Вы тут

Прайдуся па Кастрычніцкай і звярну... на «Зыбу»


Доўгі час за мяжой Мінск быў вядомы сваімі ВНУ, прамысловымі прадпрыемствамі і добрымі медыцынскімі цэнтрамі, але ніяк не гучнымі вечарынкамі. А цяпер спецыяльна для таго, каб паглыбіцца ў начное жыццё Мінска, маладыя людзі прыязджаюць з іншых краін. Такую славу горад атрымаў вельмі хутка — усяго за некалькі гадоў. З соннага начамі, з рэдкімі лакальнымі водбліскамі, ён ператварыўся ў той, які ніколі не спіць. Прынамсі, у выхадныя.


Муралы, якія сталі візітнай карткай Кастрычніцкай.

Убачыць нефармальную моду і пакаштаваць Мінск на смак

«Віноўніцамі» гэтага сталі дзве вуліцы — месцы пакланення мінскай моладзі: Кастрычніцкая і Зыбіцкая. Здавалася б, тусоўка і тусоўка, але ў кожнай — свой непаўторны дух. На Кастрычніцкай збіраюцца прыхільнікі больш вольнага, расслабленага фармату адпачынку. І сапраўды, вячэрнія сукенкі не надта спалучаюцца са шматлікімі маляўнічымі мураламі, якія ўпрыгожваюць ўсю вуліцу — прывітанне фестывалю Vulіса Brаsіl. А вось кеды і джынсы — цалкам.

Кастрычніцкая — яркі прыклад увасаблення ў жыццё моднага сёння тэрміна джэнтрыфікацыя. Гэта калі індустрыяльныя пляцоўкі, на якіх ужо няма прадпрыемстваў, пачынаюць жыццё зноўку, ператвараючыся ў тэрыторыі для кафэ і бараў, галерэй і нават жылля. Праўда, пакуль купіць кватэру ў былых карпусах завода нельга, ды і невядома, ці захацеў бы хто-небудзь суседнічаць з бясконцым карнавалам, а вось пабываць ва ўстановах, на месцы якіх раней размяшчаліся цэхі, — калі ласка. На Кастрычніцкай досыць шматлюдна і днём: з усяго горада на абед сюды з'язджаюцца офісныя работнікі, якім дазваляе графік, і, вядома ж, прыходзяць студэнты, якія жывуць непадалёк. Частыя наведвальнікі вуліцы дзеляцца на два лагеры, як аматары катоў і сабак, — абыякавых няма. Гэта тыя, хто ўсім сэрцам любіць сэндвічы, і тыя, хто ў гэтай спрэчцы аддае перавагу блінцам, — за ўвагу кліентаў па-добраму змагаюцца размешчаныя побач «Лаўка» і «ДЭПО». Не пабываўшы ў гэтых месцах, лічыце, што вы не пакаштавалі Мінск на смак. Асабліва прыемна, што меню ў кафэ на беларускай мове. Працуюць установы ўсю ноч, на працягу якой вакол збіраюцца дзясяткі маладых людзей, згаладнелых пасля актыўных танцаў.

Калі вы, наадварот, толькі падсілкаваліся, самы час адправіцца ў галоўную начную ўстанову вуліцы — бар з гуллівай назвай «Хуліган». Валасы ўсіх колераў вясёлкі, завушніцы ў самых нечаканых месцах і касмічныя ўборы — на прыкладзе наведвальнікаў гэтага бара можна складаць энцыклапедыю мінскай нефармальнай моды.

Начамі, асабліва ў цёплую пару года, Кастрычніцкая забітая пад завязку, прычым маладыя людзі адчуваюць сябе тут вельмі свабодна: могуць спыніцца пагутарыць пасярод дарогі або з келіхамі з бара прысесці проста на тратуар.

У залежнасці ад настрою і планаў публіка перамяшчаецца не толькі з адной установы ў другую ўздоўж Кастрычніцкай, але і літаральна разрываецца паміж дзвюма станцыямі метро: Першамайскай і Нямігай.

І філармонія, і тэатр, і цырк

У раёне Нямігі, або, як ласкава празвалі Зыбіцкую ў народзе, — на «Зыбе», атмасфера крыху іншая, хоць многае, вядома ж, залежыць ад часу. Раніцамі сюды прыязджаюць на дзелавыя сняданкі або каб узяць каву на вынас — опцыя, за якой яшчэ пяць гадоў таму можна было толькі з зайздрасцю назіраць у галівудскіх фільмах, а цяпер запаветныя кубачкі даступныя нават у самых маленькіх постсавецкіх буфетах. Днём на Зыбіцкую прыязджаюць пераважна па справах, апроч забаўляльных яна паступова напаўняецца і іншымі ўстановамі. Напрыклад, тут размешчана студыя ёгі і клініка жаночага здароўя. У хуткім часе павінен адкрыцца гатэль — спадзяёмся, пастаяльцаў будуць папярэджваць аб тым, што спакойны адпачынак тут можа толькі сніцца, а то ўзрушэнне, як і музыка па начах, можа быць аглушальным.

Раннім жа вечарам, асабліва ў цёплае надвор'е, тут пануе практычна ідылія. Цішыню парушаюць хіба што скейтары, якія аблюбавалі пляцоўку ў пачатку вуліцы для сваіх трэніровак.

У выхадныя вуліца, як і самі гараджане, жыве цалкам па іншым распарадку. За апошнія два гады Мінск не памятае, напэўна, ні адной цёплай суботы, якая была б ціхай і непрыкметнай, а не насычанай разнастайнымі падзеямі. На тэрыторыі Верхняга горада пануе вечнае свята музыкі, майстроў і ежы. А дзе плошча каля Ратушы, там і да Зыбіцкай — рукой падаць.

Акрамя прадуманых рэстаратараў ацанілі эканамічна выгаднае становішча вуліцы і іншыя прадпрымальныя маладыя людзі. Калі першы час на Зыбіцкай нясмела з'яўляліся адзінокія музыканты з гітарай, то цяпер там выступаюць вулічныя артысты самых розных кірункаў і вельмі добра падрыхтаваныя. Спевакі прыязджаюць цэлымі гуртамі з поўным наборам абсталявання. І калі да таго, што на вуліцы з перыядычнасцю раз на гадзіну гучыць незабыўная «Батарэйка», людзі ўжо прывыклі, то іншыя віды творчасці яшчэ здольныя ўразіць. Дыяпазон шырокі — ад чытальнікаў паэзіі ў касцюмах у стылі ХІХ стагоддзя да ўладароў агню і танцораў, якія выконваюць ніжні брэйк. Атрымліваецца гэтакі бясплатны варыянт пабываць на паўтэатралізаваным-паўцыркавым прадстаўленні, якое праходзіць пад акампанемент жывой музыкі.

У гэтае месца можна не ўлюбіцца, толькі калі вы заўзяты інтраверт і шумны натоўп людзей прымушае вас нервавацца. Натуральна, людзей шмат, бо кожны хоча стаць часткай такога дынамічнага, нязвыклага, але ад гэтага яшчэ больш сімпатычнага Мінска.

Вуліца адпачывае ад наплыву наведвальнікаў у будны дзень.

Па шчаўевую настойку і рытмы лаціны

Але калі днём і вечарам па вуліцы паважна шпацыруюць дарослыя пары і сем'і з каляскамі, то бліжэй да вечара тут застаецца толькі адзін гаспадар — моладзь. Мабыць, акрамя ўзроставага крытэрыю больш ніякіх аб'яднальных прыкмет у мясцовай аўдыторыі няма. Хіба што заядлых альтэрнатыўшчыкаў тут не сустрэнеш — яны лічаць гэта месца занадта «папсовым». Абумоўлена такая разнастайнасць тыпаў мноствам накіраванасцяў бараў: знойдзецца месца, прыдатнае па атмасферы і кашальку студэнта, і бізнесмена. Асабліва вылучаецца ў гэтым плане будынак па адрасе Зыбіцкая, 6 — ён рэкардсмен па колькасці ўстаноў у адным будынку ў Беларусі, а мяркуючы па тым, як актыўна яны працягваюць адкрывацца, хутка зможа прэтэндаваць і на лідарскія пазіцыі ў свеце. Але не будзем забягаць наперад.

Вечаровае наведванне Зыбіцкай па негалосных законах трэба пачынаць з павольнага праменаду, так бы мовіць, агляднай экскурсіі. Прыгледзецца, дзе сёння весялей за ўсё, — гэта зразумела па колькасці людзей, якія прытанцоўваючы тоўпяцца каля ўвахода. Паралельна можна паспець падпець каму-небудзь з музыкаў — лепш за ўсё ідуць хуткія кампазіцыі на рускай мове. А наогул у пашане поп-музыка і злёгку дэпрэсіўны рок: на вуліцы можна не прыкідвацца, што любіш электра, гэта ўжо ў барах не будзе выбару. Хоць у Еl Рushkа — маленечкай установе, у якую часцяком бывае не прабіцца, — такія рытмы таксама не вітаюць, тут пануе лаціна. Яшчэ адно папулярнае месца — бар «Слоікі-Бутэлькі». Менавіта тут рыхтуюць «нацыянальны напой» Зыбіцкай — шчаўевую настойку. Апетыт можна задаволіць у Соffееbеrrу — кавярні, дзе вас накормяць найсмачнейшымі гарачымі бутэрбродамі.

Што да нашых спроб пагутарыць з мэтай узяць інтэрв'ю (вядома, гэта ж не рамантычнае знаёмства) — усе яны скончыліся правалам. Уражанні ва ўсіх аднолькавыя: класна! А ў канцы фразы яшчэ абавязкова дадаецца радасны выкрык. Хоць можа гэта менавіта той выпадак, калі астатнія словы лішнія?

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».