Вы тут

Да сумеснага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі ўсё гатова


Вучэнне яшчэ не пачалося, а вайскоўцы і іх тэхніка ўжо некалькі дзён на пазіцыях. Наколькі войскі і падраздзяленні гатовыя да выканання пастаўленых задач, даведаліся карэспандэнты «Звязды».


Асноўная частка ўсёй артылерыі, якая будзе задзейнічана ў вучэнні, сканцэнтравана на палігоне пад Асіповічамі. Практычныя дзеянні яшчэ не пачаліся, але ваеннаслужачыя ўжо ў поўнай баявой гатоўнасці.

— Цяпер на палігоне завяршаецца падрыхтоўка да сумеснага стратэгічнага вучэння, — адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Ігар КАВАЛЕНКА. — Вайсковыя часці і падраздзяленні занялі раёны сканцэнтравання і ўдасканальваюць інжынернае абсталяванне ў пунктах кіравання абарончых пазіцый і рубяжоў. У ходзе планавых мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, тактыка-страявых заняткаў адпрацоўваюцца прыёмы і спосабы дзеянняў падчас бою ў адпаведнасці са сваім прызначэннем. Камандзіры ацэньваюць веды ваеннаслужачых, іх забеспячэнне, а таксама гатоўнасць да выканання задач падчас вучэння.

Як расказаў камандзір узвода — старшы афіцэр 2-й гаўбічнай самаходнай артылерыйскай батарэі гвардыі старшы лейтэнант Аляксандр ЛЯПІЧ, тэхніка знаходзіцца ў добрым стане, поўнасцю падрыхтавана да выканання пастаўленай баявой задачы. «У цяперашні момант асабовы склад адпрацоўвае заняцце агнявой пазіцыі, а таксама арыентаванне гармат і разлік каардынат і ўстановак для паражэння цэляў, займаецца падрыхтоўкай тэхнікі для здзяйснення стрэлу, — удакладняе камандзір узвода. — Для многіх з іх вучэнне — каласальны вопыт. Перш за ўсё гэта датычыцца ўзаемаадносін з ваеннаслужачымі нашай дружалюбнай дзяржавы».

Пакуль вайскоўцы адточваюць апошнія штрыхі перад выкананнем пастаўленых задач, у палявым лагеры для іх рыхтуецца вячэра. Увогуле, перад і падчас вучэння для ваеннаслужачых наладжана трохразовае харчаванне. Лагер на гэтыя некалькі дзён — яшчэ і месца адпачынку. Тут яны не толькі начуюць, а і, калі ёсць на гэта час, глядзяць тэлеперадачы, слухаюць радыё, чытаюць свежыя газеты. Ладзяцца для ўдзельнікаў вучэння і прагляд кінафільмаў, і спартыўныя спаборніцтвы, а нядаўна, на Дзень танкіста, да ваеннаслужачых увогуле завіталі артысты.

Для большасці вайскоўцаў, якія неўзабаве будуць удзельнічаць у манеўрах, вучэнне — вянец усёй службы. Для сяржанта рэзерву Радзівона Утробіна гэта і адзін з найбольш галоўных этапаў у жыцці. Як прызнаецца камандзір гарматы, для якога гэта апошні збор, вучэнне — гэта магчымасць даказаць афіцэрам, уласным сем'ям, а таксама ўсяму беларускаму народу, што на варце бяспекі нашай краіны стаяць прафесіяналы, неабыякавыя да лёсу Радзімы людзі.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Асіповіцкі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Вайскоўцы ўжо на пазіцыях

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.