Зусім нядаўна ўнікальны экалагічны канструктар з'явіўся на паліцах беларускіх крамаў. Зроблена цацка з трывалага кардону. Сабраць яе можна з дапамогай інструкцыі прыблізна за дзве гадзіны. Без клею і нажніц. У камплекце, акрамя дэталяў замка, яшчэ і чатыры фігуркі гістарычных асоб таго часу.
— Я выбірала ўсіх чалавечкаў, — кажа пры сустрэчы васьмігадовая Адэля Бахун. — Вось гэта Бронны баярын, побач Камандыр, Панна ды Крылаты гусар. З імі дзеткі могуць гуляць у двары кардоннага замка (паказвае).
— Адэлька вельмі любіць персанажаў розных гістарычных эпох, — удакладняе Сяргей Бахун, тата Адэлі, — таму мы ёй пастаянна купляем разнастайныя фігуркі з іх выявамі. У дачушкі гэтых чалавечкаў ажно тры скрыні. Яна ўсіх іх ведае.
— А яшчэ я люблю збіраць розныя канструктары, пазлы.
— Прынамсі, з гэтага яе захаплення ўсё і пачалося. Аднойчы Адэлька папрасіла пазл з якім-небудзь беларускім замкам. Абышлі ўсе дзіцячыя крамы. Там бачылі ўсё што можна — Эйфелеву вежу, Крэмль, Статую Свабоды. Але так і не знайшлі ніводнага канструктара, прысвечанага нашай гісторыі. На выхадныя паехалі з Адэлькай у Брэст праведаць бабулю. Расказалі ёй за гарбаткай пра сваё гора. А яна і кажа: «Не знайшлі, дык давайце зробім самі». Тым больш досвед у нас ужо быў: некалькі гадоў таму мы распачалі невялічкую сямейную справу (Тамара Бахун пасля выхаду на пенсію пры дапамозе сына пачала выпускаць крэатыўныя паштоўкі на беларускай мове. — Аўт.) Рабілі канструктар у першую чаргу для дзетак, таму ва ўсім раіліся з Адэлькай.
— У Беларусі столькі выдатных гістарычных будынкаў. Чаму спынілі выбар менавіта на Мірскім замку?
— Мы апыталі знаёмых. Аказалася, што гэта самая пазнавальная беларуская архітэктурная каштоўнасць. Перад тым як рабіць канструктар, паехалі ў Мір і папрасілі дазволу на выкарыстанне копіі замка. Там нашай ідэі вельмі ўзрадаваліся. І нават прапанавалі заключыць дагавор, каб мець магчымасць прадаваць нашы пазлы ў сваёй сувенірнай лаўцы. Разам з тым, на жаль, далёка не кожны беларус быў у Міры. А вось складуць дома мадэль замка і, спадзяюся, захочуць убачыць яго ў рэальнасці. Збяруцца ў выхадны дзень і паедуць у Мір усёй сям'ёй. Праблема ж у тым, што дзеці цяпер сядзяць у сваіх камп'ютарах, бацькі — у сваіх. Гэта шкодзіць сямейным стасункам... Сёлета я ўпершыню завёз Адэльку ў Мірскі замак. Першае, што яна сказала: «Ух ты! Ён такі вялікі!»
— Я нават відэа зняла там для Ютубу.
— У Адэлькі ёсць ідэя: яна хоча падарожнічаць па Беларусі і здымаць стрымы (прамыя трансляцыі на Ютубе).
— Каб іншыя дзеткі паглядзелі мае ролікі і таксама папрасілі сваіх бацькоў завезці іх у які-небудзь замак.
Над 3D-канструктарам Мірскага замка сям'я працавала каля двух гадоў.
— Стараліся зрабіць усё вельмі якасна. Каб захацелася і сабе набыць, і сябрам у іншую краіну ў якасці сувеніра даслаць. Хочацца верыць, што пасля таго, як замежнікі збяруць сваімі рукамі Мірскі замак з кардону, абавязкова натхняцца і прыедуць да нас у Беларусь, каб падзівіцца на гэты цуд архітэктуры.
Першы наклад з 1500 канструктараў сям'я Бахун выпусціла за ўласныя грошы. Калі цацкі будуць запатрабаваныя, плануюць «пабудаваць» з кардону і іншыя помнікі гісторыі.
— У нас ідэя стварыць макеты розных гістарычных будынкаў. Каб кожны змог дома сабраць сваю Беларусь у мініяцюры. Можа, нават адновім страчаныя архітэктурныя каштоўнасці — цэрквы, касцёлы, палацы.
— А якая архітэктурная славутасць з'явіцца наступнай, калі не сакрэт?
— У нас дыскусіі з гэтай нагоды. Ідэй вельмі шмат. Пакуль сышліся толькі на Нясвіжскім палацы. Адэлька ўжо спіць і бачыць, як яны з братам будуць падарожнічаць з Міра ў Нясвіж, рабіць рэканструкцыі...
— Тата мне расказаў легенду, што паміж Нясвіжскім палацам і Мірскім замкам быў падземны ход. Дык вось я падумала, што можна паставіць два кардонныя будынкі ў розных канцах пакоя і пад дываном пракласці тунэль.
— Малыя любяць фантазіраваць. Перакананы, што яны прыдумалі б і свае нейкія легенды. Хочацца, каб нашы дзеці ганарыліся тым, што яны беларусы. І ведалі сваю гісторыю. А для гэтага трэба, каб гульняў з беларускімі «каранямі» для іх было больш. Бо, не сакрэт, ад цацак, у якія гуляюць дзеці, у многім залежыць, якімі яны вырастуць.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.
Мінулы 2020 год закрыў граніцы, але адкрыў вочы на тое, што побач.
Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.
Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.
Каментары