Нарэшце, спраўдзілася. На вакзалах краіны сапраўды запрацаваў бясплатны Wі-Fі, а месцамі нават і нядрэнна. За месяц, паводле інфармацыі Беларускай чыгункі, ім скарысталіся, праўда, пакуль толькі крыху больш за 50 тысяч чалавек. Прычым у асноўным людзі падключаліся з вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. Там зарэгістравалі каля 15 тысяч унікальных карыстальнікаў — гэта прыкладна па 500 чалавек на дзень.
На мінскім вакзале злавілі
Калі аналізаваць усю тройку лідараў па падключэнні, то яна будзе выглядаць наступным чынам: на другім месцы вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны, дзе паслугай скарысталіся больш за 4,75 тысячы чалавек, на трэцім месцы вакзал станцыі Гомель — больш за 3,5 тысячы падключэнняў. Статыстыка пакуль, вядома, не здзіўляе лічбамі, але гэта толькі першы месяц карыстання. Таксама не ўсе ведаюць пра тое, што на вакзалах цяпер цалкам бясплатна можна, праходзячы міма, спыніцца і «завіснуць» на гадзінку, каб паглядзець эпізод якога-небудзь серыяла. Дарэчы, гэта магчыма зрабіць на тэрыторыі ўсяго будынка ў Мінску і Брэсце, дзе налічваецца 103 пункты доступу. Зайсці ў сетку можна ў залах чакання і холах, а таксама ў пакоях адпачынку.
Калі казаць пра сталіцу, то сёрфінг у інтэрнэце на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі вельмі зручны. Перад падключэннем да пункта доступу BelRW_Wі-Fі неабходна прайсці аўтарызацыю. Вас папросяць увесці нумар свайго тэлефона і паставіць галачку ў графе, дзе вы прымаеце карыстальніцкае пагадненне. З яго, на мой погляд, дастаткова ведаць тое, што БЧ будзе збіраць вашыя персанальныя даныя і што вы згодныя перыядычна глядзець рэкламу, якую вам будуць дасылаць. У прынцыпе, усё стандартна. Далей вам прыходзіць СМС з кодам, які вы і ўводзіце для аўтарызацыі. Пасля прагляду рэкламы, на якую вы траціце некалькі секундаў, вы пераходзіце да карыстання інтэрнэтам. Адначасова можна знаходзіцца ў сеціве з некалькіх прылад — планшэт, камп'ютар — і пры гэтым уводзіць толькі адзін нумар тэлефона. Прагляд відэа і праслухоўванне музыкі не выклікаюць цяжкасцяў. Самая вялікая хуткасць запампоўкі файла ў 100 Мб зафіксавана мной на адзнацы 9,1 Мб/с. Магчыма, калі карыстальнікаў стане больш — усё зменіцца не ў лепшы бок, але пакуль усё добра.
Не без праблем
Аднак нельга проста так узяць і зрабіць усё гладка ды яшчэ і з першага разу, праўда? Давайце ўспомнім, што БЧ анансавала бясплатны Wі-Fі не толькі на вакзалах абласных гарадоў, але і на станцыях у Баранавічах, Бабруйску, Барысаве, Жлобіне, Калінкавічах, Крычаве, Лідзе, Лунінцы, Маладзечне, Оршы, Асіповічах, Полацку і Пінску.
Дзеля цікавасці паспрабаваў пасёрфіць у сетцы ў Оршы. Здзіўлены я не быў — трапіць у інтэрнэт з залы чакання або ў любым іншым пункце аршанскага чыгуначнага вакзала ў мяне не атрымалася. Пасля размоў з персаналам я даведаўся, што доступ у сетку ёсць толькі ў платных месцах — зале адпачынку і VІP-зале вакзала. На этапе выпрабавання Wі-Fі па ўсім будынку да сеткі не маглі падключыцца нават супрацоўнікі вакзала. Выходзіць, тут схема пакуль такая: хочаш інтэрнэт — плаці за атмасферу. Я, вядома, не змог фізічна аб'ехаць усе вакзалы ў рэгіёнах, каб даведацца, як і што там працуе. Магчыма, такая праблема ёсць толькі на аршанскай станцыі, але яе наяўнасць пакуль застаецца фактам.
А можа, гэта зусім не праблема, а хутчэй бізнес-мадэль? На мой погляд, дзе такая мадэль патрэбна — дык гэта сапраўды на шляху з Мінска да Оршы. Вось ты спрабуеш пагаварыць з кімсьці праз месенджар, але званкі нярэдка абрываюцца, а потым сядзі і чакай наступнага населенага пункта, дзе сетка працуе. Ды добра інтэрнэт — месцамі і радыё нават не зловіш. Што перашкаджае БЧ зрабіць на гэтым маршруце тое ж самае, што і на шляху з Мінска ў Гомель? Там Wі-Fі хоць і нестабільны, але ўсё ж раздаецца «Штадлерам».
Абурэння пост
У тэме пра бясплатны Wі-Fі на вакзалах хацелася б адысці ад вакзалаў таму, што набалела. Гарадам таксама патрэбен паўсюдны Wі-Fі, і хай ён будзе нават платным. Вось прыязджае іншаземец без роўмінгу (бо некаторыя прывыклі, што сетка паўсюль даступная без праблем), а тут у Мінску (або цэнтры Еўропы, калі хочаце) нават немагчыма толкам скарыстацца інтэрнэтам. Ратуюцца альбо хот-спотамі ад шэрагу правайдараў (якія знайсці можна, але з цяжкасцю), альбо бясплатным Wі-Fі у кафэ, але пры ўмове, што звычайна ў такіх месцах шумна — міжнародны званок зробіш з цяжкасцю.
Не менш надзённая праблема — адсутнасць Wі-Fі у метро. Першае, што прыходзіць у галаву, — вінаваціць ва ўсім метрапалітэн. Але на самай справе тут не ўсё так проста. Гадоў 10 таму кампанія «Белтэлекам» разглядала магчымасць устаноўкі абсталявання для забеспячэння бесправаднога доступу ў сетку з метро. Але не склалася. Адна з апошніх спроб у гэтым кірунку была зроблена крыху больш за год таму. Але выйшла як у анекдоце: сабраліся тры мабільныя аператары і вырашылі запусціць партнёрскі праект сувязі паміж станцыямі метро «Пятроўшчына» і «Малінаўка» з магчымасцю доступу да высакахуткаснага інтэрнэту... А далей зусім не смешна — ні сувязі, ні інтэрнэту. Як растлумачылі ў прэс-службе Мінскага метрапалітэна, сёння аператары не могуць дамовіцца паміж сабой, хто з іх будзе рэалізоўваць праекты па забеспячэнні доступу ў сетку ў нашай падземцы. Не могуць вызначыцца і з абсталяваннем. А гэта азначае, што заглыбіцца ў лічбавую прастору пад зямлёй, як гэта робяць у Токіа, Лондане або Маскве, мы зможам... невядома калі?..
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Фота БЕЛТА
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.