Вы тут

Беларусь і Грузія будуць пашыраць супрацоўніцтва


Маленькая краіна з вялікай перспектывай. Так коратка можна апісаць Грузію з пункту яе цікавасці для айчыннай знешняй палітыкі. Актыўныя адносіны паміж нашымі дзяржавамі пачаліся літаральна пару гадоў таму — у 2015-м, калі Прэзідэнт Беларусі здзейсніў у Тбілісі першы дзяржаўны візіт. Сёлета ў пачатку сакавіка ў Мінск завітаў грузінскі лідар.


Краіны актыўна шукаюць новыя кропкі сутыкнення. Вось і учора падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і віцэ-прэм'ер-міністра — міністра замежных спраў Грузіі Міхеіла Джанелідзэ абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва краін у розных галінах.

Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь заўсёды гатова супрацоўнічаць, працаваць разам:

— Вы нам людзі не чужыя. Грузіны — нашы браты. І ў савецкія часы, і да савецкіх часоў. Вельмі шмат вашых суайчыннікаў, нашых братоў-грузін загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы Савецкі Саюз, ваюючы тут, на тэрыторыі Беларусі, вызваляючы Беларусь. Мы гэта добра памятаем.

Многае сёння падштурхоўвае нас да таго, каб мы і далей мелі блізкія адносіны з грузінскім народам.

— Апошнім часам мы вельмі актыўна ўзяліся за развіццё нашых адносін, — канстатаваў Прэзідэнт. — Безумоўна, без міністэрстваў замежных спраў гэта немагчыма — ведаю, міністэрствы і ў вас, і ў нас каардынуюць гэту работу. У нас практычна няма пытанняў, па якіх мы б спрачаліся. Мы вельмі патрэбны вам, вы вельмі патрэбны нам. Нашы эканомікі не канкурыруюць адна з адной. Тое, што мы здольныя вырабляць, дапаўняе нашы эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў: яму далажылі, што Грузіі патрэбны пэўныя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі.

— Мы з вялікім задавальненнем бяромся за новыя ўзоры тэхнікі для таго, каб вырабіць яе для Грузіі і для горных краін, дзе ёсць кавалкі зямлі, якія патрэбна абрабляць, якія эфектыўныя і даюць вельмі добры ўраджай тых ці іншых вырошчваемых культур, — паведаміў Прэзідэнт.

Наша супрацоўніцтва не абмяжоўваецца і не будзе абмяжоўвацца выключна эканамічнымі, дзелавымі кантактамі. Беларусь заўсёды гатова прыйсці на дапамогу сваім партнёрам:

— Нядаўна ў вас здарылася бяда ў гарах. Адзін ваш званок — і мы адгукнуліся на гэтую бяду. Праўда, мне пакуль МНС не далажыла, як там нашы сябе паводзяць, але думаю, што нашы людзі заўсёды будуць узорам выканання свайго абавязку, на якой бы зямлі яны ні знаходзіліся. Гэта яркі прыклад таго, што вы заўсёды можаце разлічваць на беларусаў, вы заўсёды жаданыя госці ў Беларусі.

Міхеіл Джанелідзэ пацвердзіў гатоўнасць грузінскага боку працаваць «ва ўсіх фарматах». Ён падзякаваў за тую дапамогу, якую аказала Беларусь яго краіне ў барацьбе з ляснымі пажарамі. Акрамя гэтага, ён станоўча ацаніў супрацоўніцтва знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін і развіццё гандлёва-эканамічных адносін.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не толькі эканоміка...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?