Вы тут

У Нясвіжы адкрыўся трэці сезон фотавыставы «Праекты ў асобах»


Яна расказвае пра праекты, рэалізаваныя пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.


На Ратушнай плошчы гэтага старажытнага беларускага горада размясціліся каля 30 стэндаў. Кожны з іх прысвечаны аднаму з праектаў, што былі рэалізаваныя ці яшчэ рэалізуюцца ў нашай краіне пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Яны закранаюць важныя экалагічныя, эканамічныя і сацыяльныя пытанні, такія як ахова навакольнага асяроддзя; рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў; укараненне энергазберагальных і “зялёных” тэхналогій; развіццё сельскіх тэрыторый і падтрымка прадпрымальніцтва; дапамога падапечным Беларускага дзіцячага хоспісу і жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга насілля; прасоўванне еўрапейскага падыходу ў адукацыі і навуцы; захаванне гістарычных і культурных традыцый.

У 2015 годзе “Праекты ў асобах” убачылі жыхары і госці абласных цэнтраў краіны, у 2016-м – Барысава, Бабруйска, Пінска, Мазыра і Ліды. Сёлета выставу ўжо прынялі Маладзечна, Орша, Горкі, Рэчыца, Светлагорск, Жлобін і Салігорск. У Нясвіжы яна прабудзе да 9 верасня, а потым адправіцца па маршруце Кобрын – Баранавічы – Столін.

Акрамя інфармацыі пра праекты (тэрміны, геаграфія, выдаткі і вынікі іх рэалізацыі), на стэндах таксама можна ўбачыць фотаздымкі людзей, якія дапамагалі ўвасобіць іх у жыццё. Сярод іх – валанцёры і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, вучоныя, выкладчыкі, фермеры, а таксама асуджаныя, людзі з інваліднасцю. Каб зняць усіх герояў, аўтару выставы, вядомаму фотамастаку Юліі Мацкевіч давялося пераадолець больш за 4000 км.

– За кожным праектам, які мы дэманструем на выставе, стаіць чалавек, – адзначыла каардынатар па пытаннях прэсы і інфармацыі аддзела праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Таццяна Аляксеева. – Ідэя заўсёды сыходзіць ад нейкага чалавека, які аднойчы нешта прыдумаў, каб змяніць штосьці ў сваім асяроддзі. Еўрасаюз падтрымлівае такіх ініцыятыўных людзей. Усё магчыма, галоўнае – пачаць.

Перашкоды – крокі да поспеху

Аляксандр Шаўчук, рэгіянальны каардынатар па Мінскай вобласці праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” (2014-2018 гг.), упэўнены – толькі неабыякавыя людзі, якія не спыняюцца перад перашкодамі ў вырашэнні хвалюючай праблемы, здольныя заразіць сваім натхненнем іншых, дасягаюць поспехаў. Такіх герояў у межах праекту назбіралася шмат – сёння ў краіне рэалізуецца больш за 200 ініцыятыў, накіраваных на вырашэнне задач мясцовага развіцця. Мэты іх самыя розныя: развіццё турызму, прадпрымальніцтва, паляпшэнне экалагічнай сітуацыі, асветніцкая і папулярызатарская праца ў сферы культуры і экалогіі. У Нясвіжы можна ўбачыць фотаздымак Аляксандра Варыкіша – аўтара ініцыятывы, “Стварэнне парка мініяцюр “Краіна замкаў”, рэалізаванай у межах праекта.

На выставе “Праекты ў асобах” таксама прадстаўлены тры праекты, партнёрам якіх з’яўляецца МГА “Экапартнёрства”. Па словах PR-менеджэра арганізацыі Алесі Чумаковай, разам з героямі праектаў члены грамадскай арганізацыі дапамагаюць беларускім гарадам скараціць выкіды парніковых газаў (“Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі”), стварыць сістэму абыходжання з адходамі ў Пухавіцкім раёне і ўдасканаліць працу жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Іўеўскім і Вілейскім раёнах дзякуючы ўкараненню механізму сацыяльнай падсправаздачнасці.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення статыстыкі паслуг і ўнутранага гандлю Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь Ірына Чыгірова – гераіня праекту “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі” (2015-2018 гг.). Разам з калегамі Ірына вывучала сусветны вопыт у сферы статыстыкі турызму. Укараненне ў практыку міжнародных рэкамендацый дапамагло беларускім спецыялістам пабудаваць дапаможны рахунак турызму – гэта значыць ацаніць унёсак турызму ў валавы ўнутраны прадукт Беларусі.

– Эксперыментальны разлік паказаў, што доля турызму складае 1,8% – гэта прыкладна ўзровень нашых суседзяў, – расказала Ірына Чыгірова. – Разлік унёску турызму ў эканоміку робяць толькі краіны, маючыя магутную статыстычную сістэму. Дзякуючы рэалізацыі праекту, у Беларусі гэтыя разлікі будуць ажыццяўляцца раз у два гады на пастаяннай аснове.

Астравок культуры і зялёнага транспарту

Нясвіж, які стаў восьмым горадам чарговага сезону фотавыставы “Праекты ў асобах”, таксама можа пахваліцца цікавымі ініцыятывамі, якія дапамагаюць павысіць дабрабыт мясцовых жыхароў. Асаблівую ўвагу тут надаюць пытанням развіцця турызму і захавання культурнай і прыроднай спадчыны.

– Нясвіж не стаіць у баку ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў Еўрасаюзе і краінах ЕАЭС, – падкрэсліў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама Міхаіл Мацэль. – Каля 20 гадоў мы займаемся вырашэннем экалагічных пытанняў, праводзім экалагічныя форумы, у тым ліку і на абласным узроўні. А не так даўно атрымалі падтрымку ў гэтым кірунку і ад Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. З дапамогай апошняга сёння турысты могуць праехацца па тэрыторыі Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу на электрааўтобусе, веласіпедах ці веламабілях.

Зялёны транспарт запрацаваў тут дзякуючы рэалізацыі праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”. Па словах кіраўніка праекту Вольгі Чаброўскай, усяго ў Нясвіж паставілі 49 веласіпедаў, турыстычны аўтобус і 5 веламабіляў. Усе гэтыя віды транспарту прыйшліся даспадобы як турыстам, так і жыхарам горада. Напрыклад, адзін з веламабіляў, а яны з’явіліся толькі ў чэрвені 2017 года, ужо амаль акупіўся (яго кошт – каля 3 тыс. еўра).

– Прыемна бачыць, што тут усё рэальна працуе і развіваецца, – адзначыла Вольга Чаброўская. – Так, мясцовыя партнёры праекту ўстанавілі ў экскурсійным электробусе аўдыёгід на трох мовах. Магчыма, у хуткім часе аўдыёгіды з’явяцца і на веламабілях. Гэты ўдалы вопыт могуць узяць на ўзбраенне і іншыя турыстычныя цэнтры, тым больш, што ўвесь транспарт, які выкарыстоўваецца тут, сертыфікаваны ў Беларусі.

Еўрапейскі саюз – найбуйнейшы ў свеце донар праграм супрацоўніцтва. У Беларусі ЕС фінансуе праекты і праграмы каля 29 млн еўра ў год.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».