова павінен быць цалкам пазначаны на банкаўскім дакуменце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».