Вы тут

Вуліца радасці


3 верасня ў Мінску 24-гадзінным святам завяршыўся беларуска-бразільскі фестываль урбан-арта Vulіса Brаsіl.

Аўтарскае адзенне, тры музычныя сцэны, фудкорт з разнастайнымі стравамі, архітэктурныя інтэрвенцыі «Гарадскі пляж», «Ідэальны хмарачос», стрыт-арт ды батукада — калі вы не трапілі ў мінулыя выходныя на Vulіса Brаsіl, то прапусцілі адну з самых яскравых падзей лета. Беларуска-бразільскі фестываль, ініцыятарам якога вось ужо чацвёрты год выступае пасольства Бразіліі ў Беларусі, мякка дэманструе нам новы Мінск — якім можа быць горад, калі яму гэта дазволіць.


«Ну, падумаеш, — скажа хтосьці, — прадаваліся гарачыя ракі на вуліцы, ну і што?» Ці так: «Ну, працавала сцэна з жывой музыкай, дык яна ў кожным клубе працуе, — што тут такога?». Ды яшчэ трэці пацісне плячыма: «Ну, прайшла ваша батукада — парад барабаншчыкаў, дзяўчаты пакрасаваліся — і што змянілася?». «Ну, размалявалі нейкі будынак у розныя колеры, лепей бы дрэўца пасадзілі», — прамовіць чацвёрты. І гэтак далей і да таго падобнае. Але давайце будзем шчырымі: Vulіса Brаsіl — яна пра разнастайнасць. Ва ўсім. У гэтай самай ежы, калі не абавязкова «таптаць» адны і тыя ж беляшы і кока-колу, а пакаштаваць што-небудзь незвычайнае і карыснае. Калі слухаць не адно спевакоў «пад мінус» з рэпертуарам, які нагнаў аскому, а жывую музыку, якая спалучае розныя стылі і напрамкі. Калі ўспрымаць стрыт-арт не як бязглуздую «мазню» на сценах, а як мастацкае пасланне, асэнсаваны ліст да нас з вамі, гараджан, які фарбамі і балончыкам (а бывае і пэндзлем) піша стрыт-артыст. Vulіса Brаsіl — яна пра гэта, ды яшчэ пра тое, што мастацтва жыве побач, у самых розных праявах і выявах, і ствараць яго можам мы самі. На самыя розныя тэмы.

У прыватнасці, сёлета тэматычным напрамкам прац бразільскіх і беларускіх strееt-мастакоў фестывалю сталася экалогія. І прачытанне яго было вольным, задаўшы гарызонт інтэрпрэтацый і разваг над тым, што для кожнага ёсць экалагічныя стасункі.

Напрыклад, бразілец L7M, акцэнтаваўшы праблему знікнення рэдкіх відаў птушак, выявіў на мурале па вуліцы Няміга калібры, што імкнецца да чыстага паветра, на волю з путаў бруду і скаванасці.

Rаmоn Mаrtіns, які ўжо нарабіў летась шуму, распісаўшы гмах на Кастрычніцкай (памятаеце выявы зубра, жорава, аленя і пеўня на вялізным будынку злева?), — сёлета працягнуў сваё пасланне, «апрануўшы» ў рознакаляровую палітру геаметрычных формаў і беларускіх арнаментаў суседні з вышэйзгаданым будынак. Яго працу можна прачытаць як прысвечаную экалогіі наваколля і повязі культур.

Дантэ Араіва — бразілец з каранямі народа айны — нацыянальнай меншасці Японіі — і прыгожае і пачуццёвае пасланне пра памяць і цяперашняе. Яго мурал па вуліцы Раманаўская Слабада звяртае на сябе ўвагу праз выявы дзвюх жанчын: маладзейшая падразае валасы старэйшай. Дантэ расказаў, што рытуал падразання валасоў у яго інтэрпрэтацыі — гэта развітанне з непатрэбным мінулым, якое цягне назад і не дае магчымасці адкрыцца новаму. «Калі непатрэбныя стасункі, таксічнае атачэнне, закарузлыя традыцыі запаўняюць нас цалкам, то месца для таго, каб убачыць новыя магчымасці, не застаецца, — кажа мастак. — Я хачу нагадаць пра тое, як важна адкрывацца новаму».

Беларускія мастакі — і не менш цікавыя вобразы і шляхі ўзаемадзеяння з гарадской прасторай, яе напаўненнем. Марат RGB, які на мінулым фестывалі прапаноўваў для стварэння графіці бакі свайго арт-грузавіка, сёлета вырашыў звярнуць увагу гледачоў на начынку машыны — надаўшы фургону функцыю галерэі. Мастак зрабіў унутры грузавіка выстаўку карцін пад лозунгам «Знайдзі сабе нармальную работу». «Гэта выслоўе часта даводзіцца чуць мастакам ад сваіх бацькоў і блізкіх, — пракаментаваў свой жэст Марат. — Маўляў, калі ўжо ты кінеш гэта дурное і пачнеш займацца сапраўднай справай. Я вырашыў надаць фразе іншы сэнс і прапаную наведвальнікам знайсці сабе нармальную работу ў значэнні «мастацкі твор». Выбраць у галерэі сярод прапанаваных твораў і набыць, даўшы магчымасць зарабіць яго аўтарам», — дасціпна паварочвае тэму ў бок запатрабаванасці мастацтва і рыначных стасункаў мастак.

Ад экалогіі, скажам так, працы — да экалогіі энергій. Дуэт скульптараў «Рэха» Паліна Пірагова і Васіль Цімашоў — і новая гарадская скульптура з «жывых» матэрыялаў. Паліна і Васіль робяць трубы з галін, якія аплятуць адзін з заводскіх будынкаў на Кастрычніцкай. У іх выпадку гаворка ідзе пра трансфармацыю паняцця гарадскіх камунікацый. Індустрыяльны спрут, па якім цячэ энергія прыкладнога выкарыстання, замяняецца на энергію прыроды, жывой матэрыі. Паліна і Васіль разам з камандай валанцёраў плятуць дзевяць метраў «жывой» канструкцыі, якая насычае горад энергіяй пераўтварэння. Vulіса Brаsіl — гэта і праваднік новых плыняў, скажу так, і твор «Рэха» тут — адна з метафар.

Распісаныя трамваі, скульптуры сучаснага мастацтва ды нават вагон метро, на ўнутранае і знешняе аздабленне якога пагадзілася кіраўніцтва метрапалітэна... На ім можна пракаціцца, узнаўляючы Vulіса Вrаsіl, яе дух. Мінск мяняецца — і гэта відаць менавіта праз людзей, якія стваралі беларуска-бразільскі фестываль, валанцёраў, што з энтузіязмам укладваліся ў працу, увогуле, праз аблічча яго ўдзельнікаў і наведвальнікаў. Мастакі, музыканты, гандляры экамаркета і рамеснікі, танцоры і дыджэі... Публіка — ад актыўнай моладзі да бацькоў з дзецьмі. Можна зрабіць заўвагу пра тое, што, на жаль, гэта свята ў межах адной вуліцы, адгароджанай аўтазакамі, ды з пільным кантролем міліцыі ў мэтах бяспекі. Але сёння, бадай, ніводная еўрапейская дзяржава не абыходзіцца без падобных мер у месцах збору вялікай колькасці людзей, гэта нармальна. А вось што да аўтазакаў — яны і сапраўды мулялі вочы.

Ды ўсё ж важна разумець тое, што праект, які ўвабраў праявы яскравай культуры, актыўнасці і самавыяўлення людзей, стаў заўважным і відавочным, незалежна ад геаграфічнай прывязкі. Жыхары гэтай умоўнай вуліцы — яны жывуць сярод нас, і гэтыя мінчане, бразільцы, еўрапейцы рады ствараць новы горад. Бразільскі? Еўрапейскі? Беларускі? Розны! Горад, якім кіруюць каштоўнасці клопату аб сваім асяроддзі і прага да прыгожага адпачынку.

За час наведвання фестывалю Vulіса Brаsіl я не сустрэла ніводнага п'янага чалавека.

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.