Вы тут

«Хочацца, каб іншыя натхніліся нашай талакой»


Днямі ў вёсцы Энергія Пухавіцкага раёна адбылося свята! Пакуль малыя тэсціравалі горкі і арэлі новай дзіцячай пляцоўкі, дарослыя натхняліся народнымі песнямі гурта «Рада»!


Талака вельмі зблізіла вяскоўцаў.

А пачыналася ўсё са звычайнага калектыўнага звароту маладых бацькоў да мясцовай улады.

— У нашай Энергіі тры вуліцы, прычым усе асфальтаваныя і з даволі актыўным рухам, — расказвае мама ў дэкрэце, педагог па адукацыі, Настасся Кухарэнка. (Яе многія ведаюць як адну з арганізатарак танцавальнага фэсту «Пятровіца». Нарадзілася ў Любані, там жывуць яе бацькі. А ў Энергію выйшла замуж. І зараз там гадуе сына Дзяміда, якому два гады.) — Пры гэтым няма ні школкі, ні садка, ні хоць бы дзіцячай пляцоўкі. Надакучыла нам, мамкам, дзяцей па асфальце даганяць ды галавой круціць штохвіліны ад страху «не дай божа — машына пранясецца»... І звярнуліся мы ў сельвыканкам з просьбай дапамагчы з дзіцячай пляцоўкай. Дзеці ж растуць, патрэбна нейкае месца, дзе яны могуць гуляць разам.

З мясцовай уладай Энергіі пашанцавала. Спецыялісты, паводле слоў Настассі, у Дукорскім сельсавеце працуюць добрыя.

— Менавіта яны паспрыялі рэгістрацыі нашага з мужам шлюбу па-беларуску. І на гэты раз пайшлі насустрач, тым больш што, як аказалася, будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі ў Энергіі значылася ў планах.

Калектыўны зварот жыхары Энергіі і суседніх вёсак склалі ў канцы вясны — і ўжо 29 ліпеня ў мясцовым парку з'явіўся дзіцячы гульнявы комплекс. Прыгожы, драўляны, з домікамі, горкамі, арэлямі.

...І тут бацькі пачалі крэатыўнічаць, думаць: «А што мы можам яшчэ дарабіць?»

— Спярша спыталі ў старшыні сельвыканкама дазволу, ці можам мы тут крыху пагаспадарыць. Таццяна Мікалаеўна Савік, вядома, падтрымала нашу ініцыятыву.

Талака была прызначана на 12 жніўня. Маладыя бацькі так натхніліся, што шчыравалі на дзіцячай пляцоўцы ажно тры дні. Нават спёка ў 32 градусы не спужала іх. Навялі там такі парадак! І ў выніку павялічылі тэрыторыю пляцоўкі ў тры разы!

— Зрабілі дзве пясочніцы, арэлі-балансір. Сям'я Кобавых паабяцала змайстраваць каруселі — гэтая ідэя ўзнікла якраз падчас талакі. Акрамя таго, мы з мамамі вырашылі, што трэба агарадзіць пляцоўку з усіх бакоў. Таццяна Мікалаеўна Савік паабяцала, што ад дарогі прыгожую агароджу зробіць сельсавет. З усіх астатніх бакоў пляцоўкі мы самі нацягнулі сетку ды ўкапалі ў зямлю шыны, якія пафарбавалі ў яркія колеры. Актыўна ўдзельнічалі ў талацэ сем'і Пятроўскіх, Догель, Казакевіч, Савіч, Голубцавых... І з суседніх вёсак таксама прыходзілі мамы з дзеткамі, дапамагалі. Нават мясцовыя бабулі да нас далучыліся. Хтосьці прынёс з дому фарбу, хтосьці збіраў грошы з людзей, хтосьці шукаў шыны. Назбіралі сродкаў не толькі на сетку, але і на яшчэ адзін невялікі спартыўны комплекс са скаладромам, канатам, рукаходам... Яго ўсталююць пасля 10 верасня. Ужо пачаліся жарты пра мясцовы аквапарк і Дыснейлэнд.

Цікава назіраць за людзьмі. Яны трохі здзіўленыя тым, што атрымалася. Што сельсавет пачуў, што сабраліся разам, што ў дзяцей будзе добрае месца для гульняў. Дарэчы, талака хоць і скончылася, але ідэі працягваюць нараджацца. «Трэба прыбіральню паставіць для дзяцей, аздобіць пляцоўку кветнікамі...»

— Вырашылі, што ўвесну зробім яшчэ адну талаку, — усміхаецца Настасся. — Будзем нешта дарабляць, добраўпарадкаваць. Тое, што з'явілася дзіцячая пляцоўка, — гэта такая радасць для ўсёй вёскі! Але, мне здаецца, галоўнае, што мы аб'ядналіся. Такое адчуванне: разам можам горы звярнуць. Цяпер такі час, што паўсюль пануе індывідуалізм. Трэба нашых людзей вяртаць да вытокаў, прывучаць рабіць нешта разам. Мы ж хочам, каб дзеці нашы сябравалі, гулялі... А часта і дарослых трэба гэтаму вучыць. Асабіста для мяне талака абсалютна натуральная з'ява. Паколькі я сама з вялікай сям'і, у мяне шмат дзядзькаў, цётак, стрыечных братоў. Калі трэба рабіць нейкую справу — камусьці дах накрыць на лецішчы, напрыклад, альбо выкапаць бульбу, — заўсёды прызначаўся дзень, з'язджаліся ўсе сваякі, рабілі гэтую працу разам. Я гадавалася ў такой атмасферы. І мне не зразумела, калі адзін чалавек цэлы тыдзень выбірае бульбу.

...Агульная мэта вельмі зблізіла жыхароў Энергіі. Хацелася неяк адзначыць гэтую падзею. І Настасся вырашыла зладзіць свята. Аднавяскоўцы зноў яе падтрымалі.

— Хочацца, каб людзі даведаліся пра нас. Можа, хто з іншай вёскі натхніцца, — усміхаецца Настасся. — Мой муж, калі яшчэ быў маім жаніхом, казаў: «Горад — не месца для жыцця». І я з ім цалкам згодная. У вёсцы шмат чыстага паветра, зялёнай травы, душэўнасці... Не хапае бадай што толькі насычанага культурнага жыцця ды развіваючага асяроддзя для дзяцей. Але і гэта, лічу, не праблема. Было б жаданне.

У верасні і кастрычніку жыхары Энергіі хочуць зрабіць яшчэ некалькі цікавых мерапрыемстваў, а налета зладзіць паўнавартаснае свята вёскі. Яго ўжо чакаюць з нецярпеннем.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».