Вы тут

Горад-экакластар: утопія ці магчымасць?


Як забяспечыць рэальнае жыццё віртуальнымі сродкамі.

Збудаваць рэальныя дамы за віртуальныя грошы ў Беларусі пакуль не ўдавалася ніводнаму бізнесмену. Ажыццявіць такую ідэю — стварыць у рэспубліцы пасяленне аднадумцаў-уласнікаў, якія будуць жыць у «разумных» экалагічных дамах, спрабуе прадпрымальнік-энтузіяст Аляксандр Міцін. Рэалізаваць свой праект ён мяркуе за кошт токенаў — электронных жэтонаў, якія замяняюць сапраўдныя фінансы і даюць права на ўваход у суполку, аднак набываюцца яны за сапраўдныя грошы... Спатрэбіцца на гэта першапачаткова ні многа ні мала — $1,8 млн, і энтузіяст ведае, дзе іх узяць — на платформе ІCO.


Токен — пропуск у суполку і сродак заробку

ІCO (Іnіtіal Coіn Offerіng — «першаснае размяшчэнне токенаў») — новы спосаб прыцягнення інвестыцый праз інтэрнэт. Эксперты, дарэчы, прадракаюць яму вялікую будучыню. Колькасць інвестараў, якія хочуць зарабіць на гэтым, імкліва расце — кажуць, такіх у свеце ўжо больш за 10 млн чалавек, а ў ІCO прыцягнута каля $5,5 млрд.

Сродкі для будаўніцтва горада-экакластара (так называе свой праект аўтар) з уласнай эканамічнай мадэллю развіцця, абароненай ад крызісаў, і пенсіяй для яго жыхароў, якая залежыць ад здольнасцяў і ступені ўкладу ў развіццё жыцця ў суполцы, Аляксандр мяркуе сабраць менавіта на інтэрнэт-платформе ІCO.

— Кожны ахвотны можа набыць токен (іх выпускаюць арганізатары ІCO), які стане паем (укладам) чалавека ў нашу суполку сумеснага ўладання і адначасова пропускам, што дасць права стаць членам суполкі, прынцыпы развіцця якой заснаваны на роўнасці, — сцвярджае ён. — Структура нашага таварыства будзе мець форму сотаў-ячэек, і кожны чалавек сам вырашае, чым зоймецца ў структуры. У тым ліку, ці будзе ён жыць непасрэдна ў доме і працаваць у суполцы або знаходзіцца ўбаку, можа і ў іншай краіне, і атрымліваць з жыццядзейнасці структуры прыбытак адпаведна сваім укладанням.

Перш за ўсё ён плануе сабраць грошы з людзей, якія зацікавіліся яго ідэяй і вырашылі фінансава падтрымаць яе рэалізацыю. Гэтыя сродкі паслужаць для стварэння інструментаў суполкі і першаснай капіталізацыі. Аляксандр, прыхільнік натуральнага і экалагічнага, мяркуе, што дамы, «начыненыя» сучаснымі інтэрнэт-тэхналогіямі, будуць драўлянымі.

Другім крокам ён распрацуе статут сумеснага валодання і першасныя задачы суполкі, якія дадуць ёй магчымасць развівацца.

— Статут павінны быць зразумелы ўсім членам, кожны будзе ведаць, што ён атрымае з удзелу ў нашым уладанні. Галоўнае, што я абяцаю ў сваім экакластары, — нармальнае жыццё, — запэўнівае Аляксандр. — Кожны член нашай суполкі пры набыцці токена персаналізуецца. Яны змогуць праз свае інтэрнэт-кабінеты адсочваць, што будуецца, як і на якой увогуле стадыі знаходзіцца рэалізацыя праекта. Прыбытак укладчыкі пачнуць атрымліваць пасля пачатку эксплуатацыі дамоў.

Інвестыцыі збоку ці «праца на зямлі»

Каб патанніць развіццё экакластара, прадпрымальнік мяркуе ўключаць у склад суполкі вытворчасці. Напрыклад, набыць за невялікі кошт існуючы дрэваапрацоўчы цэх, які знаходзіцца на мяжы выжывання, аднак мае неабходнае абсталяванне. З дапамогай грошай яму дадуць новае жыццё, а суполка праз гэта атрымае больш танныя матэрыялы для будаўніцтва дамоў. Такім чынам з працэсу выключаюцца пасрэднікі, што таксама станоўча адаб'ецца на развіцці фінансавага жыцця сумеснага ўладання.

Кожны сябра суполкі можа адлічваць працэнт ад свайго прыбытку ў так званы пенсійны фонд.

— А пры нараджэнні ў нашым сумесным уладанні дзіцяці на яго рахунак налічваюцца сродкі ў крыптавалюце — віртуальныя фінансавыя адзінкі, якія будуць выпушчаны ІCO. Людзі могуць траціць іх, напрыклад, на адзенне малому, дзіцячы садок, школу, і гэтая сума будзе павялічвацца за кошт развіцця суполкі.

Пры гэтым ён заклікае стаць членамі ўладання і дзяржаву, і інвестараў з розных краін, і саміх жыхароў экакластара. Бізнесмен не выключае, што калі яго ідэя рэалізуецца ў Беларусі, падобныя экакластары пачнуць стварацца і па-за межамі нашай краіны.

На пытанне, як будзе з'яўляцца прыбытак ад функцыянавання суполкі і чаму інвестары павінны зацікавіцца прапановай Аляксандра і ўкласці рэальныя грошы ў віртуальную пляцоўку, ён адказвае так:

— Пытанне не ў прыбытку, а ў даходах людзей. Кожны член суполкі мае права прадставіць на разгляд інвестараў таварыства свой праект, так званы стартап. Тыя, каму ён спадабаецца, пагаджаюцца на фінансаванне канкрэтна гэтай ідэі, сочаць за яе развіццём і атрымоўваюць ад яе прыбытак, — удакладняе Аляксандр. — З іншага боку, члены нашага экакластара могуць проста «працаваць на зямлі». Напрыклад, вырошчваць курэй-нясушак. За грошы суполкі яму будуецца птушнік, даецца корм. Ён у сваю чаргу пастаўляе суполцы яйкі і атрымоўвае нейкі працэнт ад сумы прыбытку за іх. Усе гэтыя працэсы — ініцыятыўныя праекты або гадаванне птушак — будуць відаць у ІCO, і размеркаванне даходаў будзе шчырым і дастойным.

Аляксандр агучыў ідэю свайго праекта па стварэнні горада-экакластара на прэзентацыі беларускай ІCO-платформы — ІCO HUB, якая, як мяркуецца, будзе мець цалкам айчынныя карані, чаго ў краіне яшчэ не здаралася. Ініцыятар яе стварэння — Улад Аўсяннікаў, вопытны ІT-спецыяліст. Прыцягнуць інвестыцыі пад свой «зямны» праект, як кажа сам Аляксандр, і расказаць пра яго як мага большай колькасці людзей прасцей за ўсё менавіта такім чынам. Літаральна за тыдзень яму напісала ўжо некалькі чалавек, гатовых прэзентаваць свае праекты на пляцоўцы ІCO HUB. Пакуль пляцоўка рыхтуецца да запуску.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Што і пачым можна набыць сёння на Камароўскім рынку

Што і пачым можна набыць сёння на Камароўскім рынку

У звычайныя дні тут бывае 30 тысяч пакупнікоў.

Калейдаскоп

5 прычын, з-за якіх сталеюць непаслухмяныя дзецi

5 прычын, з-за якіх сталеюць непаслухмяныя дзецi

Гэта павінен ведаць кожны з бацькоў.