Вы тут

Чым вабіць Глыбоччына?


Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Беларусі Глыбоцкі раён з'яўляецца адным з найбольш індустрыяльна развітых на Віцебшчыне. Летась тут была забяспечана вытворчасць 58 працэнтаў абласнога выпуску малочных кансерваў, 16 працэнтаў — сыру, каля 10 — каўбасных вырабаў, 6 — мяса і субпрадуктаў, каля 3 — малака. Арганізацыі раёна пастаўляюць тавары на рынкі 15 дзяржаў. На долю Расіі прыпадае каля 85 працэнтаў, Казахстана — каля 12 працэнтаў. Аснову таварнай структуры экспарту раёна складаюць мяса-малочныя прадукты. Вядомы раён і сваімі рэкамі ды рачулкамі, якіх тут 27, а таксама азёрамі (106), у тым ліку самым глыбокім — Доўгім, глыбіня якога дасягае 57 м. А каля возера Шо, на думку спецыялістаў, знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы. Сёння нашы тры пытанні — да старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алега МОРХАТА.


— Раскажыце пра найбольш удалыя інвестыцыйныя праекты, якія будуць завершаны ў найбліжэйшы час.

— У першым квартале ўжо завершаны праект па будаўніцтве ў Глыбокім на вуліцы Паўночнай гандлёвага цэнтра, які размяшчаецца на тэрыторыі плошчай 1 139,6 кв. м. Цэнтр адкрыўся ў красавіку. Дзякуючы гэтаму праекту было створана 27 працоўных месцаў. Працягваецца рэалізацыя праекта «Будаўніцтва і мадэрнізацыя цэха па вытворчасці сухой сыроваткі і сухіх малочных прадуктаў ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» — у чэрвені завершаны адзін з этапаў, пачата вытворчасць сухой сыроваткі на новым абсталяванні. Па завяршэнні праекта ў 2018 годзе камбінат будзе выпускаць 3 600 тон сухой сыроваткі і 4 200 тон сухіх малочных прадуктаў у год. 80 працэнтаў прадукцыі плануецца адпраўляць на экспарт. Праект быў рэалізаваны за сродкі Банка Развіцця і ўласныя сродкі прадпрыемства. Унітарнае прадпрыемства ЖКГ Глыбоцкага раёна рэалізуе інвестыцыйны праект «Каналізаванне г. Глыбокае, 1-я чарга будаўніцтва». Фінансаванне забяспечваецца за крэдытныя сродкі Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця і бюджэтныя сродкі. З пачатку будаўніцтва асвоена звыш 8,6 млн долараў крэдыту. Каля 250 тысяч рублёў выдзелена з абласнога бюджэту.

— Што можна сказаць пра экспарт паслуг у рэгіёне?

— Экспарт паслуг за 1-е паўгоддзе склаў каля 1,5 млн долараў, або 170 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года (пры заданні 112 працэнтаў). Амаль паўмільёна долараў удалося прыцягнуць дзякуючы нядаўна адкрытаму санаторна-курортнаму комплексу «Пліса», які ўпадабалі не толькі нашы грамадзяне, але і расіяне. Акрамя «Плісы», папулярнасцю карыстаюцца базы адпачынку прыватнага прадпрыемства «Аграбізнескансалт», а таксама «Інвестспорту» і Глыбоцкага вопытнага лясгаса. На добрым узроўні і прафілакторый Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу НАН Беларусі. Наогул большая частка грашовых сродкаў была прыцягнутая дзякуючы транспартным паслугам — грузаперавозкам, якія аказваюць транспартныя арганізацыі прадпрыемствам Расійскай Федэрацыі.

— Вы згадалі пра санаторна-курортнае лячэнне. А як развіваецца сфера аховы здароўя?

— Здароўе насельніцтва — катэгорыя не толькі медыцынская, але і сацыяльна-эканамічная, гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. У межах Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа» на 2016—2020 гады наша цэнтральная раённая бальніца працягвае рэалізацыю шэрагу мерапрыемстваў, скіраваных на дасягненне максімальнай даступнасці, адпаведнасці аб'ёму і якасці медыцынскай дапамогі, а таксама на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Працягваюць функцыянаваць тры міжраённыя аддзяленні — праграмнага гемадыялізу, пералівання крыві і інфекцыйнае. За апошнія гады мы аптымізавалі сетку і ложкавы фонд устаноў аховы здароўя: скарацілі 23 кругласутачныя ложкі і 10 ложкаў дзённага знаходжання пры амбулаторна-паліклінічных установах, 18 кругласутачных ложкаў перапрафіляваны ў ложкі дзённага знаходжання пры стацыянары. Укамплектаванасць урачэбным персаналам складае 81 працэнт. Цякучасць урачэбных кадраў знізілася за тры гады з 20 да 15 працэнтаў. Сёлета на работу былі прынятыя 11 урачоў і 15 сярэдніх медработнікаў. Аб'ём сродкаў ад аказання платных медпаслуг стабільна расце, экспарт паслуг склаў сёлета 2,9 млн долараў, або 109 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Працягваюцца работы па капітальным рамонце інфекцыйнага аддзялення раённай бальніцы. Летась з прыцягненнем спонсарскай дапамогі, у тым ліку Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, быў праведзены капітальны рамонт тэрапеўтычнага і хірургічнага аддзяленняў, сёлета — педыятрычнага. Летам на базе бальніцы адкрыўся касметалагічны кабінет.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?