Вы тут

Як выжыць у сучасным горадзе без аўто


Беларусь становіцца актыўным удзельнікам Еўрапейскага тыдня мабільнасці.

Больш як 1460 гарадоў у 40 краінах свету заявілі пра свой удзел у Еўрапейскім тыдні мабільнасці (ЕТМ), у тым ліку 19 гарадоў Беларусі. Між тым усяго два гады таму ў ім удзельнічала толькі тры нашы гарады.

Сёлета сталіца ўжо другі раз на афіцыйным узроўні далучылася да Еўрапейскага тыдня мабільнасці. Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац падпісаў Хартыю аб далучэнні Мінска да ЕТМ.


У метро — па пасведчанні кіроўцы

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці праходзіць кожны год з 16 па 22 верасня. Усе акцыі, якія адбываюцца ў гэты час, нагадваюць людзям пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе і прапагандуюць выкарыстанне альтэрнатыўных спосабаў перамяшчэння.

Аўтамабілі не толькі забруджваюць атмасферу, але і забіраюць у нас грамадскую прастору: вуліцы і двары, а таксама зялёныя зоны. Ключавым мерапрыемствам ЕТМ з'яўляецца акцыя «Дзень без аўтамабіля» (22 верасня). У гэты дзень жыхары гарадоў пакідаюць свае машыны на стаянках і ў гаражах, а самі карыстаюцца грамадскім транспартам або веласіпедамі.

У Мінску кожны аўтаўладальнік зможа бясплатна скарыстацца наземным грамадскім транспартам і метро, прад'явіўшы замест праязнога білета пасведчанне кіроўцы і тэхпашпарт на машыну.

Асветніцкая дзейнасць і практычныя вынікі

Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацаваў план правядзення ЕТМ. Сёлета ён пройдзе пад дэвізам: «Аб'ядноўвацца дзеля будучыні».

На працягу Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Мінску будзе праведзена нямала асветніцка-адукацыйных кампаній, пазнавальных мерапрыемстваў, напрыклад, экскурсіі ў музей Мінскага метрапалітэна (папярэдні запіс па тэл .: 8(017) 219-60-67 і 8(017) 219-51-09), а таксама тэматычныя веласіпедныя і пешыя экскурсіі.

Асаблівая ўвага на працягу ЕТМ будзе ўдзелена дзецям. Мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя» правядзе акцыю «ZUM. Дзеці ў руху», Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства 18—20 верасня запрашае школьнікаў прыняць удзел у экалагічным квэсце «Чыстае паветра».

«Мінскае веласіпеднае таварыства» запланавала правядзенне акцыі «На ровары на працу»: абсталяванне на вуліцах горада энергетычных і інфармацыйных кропак для веласіпедыстаў з фотазонамі, дзе яны змогуць бясплатна пачаставацца гарбатай, кавай, садавіной, атрымаць агітацыйную прадукцыю, інфармацыйныя матэрыялы аб правядзенні ЕТМ.

Сусветны дзень без аўтамабіля ў Мінску

Праграма Дня без аўтамабіля, як заўсёды, вельмі насычаная. Так, на закрытым для транспарту ўчастку вуліцы Леніна (ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Кірава) у гэты дзень з 16.00 да 21.00 будзе арганізавана свята, прысвечанае Дню без аўтамабіля. У праграме: выступленне творчых калектываў, шоу велакаскадзёраў, конкурс на самы лепшы падсвечаны веласіпед; прэзентацыя электрамабіляў; актыўныя гульні і віктарыны для дзяцей.

«Мінскае веласіпеднае таварыства», «Цэнтр экалагічных рашэнняў», «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Мінскае гарадское ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама падрыхтавалі таксама цікавыя прэзентацыі і конкурсы. Дзень без аўтамабіля завершыцца масавым велапрабегам ад вуліцы Леніна да Нацыянальнай бібліятэкі. Для ўдзельнікаў прабегу будзе выдзелена першая паласа руху па праспекце Незалежнасці.

На навуковай аснове

На працягу ЕТМ Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя ў якасці эксперымента правядзе маршрутнае абследаванне стану атмасфернага паветра ў раёнах з рознай антрапагеннай нагрузкай. У прыватнасці, спецыялісты абследуюць аўтадарогу з інтэнсіўным рухам транспарту (скрыжаванне вуліц Я. Коласа і Кульман); зону адпачынку (Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага); зону рэкрэацыі («Парк камянёў»).

Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі правядзе эксперымент па вымярэнні ўзроўню шуму, створанага аўтатранспартам, і забруджвання паветра ў звычайны дзень і падчас правядзення акцыі (21 і 22 верасня).

Менш аўто — чысцейшае паветра

Старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк падзяліўся некаторымі лічбамі па выніках мінулагодняй акцыі. Падлічана, што правам бясплатнага праезду ва ўсіх відах гарадскога транспарту скарысталася 8500 чалавек. У шоу падсвечаных веласіпедаў прынялі ўдзел 2500 чалавек.

Сяргей Масляк асабліва падкрэсліў экалагічны эфект ад фінальнага дня ЕТМ. Ён нагадаў, што доля шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе прамысловых прадпрыемстваў — 15—20%, усё астатняе — «заслуга» аўтамабільнага транспарту.

Як высветлілася па выніках замераў стану атмасфернага паветра, падчас мінулагодняй акцыі ў Мінску выкіды шкодных рэчываў скараціліся на 170 тон. У 2015 годзе гэтая лічба склала 100 тон.

Адным словам, чым больш людзей хоць бы часам адмовяцца ад асабістага аўто і перасядуць у грамадскі транспарт або на веласіпед, тым чысцейшае будзе паветра, якім мы ўсе дыхаем.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».