Вы тут

Капітальныя рамонты жылых дамоў плануецца выконваць не больш за месяц


Аб гэтым запэўніў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Трубіла. Ён паведаміў, што цяпер на дамах, якія знаходзяцца на абслугоўванні арганізацый ЖКГ, практычна завершаны прафілактычны рамонт сістэм ацяплення і цеплавых пунктаў.


Гатоўнасць высокая

Ужо сёння амаль цалкам выкананы гідраўлічныя выпрабаванні сістэм ацяплення (99%). План па рамонце дахаў выкананы на 91%, стыкаў сценавых панэляў — на 94%, па праверцы прыбораў уліку цеплавой энергіі — на 94%. Работы па цеплавой ізаляцыі выкананы на 100%.

У цэлым па галіне створаны запас у 11,3 тысячы тон паліўнага мазуту ў якасці рэзервовага паліва для газавых кацельняў (100% ад задання), нарыхтавана 1 370 тысяч кубічных метраў драўнянага паліва (77%). Спецыяліст адзначыў, што па стане на 30 жніўня заменена 438,4 км цеплавых сетак, ці 97% ад задання. Капітальна адрамантавана 36 катлоў (92%) і заменена
40 неэканамічных катлоў (57%).

«Арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі зарэгістраваны 41% пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд. Падлічана, што лідзіруе па краіне на сёння Гомельская вобласць, дзе атрымана 99% пашпартоў гатоўнасці. Падцягнуцца трэба Гродзенскай і Брэсцкай абласцям», — адзначыў Генадзь Трубіла.

«Падрыхтоўка аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2017/2018 гадоў знаходзіцца на належным узроўні і будзе завершана ва ўстаноўленыя тэрміны», — сказаў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Цеплавая мадэрнізацыя

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі плануе вынесці на грамадскае абмеркаванне праект нарматыўна-прававога акта аб цеплавой мадэрнізацыі жылога фонду.

«Думаю, калі дакумент будзе гатовы, а гэта будзе ў найбліжэйшы час, мы яго канчаткова шырока абмяркуем сумесна са СМІ, каб людзі разумелі, як неабходна зберагаць цяпло», — удакладніў сваю пазіцыю Генадзь Трубіла.

Праектам прадугледжана, што цеплавая мадэрнізацыя жылля будзе ажыццяўляцца як за бюджэтныя грошы, так і за сродкі насельніцтва. Намеснік міністра нагадаў, што каля 95% жылога фонду Беларусі знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. «Права ўласнасці абавязвае несці адказнасць за сваё жыллё. З улікам таго, што мадэрнізацыя — затратны працэс, прапрацоўваецца магчымасць удзелу насельніцтва», — растлумачыў намеснік міністра. Як паведамлялася раней, для цеплавой мадэрнізацыі жылля ў Беларусі плануецца ў тым ліку прыцягнуць сродкі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Паведамляецца таксама, што міністэрства плануе ўвесці больш жорсткія нормы правядзення капітальнага рамонту жылых дамоў. Пры гэтым тэрміны ажыццяўлення рамонтных работ будуць скарочаныя да аднаго месяца. У хуткім часе час гэты праект будзе апрабаваны ў Мінску, а таксама ў розных абласцях краіны.

Сталіца адпавядае

Пашпарты гатоўнасці да асенне-зімовага сезона ў Мінску атрымалі ўсе спажыўцы цеплавой энергіі, што абслугоўваюцца арганізацыямі камунальнай формы ўласнасці, паведаміў інжынер ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Ігар Ганчарук. Ён расказаў, што ў межах праведзенага вясновага агляду жыллёвага фонду былі ўдакладнены аб'ёмы работ, сфарміраваныя графікі і планы мерапрыемстваў па падрыхтоўцы жыллёвага фонду да ацяпляльнага перыяду. Па стане на 1 верасня адрамантавана каля 226,5 тысячы квадратных метраў дахаў (87% ад плана), амаль 128 тысяч метраў пагонных стыкаў сценавых панэляў (92%). Праведзена цеплавая рэабілітацыя больш як 55 тысяч квадратных метраў жылля (94%). Таксама камунальнікі правялі рамонт 664 балконаў (97%). Адрамантавана і паверана каля 2,7 тысячы прыбораў уліку цеплавой энергіі (86,8%), якія знаходзяцца на балансе ЖКГ раёнаў Мінска.

Асаблівая ўвага была ўдзелена праверцы дымавых і вентыляцыйных каналаў у дамах з газавыкарыстоўваючым абсталяваннем.

Аварыйны балкон

Амаль 22 тысячы балконаў плануецца адрамантаваць у Мінску ў наступныя чатыры гады, паведаміў Ігар Ганчарук.

«Усяго ў 2017—2020 гадах плануецца адрамантаваць 21 789 балконаў, у тым ліку 4 340 балконаў за кошт сродкаў бягучага рамонту і 17 449 іх за кошт сродкаў капітальнага рамонту», — адзначыў інжынер. На тэхнічным абслугоўванні КУП ЖКГ раёнаў Мінска знаходзіцца 3 675 жылых дамоў са 180 413 балконамі, у тым ліку 3 213 жылых дамоў са 151 219 балконамі з тэрмінам эксплуатацыі звыш 40 гадоў. Падчас пазачарговага агляду выяўлена 149 аварыйных балконаў, 253 патрабуюць дэталёвага абследавання з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый, 510 балконаў патрабуюць першачарговага рамонту.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Зімой не замерзнем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».