Вы тут

Як у віцебскай лабараторыі пацвярджаюць бацькоўства


Спачатку некалькі непрыдуманых прыкладаў.

Мужчына і яго таварыш, жонка першага і сын прыйшлі на даследаванне. Сябар сям'і пажадаў, каб пацвердзілі яго бацькоўства, бо каханка сказала, што нарадзіла ад яго. Высветлілася, што ні ён, ні законны муж не з'яўляюцца татам дзіцяці.

Бывае, што і мамы хочуць упэўніцца, што дзіця іх роднае. Мо падмянілі ў радзільным доме? У прыватнасці, быў выпадак, калі ў здаровых мужа і жонкі нарадзілася цяжка хворае дзіця. Высветлілася, што гэта менавіта іх сын.

Мужчына, каб забраць дзіця з інтэрната пасля смерці яго мамы, добраахвотна пажадаў вызначыць бацькоўства.


Некалькі разоў да экспертаў звярталіся замежныя грамадзяне. Першы быў... японец. Хлопчык, як дзве кроплі вады падобны на яго. Мама дзіцяці — беларуска. Але не было дакументаў, якія пацвердзілі б бацькоўства для пераезду сям'і ў Японію. Малы, дзякуючы экспертам, «атрымаў тату».

— З 2014 года праводзяцца экспертызы спрэчнага сваяцтва. І ў любым выпадку патрабавалася прысутнасць усіх зацікаўленых асоб. Размова пра маму, дзіця, мяркуемага бацьку. Сёлета ўжо выканана 100 экспертыз. У 82 выпадках сваяцтва пацвердзілася. А цяпер ёсць магчымасць і ананімнага даследавання, — расказвае начальнік аддзела судова-біялагічных і судова-генетычных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Настасся Забабуха.

Праўда, у якасці доказу ў судзе вынік ананімнага даследавання выкарыстоўваць нельга. Але розныя бываюць выпадкі. Напрыклад, муж не верыць у бацькоўства, а сапсаваць стасункі з жонкай не хоча. Або бабуля, напрыклад, не можа заснуць спакойна і просіць сына, каб праверыў...

Дарэчы, экспертызы ў дачыненні да больш дальніх сваякоў, тых жа бабуль, праводзяцца толькі ў цэнтральным апараце Дзяржаўнага камітэта ў Мінску.

— Таму што ў два разы складаней вызначыць сваяцтва... Наконт кошту паслугі ў нас: для грамадзян Беларусі — 197,33 рубля, для іншаземцаў — 258,31 рубля, — працягвае суразмоўніца.

Кошт даследавання, дарэчы, панізіўся у параўнанні з 2014 годам. Тады яно каштавала каля 4,5 мільёна «старымі».

Вынік даследавання можна атрымаць цягам 30 дзён.

— Каб выключыць магчымасць недакладнага выніку даследавання, неабходна старанна падысці да працэдуры, — тлумачыць эксперт.

Спатрэбіцца новая ўпакоўка ватных палачак, два чыстыя канверты, кавалак паралону, пара пальчатак і нажніцы. У пальчатках трэба ўзяць 2—3 гігіенічныя палачкі, адзін з канцоў якіх трэба абрэзаць. Ватным тампонам на другім канцы з некаторым высілкам зрабіць саскрэб клетак з унутранай паверхні шчакі. Потым узоры трэба высушыць, змясціўшы іх у паралон ватнымі тампонамі ўверх. І гэта трэба зрабіць ва ўмовах, якія выключаюць уздзеянне сонечных прамянёў, вільгаці, ацяпляльных прыбораў...

Калі ўсё зрабіць правільна, верагоднасць памылкі — 0,0001%.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Тата ці не?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».