Вы тут

Андрэй Шорац адкрыта адказаў на шматлікія пытанні аб развіцці Мінска


Напярэдадні святкавання 950-годдзя сталіцы старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ адкрыта адказаў на шматлікія пытанні аб развіцці горада і крыху — аб асабістым.


Фота БЕЛТА

— Андрэй Віктаравіч, якім кірункам у развіцці Мінска ў найбліжэйшы час будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага?

— Думаю, мы будзем развівацца комплексна, з улікам павышэння якасці гарадскога асяроддзя. Мы хочам, каб у горадзе было камфортна і зручна жыць. Гэта паркі, развіццё экалагічных праектаў, зніжэнне руху транспарту — трэба як мага больш гараджан заахвоціць карыстацца грамадскім транспартам. Тая ж выдзеленая паласа для яго дазваляе перамяшчацца па горадзе хутчэй, чым на сваім аўто. Калі людзі зразумеюць, што прасцей і танней, пакінуўшы машыну на перахопнай паркоўцы, дабрацца куды трэба на грамадскім транспарце, ён зойме дамінуючую пазіцыю. Мы пачынаем укараняць электробусы, ужо два маршруты запушчаныя. Бачым, што гараджане станоўча адгукаюцца аб новым відзе транспарту, так што будзем здымаць кантактную сетку ў іншых раёнах горада і замяняць тралейбусныя маршруты электрычнымі.

І, вядома, як і заўсёды, асаблівая ўвага аддаецца сацыяльнай і будаўнічай сферы. Аб'ёмы будаўніцтва жылля будуць паступова скарачацца, хутка будуць уведзены ў эксплуатацыю два буйныя комплексы «Маяк Мінска» і «Мінск-Мір» — горад у горадзе на 300 гектарах. Будзем дапамагаць аблвыканкаму развіваць Рудзенск пры наяўнасці адпаведнага плана і часткова Смалявічы. Што да інфраструктуры, то працягнем узводзіць тыпавыя праекты садоў і школ, якія мы навучыліся будаваць з апярэджаннем тэрмінаў. Таксама ў наступныя некалькі гадоў у кожным раёне павінен з'явіцца новы басейн.

— А як вы ставіцеся да ідэі закрыць цэнтр горада для машын?

— Ідэя цікавая, але да яе трэба падыходзіць вельмі асцярожна. Чаму? Таму што менталітэт нашага чалавека такі: мы павінны прыехаць з пункта А ў пункт Б за мінімальна кароткі час. На жаль, так не атрымліваецца. Тыя заторы, якія здараюцца ў нас у час пік, сігналізуюць аб тым, што трэба мяняць транспартныя патокі. Мы ўжо робім невялікія крокі ў напрамку змянення руху ў цэнтры, і яны нікому не перашкаджаюць.

Актыўна будуем зараз Першае транспартнае кальцо. Я ўпэўнены, што, скончыўшы работы і ўкараніўшы новыя, у тым ліку інтэлектуальныя, схемы кіравання транспартным патокам, мы разгрузім цэнтр. Ёсць і іншыя цікавыя прапановы, напрыклад, «Мінская спадчына» распрацоўвае праект, як зрабіць Камсамольскую і Рэвалюцыйную вуліцы часткова пешаходнымі са скразным рухам па адной паласе. Думаю, гэта тэрыторыя таксама стане цэнтрам прыцягнення гараджан і гасцей.

— Дарэчы, аб замежных гасцях. Што неабходна зрабіць, каб палепшыць турыстычны імідж сталіцы?

— Скажам адкрыта, у Мінску няма нейкіх надзвычай яркіх славутасцяў, — нават турфірмы адзначаюць, што складана турысту прапанаваць на некалькі дзён затрымацца ў горадзе. Таму яны распрацоўваюць адразу краінавыя праграмы. Безумоўна, пяцідзённы бязвізавы рэжым даў свае вынікі — ім скарысталіся ўжо больш за сорак тысяч турыстаў.

Мы ўсюды, дзе бываем, кажам: давайце супрацоўнічаць, праводзіць сумесныя мерапрыемствы. Збіраем турыстычныя фірмы, праводзім прэзентацыйныя мерапрыемствы за мяжой, — трэба актыўна рэкламаваць сябе на далёкіх подступах. Гэта можа быць і бізнес-турызм, і медыцынскі турызм, і падзейны. Днямі ў Мінску прайшло мерапрыемства адной кампаніі, якое сабрала дзевяць тысяч чалавек, значыць, умовы дазваляюць гэта рабіць. Магчыма, у наступным годзе ў нас адбудзецца чэмпіянат свету па гульні «ў танкі».

Раней думалі: пабудуем аквапарк — да нас усе паедуць. На жаль, пакуль не атрымалася. Хоць па якасці аказання паслуг мы на досыць высокім узроўні, гасцініцы не выклікаюць нараканняў, а па водгуках нават атрымліваюць высокія адзнакі на сусветна вядомых сайтах.

Мы бачым вялікія перспектывы ў супрацоўніцтве з Кітаем, на святкаванне Дня горада прыедуць дзве дэлегацыі — чарговы раз прапануем абмяняцца турыстычным патокам з улікам наяўнасці ў нас гасцініцы «Пекін». Думаю, паступова аб'ёмы турпаслуг узрастуць.

— Хутка ў нас пройдуць буйныя спартыўныя мерапрыемствы — Еўрапейская гульня і чэмпіянат свету па хакеі. Мінулы раз да гэтай падзеі з'явілася шмат знакавых аб'ектаў, якія планы цяпер?

— Я думаю, калі мы завершым тое, што ў нас цяпер у актыўнай стадыі будаўніцтва, будзе ўжо як мінімум добра. З'явіцца яшчэ некалькі новых гасцініц. Упэўнены, што спартыўнай інфраструктуры дастаткова, каб якасна і годна правесці, раней самастойна, цяпер на дзве краіны, чэмпіянат свету на высокім узроўні. У нас будзе праходзіць частка матчаў, у тым ліку паўфіналы і фіналы. Будзем развівацца ў плане павышэння камфорту размяшчэння як удзельнікаў чэмпіянату, так і заўзятараў. Мы практычна гатовыя — невялікі глянец, марафет і, думаю, правялі б і раней.

— Раскажыце падрабязней пра лёс буйных будоўляў, якія ва ўсіх на слыху.

— Што датычыцца офіса «Газпрома», то цяпер ідзе выбар падрадчыка, удакладняюцца як аб'ёмы інвестыцый, так і памеры комплексу. Думаю, канкрэтыка з'явіцца ўжо ў гэтым годзе. Ёсць дакладныя даручэнні ад кіраўніка дзяржавы, і да 2020 года мы павінны аб'ект завяршыць.

На месцы былога музея ВАВ размесціцца прыгожы грамадска-дзелавы комплекс, які будзе стылістычна дапаўняць Палац Рэспублікі і Палац культуры прафсаюзаў. Думаю, ужо сёлета забудоўшчык зойдзе на пляцоўку.

На стадыёне «Дынама» ўжо ідзе мантаж металічных канструкцый даху. Затрымкі з яго здачай звязаны з тым, што мы, каб загрузіць уласныя прадпрыемствы, а не закупляцца за мяжой, узялі на мантаж Маладзечанскі завод металаканструкцый, які раней гэтым не займаўся. Таму крыху змясціліся тэрміны. Але ўжо 21 чэрвеня, роўна за год да пачатку другіх Еўрапейскіх гульняў, мы пусцім адлік да падзеі на стадыёне «Дынама». Пасля таго як будтэхніка завершыць там работы, будзем мяняць дарожнае палатно. Менавіта таму часова перастануць хадзіць нядаўна пушчаныя зноў трамваі — рамантаваць дарогу раней не мела сэнсу.

— А што будзе з мотавелавытворчасцю?

— Разглядаецца некалькі варыянтаў, у тым ліку і перанесці яе ў «Вялікі камень»,
і абсталяваць на пляцоўцы іншых прамысловых прадпрыемстваў, якія па сваіх памерах і наяўнасці камунікацый падыходзяць. Банкруцтва «Мотавела» на самай справе гэта адзіная працэдура, якую можна правесці ў рамках існуючага заканадаўства, каб вырашыць пэўныя прававыя пытанні. Створана прадпрыемства ТАА «Мотавелазавод», якое рэальна займаецца выпускам мотавелатэхнікі, таму пытанне цяпер толькі ў тым, якім чынам і на якую пляцоўку перанесці існуючую вытворчасць.

Далей разам з банкамі будзем разглядаць лёс былой пляцоўкі завода. 27 гектараў практычна ў цэнтры горада ўяўляюць пэўную цікавасць для розных сфер дзейнасці. Ёсць цікавыя прапановы, а ёсць і не вельмі. Адзін з варыянтаў, які пакуль у вельмі сырым выглядзе, — пабудаваць там аб'ект адміністрацыйна-бытавога і гандлёвага прызначэння з кампенсацыяй выдаткаў на будаўніцтва мотавелавытворчасці.

— Вядомы факт, што горад не маладзее, пажылых людзей становіцца больш. Ці будуць для іх распрацоўвацца адмысловыя праграмы вольнага часу?

— Ёсць пэўная колькасць цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, але, відаць, самі людзі, якія дасягнулі пэўнага ўзросту, павінны ўносіць прапановы па тым, чым ім хочацца займацца. Нават калі мы створым умовы для навучання камп'ютарнай грамаце, то без цікавасці з іх боку схема працаваць не будзе.

У нас, на жаль, актыўнасць людзей гэтага пакалення выяўляецца толькі на танцпляцоўцы ў Парку Чалюскінцаў. Прыйшлі і сказалі: зрабіце нам яе па-іншаму і пакажыце, як яна будзе выглядаць. Калі ёсць цікавыя прапановы, праца значна больш эфектыўная.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

— Куды канкрэтна можна звяртацца?

— Да мяне! Ужо два гады на сайце выканкама ёсць функцыя — напісаць ліст старшыні. І вось акрамя скаргаў ніхто нічога не піша. І ў гэтым самая вялікая праблема.

— Можа быць, варта змяніць фармат узаемадзеяння гарадскіх улад з мясцовымі жыхарамі?

— Што датычыцца грамадскіх абмеркаванняў, то ўсе яны праходзяць па адным сцэнарыі, і завадатарамі выступаюць не мясцовыя жыхары, а людзі, якія нават у гэтых гарадах, як правіла, не пражываюць. Для мяне было адкрыццём, калі ў скверы Котаўка пад бульдозер скакала дзяўчына, якая да Мінска не мае ніякага дачынення, — яна ў Брэсце жыве.

Калі б казалі: у нас не хапае дзіцячых садкоў, месцаў у школах або паліклініка дрэнная... Але калі чалавек, у якога туалет у двары, дранка са столі падае і пячное ацяпленне ці старое газавае, супраць таго, каб яго дом знеслі, а самому новае камфортнае жыллё далі — я гэтага проста не разумею.

У нас грамадскае абмеркаванне атрымалася толькі адно, калі мы выбіралі колер электробуса. Мне спадабаўся бела-салатавы, я думаў, што гэта прыгожа. Але вырашылі спытаць у народа — і перамог жоўты, прычым з такім адрывам! Давайце яшчэ тэмы — будзем абмяркоўваць, я гатовы.

— У Мінску адбываецца рэформа ЖКГ. Якія яшчэ рэзервы вы бачыце ў паляпшэнні гэтай сферы?

— Не варта казаць, што мы зрабілі нешта звышнатуральнае. Проста паглядзелі, што ў нас было і што можна зрабіць, каб знізіць выдаткі і аптымізаваць працу. Са 150 арганізацый зрабілі 58 і практычна на 5 тысяч скарацілі колькасць людзей. Пры тым што аб'ём работ застаўся той жа. На конкурснай аснове сталі праводзіць пошук падрадчыка на розныя аб'ёмы работ, пачынаючы ад тэхнічнага абслугоўвання жылля да капітальнага рамонту. Па розных пазіцыях першапачатковы кошт знізілі ад 9 да 40%.

Стварылі службу 115, сабралі з усяго горада ў адну структуру АРІП. Для аварыйнай службы горад падзялілі на тры зоны, цяпер час даезду да аварыі не больш за 30 хвілін. Прычым спецыялісты ліквідуюць не толькі яе наступствы, але і прычыны. Ствараем прадпрыемства эксплуатацыі інтэрнатаў, вельмі шмат прампрадпрыемстваў хоча пазбавіцца ад такой неўласцівай ім функцыі. У асобнае прадпрыемства сабралі ўсе бамбасховішчы. Развіваем аўтаматызацыю прыбораў уліку, каб цалкам зняць чалавечы фактар. Да нашай радасці пасля пераўтварэнняў у сферы ЖКГ мы маем на 20% менш зваротаў у параўнанні з узроўнем мінулага года.

— Як вы паспяваеце знаходзіць час на сябе і на сям'ю?

— Шчыра скажу, хобі ў мяне няма. А сям'я заўсёды побач са мной на ўсіх мерапрыемствах у выхадныя. Напрыклад, у мінулую суботу разам наведалі фестываль Тбілісоба, і вінаград мясілі, і малюнкі рабілі.

— З чым у вас асацыюецца Мінск?

— З горадам, у якім хочацца камфортна жыць. Усе прыезджыя адзначаюць, што ў нас зручна і ўтульна. Гэта дарагога варта.

— Якую ролю горад адыграў у вашым лёсе, чаму навучыў, чым здзівіў?

— Ведаеце, пра такія пытанні ніколі не задумваўся. Няма калі!

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Горад, у якім камфортна жыць!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».