Вы тут

Пад блаславенне князя Давыда абласныя дажынкі адсвяткавала Брэстчына


Сёлета ўпершыню абласныя дажынкі праходзілі не ў райцэнтры. Іх сталіцай стаў Давыд-Гарадок Столінскага раёна. Старадаўняе мястэчка сустрэла гасцей абноўленым і памаладзелым. Сонечнае цёплае надвор'е прыдало ўрачыстасці дню.


А своеасаблівай «фішкай» свята стаў 50-кілаграмовы каравай, які кандытары прадпрыемства «Берасцейскі пекар» прыгатавалі да фестывалю-кірмашу. На гэты шэдэўр пекарскага мастацтва кандытары Іна Качалоўская і Наталля Пахачук затрацілі 16 гадзін. У дыяметры шыкоўны каравай дасягнуў метра. Яго ўпрыгожылі 40 руж, якія майстрыхі вылепілі ўручную.

Можна сказаць, што каравай стаў вянцом свята ўраджаю. А галоўныя яго героі, тыя, каго ўшаноўвалі на сцэне, маглі ўбачыць лагічнае завяршэнне сваёй карпатлівай працы. І не толькі ўбачыць, але і пачаставацца.

Шанаванне герояў жніва пачалося апоўдні. Пасля традыцыйнага шэсця раёнаў прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны занялі сваё пачэснае месца ў першых радах перад сцэнай. У святочных касцюмах, перавязаныя чырвонай стужкай, яны ўздымаліся, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды. Перадавікоў жніва, а таксама найлепшыя гаспадаркі, раёны-пераможцы павіншаваў старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС.

Губернатар агучыў асноўныя лічбы ўборачнай кампаніі. У цэлым па вобласці намалочана 1,2 мільёна тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 36,7 цэнтнера з гектара. Кіраўнік вобласці адзначыў, што аграрыі рэгіёна сабралі добры ўраджай. Гэтаму паспрыялі надвор'е і зладжаная работа земляробаў. Нягледзячы на тое, што ўборка пачалася пазней, яна была праведзена ў аптымальныя тэрміны.

Пераможцам абласнога спаборніцтва стаў гэтым разам Брэсцкі раён. Другое месца прысуджана Пружанскаму раёну, трэцяе — Камянецкаму. Сярод гаспадарак адзнаку атрымалі КСУП «Саўгас «Брэсцкі», ААТ «Агра-Калядзічы» і «Агра-сад «Світанак». Так, у Брэсцкім раёне сярэдняя ўраджайнасць склала 48,8 цэнтнера з кожнага гектара. А, напрыклад, «Астрамечава» і «Агра-сад «Світанак» сабралі больш за 60 цэнтнераў.

Узнагароды атрымалі галоўныя героі жніва — камбайнеры, вадзіцелі, аператары збожжасушыльных комплексаў. Так, камбайнеры Віталь Цівунчык і Іосіф Школа з гаспадаркі «Птушкафабрыка «Дружба» Баранавіцкага раёна намалацілі больш за тры тысячы тон.

Падчас фестывалю стала вядома, што наступнае свята дажынак пройдзе ў Высокім.

— З Давыд-Гарадка мы пачынаем новую традыцыю правядзення абласнога фестывалю працаўнікоў сяла ў малых гарадах, — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. — Гэта дасць магчымасць прыдаць новае аблічча невялікім населеным пунктам, значна палепшыць якасць жыцця і побыту іх жыхароў. У наступным годзе плануем правесці дажынкі ў Высокім Камянецкага раёна, а ў 2019-м у Ружанах Пружанскага раёна.

Сапраўды, такія святы даюць імпульс для далейшага развіцця былых раённых цэнтраў. І гэта маглі ўбачыць шматлікія госці Давыд-Гарадка. За нейкія паўгода былы палескі райцэнтр значна перамяніўся. Абноўлены ўстановы адукацыі, Дом творчасці, музей, добраўпарадкаваныя вуліцы і дарогі, адрамантаваны многія жылыя дамы.

На памаладзелай плошчы каля помніка Давыду доўга гучала музыка, ліліся песні. Не абышлося без давыд-гарадоцкіх знакамітых конікаў, якія парушылі сваю зімовую традыцыю і парадавалі гледачоў на пачатку восені.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Хлеб і да хлеба

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.