Вы тут

Як Полацк святкаваў Дзень беларускага пісьменства


Полацк — не толькі калыска дзяржаўнасці, але і сімвал нацыянальнага аднаўлення

Сёлета Дзень беларускага пісьменства быў прымеркаваны адразу да двух знакавых юбілеяў — 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзя найстаражытнейшага беларускага горада — Полацка. Невыпадкова менавіта Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці, радзіма нашага першадрукара, быў абраны сталіцай знакавага свята.


Можна сказаць, што пэўная дзея зжывае сябе, калі з году ў год паўтараецца адно і тое ж і не дадаецца нічога новага. У гэтым сэнсе Дзень беларускага пісьменства ў Полацку апраўдаў давер і парадаваў, прадставіўшы ўласныя цікавінкі. Тут можна было ўбачыць тое, чаго не адбывалася ў іншых гарадах — сталіцах Дзён пісьменства. Найперш ладзілася шмат тэатралізаваных пастановак — прычым не спектакляў у іх класічным разуменні і зусім не на тэатральных падмостках. Драматычны захоп Полацка варагамі, перамога над ворагам, гульбішчы мясцовых хлопцаў і дзяўчат, але быццам з далёкага Сярэднявечча, можна было ўбачыць і каля галоўнай канцэртнай пляцоўкі, і на схілах прыгажуні-Дзвіны каля Сафійскага сабора. Адметна і тое, што бадай ці не ўсе артысты, гандляры і нават кухары былі прыбраныя ў вышываныя строі. Вышыванкамі былі запоўненыя і шматлікія гандлёвыя шапікі. І чаму мы яшчэ не бачым вышываных кашуль, надзетых на кожным другім мінаку, дык, пэўна таму, што каштуюць яны ўсё-ткі не так танна... Пэўна, наступным крокам будзе ўвядзенне ў масавы ўжытак шляхецкіх строяў.

Прасякнуты гістарычнасцю, драматычнасцю і знакавасцю

Адным з сімвалаў свята стаў новы помнік, усталяваны ў адным з самых маляўнічых месцаў горада — на стромкім беразе Дзвіны, побач з Сафійскім саборам, — памятны знак «Полацк — сталіца беларускай дзяржаўнасці». Зроблены ён у выглядзе шматлікіх шчытоў, складзеных разам. На іх — выявы важных гістарычных асоб Полаччыны (якія шмат значаць і для ўсёй Беларусі). Крайнія шчыты быццам накладваюцца адзін на адзін і іх выяў не бачна. Гэта азначае, што не ўсіх важных асоб, натуральна, удалося змясціць на помніку. Акрамя таго, імёны некаторых знакавых для гісторыі людзей не трапілі ў летапісы...

На адкрыцці памятнага знака намеснік прэм'ер-міністра Васіль ЖАРКО адзначыў:

— Прыемна на гэтым старажытным месцы адчуваць подых гісторыі і прымаць непасрэдны ўдзел у напісанні новай старонкі ў жыцці нашай дзяржавы. Сімвалічна, што памятны знак усталяваны менавіта тут, на гары, недалёка ад таго месца, дзе ў XІ стагоддзі быў збудаваны храм Святой Сафіі. Пра старажытны горад расказваюць легенды, сведчаць летапісы. Ён шмат стагоддзяў сустракаў гасцей званамі Сафіі і свята захоўваў як царкву, так і крыж Ефрасінні Полацкай. Адкрыццё памятнага знака сведчыць пра тое, што Полацк сапраўды стаў скрыжаваннем духоўнасці і культуры, нашага дзяржаўнага аднаўлення.

Архітэктарам, які адмыслова ўпісаў помнік у прастору і спраектаваў яго размяшчэнне на пастаменце, стаў Армен Сардараў. І скульптар Уладзімір ПІПІН пагадзіўся, што месца для ўсталявання помніка выбрана самае лепшае:

— Хачу выказаць падзяку ўсім, хто прычыніўся да гэтай, можна сказаць, святой справы, вынікам якой стала ўсталяванне памятнага знака. Для мяне, як для мастака, няма ніякіх сумневаў, што гэта найлепшае месца, самае прыгожае, якое больш за ўсе астатнія прасякнута гістарычнасцю, драматычнасцю і знакавасцю падзей, якія тут адбываліся.

«Бацька гарадоў беларускіх»

Адной з адметнасцяў свята ў Полацку стала шэсце, якім зранку ў суботу распачалася чарада ўрачыстых мерапрыемстваў. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі бадай усіх сфер жыцця горада. На пачатку калоны стаялі ганаровыя грамадзяне горада — з бела-блакітнымі стужкамі. Ну а следам за імі — супрацоўнікі розных прадпрыемстваў, медыкі, ратавальнікі, студэнты і многія іншыя. А тыя, хто не ўвайшоў у святочную калону, з радасцю сачылі за сваімі сваякамі, сябрамі, калегамі з гарадскіх бульвараў, рабілі памятныя фотаздымкі і, натуральна, гучна апладзіравалі.

Святочным канцэртам быў урачыста адкрыты Дзень горада Полацка. На ім прысутнічаў і старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай ШАРСНЁЎ, які адзначыў:

— Менавіта з Полацка — бацькі гарадоў беларускіх, у 1994 годзе мы пачыналі святкаваць Дні беларускага пісьменства, аддаючы павагу роднаму слову і багатай нацыянальнай культуры. Сёлета Дзень беларускага пісьменства праходзіць на Віцебшчыне шосты раз і, што сімвалічна, трэці раз на старажытнай полацкай зямлі. Гэта ўрачыстасць выключна адметная, бо дае падставу для ўмацавання нашай дзяржаўнасці, якая тут нарадзілася, і нашай спадчыны. Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці. Менавіта ён стаў месцам фарміравання самага ранняга дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі Беларусі. Гэта зямля дала свету нямала велічных і знакамітых асоб.

Адметна, што ў гэты памятны дзень быў папоўнены шэраг ганаровых грамадзян Полацка. Такое званне, «за плённую працу ў галіне фізічнай культуры і спорту, значны асабісты ўклад у развіццё параалімпійскага фехтавання ў Беларусі, высокія спартыўныя дасягненні на сусветнай арэне, якія садзейнічаюць павышэнню статусу і ўмацаванню аўтарытэту горада Полацка за мяжой» было прысвоена Андрэю Праневічу, а таксама Сямёну Сушчыну.

«Небам званая» серыя

На выставачных пляцоўках фестывалю кнігі і прэсы, традыцыйна, сваё ганаровае месца заняў і Выдавецкі дом «Звязда». Тут была прадстаўлена прадукцыя нашага выдавецкага дома, адбываліся прэзентацыі і нязмушаныя гутаркі з чытачамі. Адмыслова да Дня пісьменства ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла багата ілюстраваная кніга «Полацк» — своеасаблівая энцыклапедыя гісторыі і сучаснага жыцця старажытнага горада і, несумненна, — добры падарунак для яго жыхароў.

Галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар ШНІП, знаходзячыся на той жа пляцоўцы, расказаў пра тыя навінкі, якія пабачылі свет нядаўна:

— Сёлета адзначаецца 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Да гэтага юбілею мы выпусцілі дзве грунтоўныя кніжкі «Янка Купала. Для тых, якіх люблю» і «Якуб Колас. Вобразы мілыя роднага краю...» Чым яны адрозніваюцца ад папярэдніх выданняў? У іх разам змешчаны ўспаміны і вершы паэтаў. Кнігі шчодра аздоблены ілюстрацыямі — гэта добрыя падарункавыя выданні. У гэтай, так бы мовіць, «небам званай» серыі летась выйшла кніга «Максім Багдановіч. Я не самотны...» Натуральна, сёлета мы прэзентуем і «скарыніяну». Гэта кнігі «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» — укладальнік Алесь Суша, — дзе разам сабраны розныя матэрыялы пра першадрукара, якія даўно нідзе не друкаваліся, — таксама «Францыск Скарына. Маем найбольшае самі» Алеся Разанава — кніга пераствораных паэтам прадмоў першадрукара і іншыя.

* * *

Свята ў Полацку адбылося. Яго эстафета ўрачыста перададзена наступнаму гораду — сталіцы Дня пісьменства — Іванаву Брэсцкай вобласці. Хочацца, каб новае свята таксама займела свае адметныя рысы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: На скрыжаванні духоўнасці і культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».