Пра сімвалізм кола ў культуры беларусаў можна разважаць бясконца. Гэта і знак сонца, бясконцасці жыцця, руху наперад. Суаднесены з карагодам — еднасці і супольнай справы. А ручнік, што яго абвівае, здаўна лічыўся сімвалам шляху, агульнай дарогі. Хай нашы суайчыннікі праз розныя абставіны апынуліся за мяжой, гэты знак нібыта кажа: мы разам.
— Памятны знак «Беларусам замежжа» сімвалізуе рух наперад да ўмацавання незалежнасці Беларусі, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця кампазіцыі міністр замежных спраў Уладзімір МАКЕЙ, піша БЕЛТА. — Ён таксама сімвалізуе нялёгкі шлях дочак і сыноў Беларусі, якія жывць у розных кутках свету, але захавалі любоў да Радзімы.
Адметна, што адкрыццё гэтай кампазіцыі адбылося менавіта сёлета, калі ўся краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Можна заўважыць пэўную паралель з вобразам нашага асветніка Францыска Скарыны, які працаваў у розных краінах, але сваёй справай заўжды быў адданы роднай зямлі і народу. Аўтары скульптар Аляксандр Фінскі і архітэктар Армен Сардараў звярнулі ўвагу на адметнасць выбранага месца для ўстаноўкі помніка. Знак «Беларусам замежжа» з'явіўся на беразе Свіслачы, у гістарычнай частцы сталіцы, дзе пачыналася жыццё горада.
Гэтае скрыжаванне часоў, эпох і народаў можа стаць і сімвалам міжкультурнага дыялогу, падкрэсліў міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. А кіраўнік арганізацыі «Беларусы Масквы», кандыдат гістарычных навук Аксана СОЛАПАВА заўважыла, што Беларусь сёння з'яўляецца адзінай дзяржавай, дзе ўстаноўлены падобны знак. Таму вельмі важна, каб дыялог паміж Беларуссю і нашай дыяспарай за мяжой развіваўся і пашыраўся на розныя сферы.
Бронзавае кола, дыяметрам тры метры, што стаіць на гранітным падмурку, станецца выдатным упрыгожаннем Траецкага і, думаецца, не застанецца па-за ўвагай шматлікіх турыстаў.
Учора таксама адбылося 3-е пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС. Падрабязней пра гэта — у наступным нумары.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота БЕЛТА
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.