Вы тут

Прэзідэнт патрабуе адказна падрыхтавацца да II Еўрапейскіх гульняў


На працягу многіх гадоў у нашай дзяржаве ствараецца сучасная спартыўная інфраструктура, будуюцца новыя гасцінічныя, забаўляльныя комплексы. Госці з усяго свету з задавальненнем едуць у Беларусь. Усё часцей наша краіна становіцца месцам правядзення чэмпіянатаў сусветнага ўзроўню. Вось і летась мы атрымалі ганаровае права прыняць у 2019 годзе галоўныя спартыўныя спаборніцтвы на кантыненце — другія Еўрапейскія гульні. Учора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў пашыранае пасяджэнне Нацыянальнага алімпійскага камітэта, падчас якога была абмеркавана падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства.


Не паслуга, а гонар

Ужо спрагназаваны будучыя расходы. Па даных урада, яны складуць прыкладна 35—40 мільёнаў еўра. Для дзяржаўнага бюджэту гэтая сума адносна невялікая.

— Мы вырашылі, што гатовы падставіць плячо еўрапейскай алімпійскай сям'і і правесці дадзенае мерапрыемства, — адзначыў Прэзідэнт. — Пры гэтым з боку Еўрапейскага алімпійскага камітэта нам было абяцана ўсялякае садзейнічанне ў вырашэнні ўсіх пытанняў, а таксама рэсурсная і фінансавая дапамога. Не трэба думаць, што мы зрабілі нейкую паслугу еўрапейскай спартыўнай сям'і. Гэта перш за ўсё для нас дабро — тое, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт даў нам права правядзення такога мерапрыемства.

Прайшло дастаткова часу, каб падвесці вынікі ўжо зробленага. Створаны Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні другіх Еўрапейскіх гульняў на чале з прэм'ер-міністрам, падкамітэты па ўсіх кірунках і Дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў. Да нас ужо прыязджаюць розныя групы экспертаў, кансультанты для абмеркавання дэталяў падрыхтоўкі Гульняў.

Інфраструктура і бяспека

У той жа час, прызнаўся кіраўнік дзяржавы, ёсць і насцярожваючыя фактары.

— Перш за ўсё, асноўнае пытанне: дзеля чаго мы ўсё гэта прыдумалі — краіна гэтымі Гульнямі яшчэ не жыве. Для каго мы праводзім гэтыя Гульні? Для нас з вамі, што сядзяць за гэтым сталом? Вымушае жадаць лепшага асвятленне ходу падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў.

Наступная тэма — інфраструктура.

— Мяне інфармуюць аб адставанні ў падрыхтоўцы спартыўнай інфраструктуры і іншых аб'ектаў, — сказаў Прэзідэнт. — Якія праблемы, напрыклад, перашкаджаюць увесці ў эксплуатацыю мінскі стадыён «Дынама» ў 2017 годзе, як гэта прадугледжана адпаведным рашэннем Прэзідэнта? Усе цудоўна разумеюць, што нам трэба яго яшчэ пратэсціраваць з пункту гледжання лёгкаатлетычных спаборніцтваў, адпрацаваць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў.

Што да прапановы ўрада перанесці на 31 снежня 2018 года тэрмін заканчэння рэканструкцыі спартыўна-стралковага комплекса ва Уруччы, то Прэзідэнт заявіў:

— Адказваю на ўсе пытанні адразу: ніякіх прапаноў на маё імя аб пераносе тэрмінаў быць не можа. Усё, як вырашылі, павінна быць у тэрмін зроблена.

Спытаў Аляксандр Лукашэнка і пра тое, як ідуць справы з падрыхтоўкай гарадскіх службаў і інфраструктуры: гасцініц, інтэрнатаў, дарог, транспарту, месцаў грамадскага харчавання, турыстычных і гандлёвых аб'ектаў. Асобная тэма — бяспека.

— Як паказвае міжнародная абстаноўка, сёння гэта адна з ключавых праблем, — канстатаваў беларускі лідар. — Мы не павінны дапусціць і ценю сумнення ў надзейнасці Беларусі. Самае галоўнае тут — не самазаспакойвацца!

Патрабаванне кіраўніка дзяржавы: у пытанні арганізацыі гэтага буйнога еўрапейскага спартыўнага форуму дробязяў няма і быць не можа. Ад таго, як мы правядзём гэтыя Гульні, якія спартыўныя вынікі пакажам, як прадставім сябе ў Еўропе, на дзесяцігоддзі складзецца меркаванне пра Беларусь, пра наш народ.

Прадумваем загадзя

Прэм'ер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў, які ўзначальвае Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Другіх Еўрапейскіх гульняў, далажыў, што зроблена па падрыхтоўцы мерапрыемства ў плане бяспекі, транспартнага, медыцынскага абслугоўвання, харчавання. Так, адкрыццё Гульняў адбудзецца ў пятніцу 21 чэрвеня 2019 года, цырымонія закрыцця запланавана на нядзелю 30 чэрвеня 2019 года. Ён паведаміў, што ў рамках Гульняў чакаецца прыбыццё больш чым чатырох тысяч спартсменаў, каля дзвюх тысяч трэнераў і іншага абслугоўваючага персаналу, што прадстаўляюць афіцыйныя дэлегацыі з 50 еўрапейскіх нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. Прыедзе таксама прыблізна 650 міжнародных і 410 нацыянальных суддзяў па спорце, 1000 замежных прадстаўнікоў СМІ...

Спартыўныя спаборніцтвы пройдуць па 15 відах спорту. У праграме спаборніцтваў разыграецца 189 камплектаў медалёў у 23 спартыўных дысцыплінах.

Ужо вызначаны, праінфармаваў Андрэй Кабякоў, месцы правядзення спаборніцтваў, а таксама пражывання спартсменаў. Для пражывання віп-персон, гасцей і балельшчыкаў будзе задзейнічаны гасцінічны фонд сталіцы. Для пражывання непасрэдных удзельнікаў Гульняў (трэнераў і спартсменаў) задзейнічаюць комплекс «Студэнцкая вёска».

У краіну на час правядзення Гульняў чакаецца буйны прыток турыстаў. Таму важна, упэўнены прэм'ер-міністр, не дапусціць нематываваных накрутак цэн — каб у гасцей засталося добрае ўражанне ад краіны.

Што да харчавання спартсменаў, то гэта — сфера асаблівай адказнасці. Так, у прадуктах не павінна змяшчацца рэчываў, што могуць негатыўна паўплываць на вынікі допінгавых тэстаў. Як адзначыў Андрэй Кабякоў, ужо ідзе падбор арганізацый, адказных за пастаўку ежы. Каб і спартсменам, і трэнерам, і турыстам было камфортна знаходзіцца ў Беларусі, падчас спаборніцтваў будуць працаваць валанцёры. Іх падбор ужо пачаўся.

Спартсмен — гэта лідар

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады ўзняў шэраг праблемных пытанняў у плане падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў, зрабіў канкрэтныя даручэнні. Па-першае, сталіца павінна выглядаць годна. Трэба, каб усё было ўпарадкавана, і, галоўнае, даўгабудам у Мінску не месца:

— Прывядзіце горад у парадак, каб не было ніводнага даўгабуда. Ніякіх платоў, якія закрываюць гэтыя будоўлі, быць не павінна. Добраўпарадкаванне, знешнія фасады — усё павінна быць прыведзена да ладу.

У той жа час залішняя пампезнасць не патрэбна, ды і ўсё роўна мы не зможам перасягнуць адкрыццё Алімпіяды ў Сочы або першых Еўрапейскіх гульняў у Баку. Там толькі на адкрыццё і закрыццё былі ўкладзены сотні мільёнаў долараў... Пры неабходнасці і мы маглі б знайсці такія грошы, але, лічыць Прэзідэнт, гэта не патрэбна. Мы можам пабіць гэтыя рэкорды сваёй адкрытасцю, душэўнасцю.

Па-другое, краіна і на Гульнях, і ўвогуле на міжнародных спаборніцтвах павінна быць прадстаўлена на ўзроўні. Апошнім жа часам выступленні нашых спартсменаў не радуюць. На падрыхтоўцы спартсменаў, годных умовах для іх заняткаў дзяржава не эканоміць, але дзе аддача?

— У вас ёсць час для таго, каб перабудавацца, памяняць трэнераў, калі трэба, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі хочаце нешта заваяваць у спорце, трэба быць на галаву вышэй за іншых. Усе павінны быць безумоўнымі лідарамі. Попыт з кіраўнікоў федэрацый будзе самым жорсткім. Прыходзьце па грошы, калі будзе перспектыўны спартсмен і трэнер. Пад гэта грошы мы будзем выдзяляць, а потым патрабаваць вынік. І перастаньце спасылацца на нейкія перабудовы, змену пакаленняў.

Па-трэцяе, работа сродкаў масавай інфармацыі павінна быць больш якаснай па шэрагу кірункаў. У прыклад Прэзідэнт прывёў асвятленне ўборачнай кампаніі, калі дзякуючы журналісцкай працы ўвесь народ «жыў і перажываў, будзем мы з хлебам ці не». Гэтак жа трэба, упэўнены кіраўнік краіны, асвятляць і вучэнні «Захад-2017», і падрыхтоўку Еўрапейскіх гульняў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Без самазаспакойвання і адтэрміновак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».