Даволі вільготнае і халоднае надвор'е чакаецца ў Беларусі на працягу тыдня, паведамляе начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
Хоць сапраўды холадна будзе ў нас толькі ў працоўныя дні, а да выхадных ізноў пацяплее. Сёння ўмовы надвор'я на тэрыторыі Беларусі будуць вызначаць актыўныя атмасферныя франты ад цыклону, што перамяшчаецца з поўначы Украіны. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, днём месцамі магчымы моцныя дажджы. У асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра істотна панізіцца і складзе не больш за плюс 10—16 градусаў, на поўдні — да 18 цяпла.
Потым надвор'ем будуць кіраваць атмасферныя франты, а таксама халодныя і вільготныя паветраныя масы паўночных шырот. У сераду на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 6—12 градусаў, удзень — 10—17 цяпла. Чакаюцца кароткачасовыя дажджы ўдзень амаль паўсюдна па краіне і ў чацвер. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 5—11 градусаў, удзень — 10—17 цяпла. Адносна холадна прагназуецца і ў пятніцу. Тады на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 6—12 градусаў, удзень — 12—19 цяпла.
Згодна з папярэднімі прагнозамі айчынных спецыялістаў, у выхадныя зноў пачне цяплець. У суботу надвор'е будзе вызначаць поле павышанага ціску, прыйдзе больш цёплае паветра з боку Цэнтральнай Еўропы. У асобных раёнах Беларусі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, уначы і раніцай чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 6—11 градусаў, па захадзе краіны — 13 цяпла. Удзень сіноптыкі абяцаюць ужо плюс 15—21 градус, а па поўдні — да 22—24 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.