Вы тут

З-за пустуючых дамоў сельсаветы Лідчыны не могуць навесці парадак


Інтарэсы мясцовых улад і нядбайных гаспадароў сутыкнуліся. Адны не могуць вырашыць лёс трухлявага жылля, а другія не хочуць уступаць у свае правы на дом, які застаўся ў спадчыну. А калі няма ўласніка, знесці такі дом немагчыма, паведамілі ў Лідскім раённым Савеце дэпутатаў. Нават калі ён бур'яном зарос...


Землі Беліцкага сельсавета знаходзяцца якраз на ўскрайку Лідскага раёна. Пустуючых дамоў тут, лічы, праз адзін. І колькасць іх, паведаміў старшыня Савета Сяргей Кулеш, з кожным годам павялічваецца. Ёсць такія, што пазарасталі па самы дах кустамі ды крапівой, некаторыя стаяць без дзвярэй і вокнаў, не кажучы пра агароджу, якая даўно павалілася. Вядома ж, такія дамы-прывіды не ўпрыгожваюць вёску, а, наадварот, надаюць ёй непрывабны, запусцелы выгляд.

— Сёння мы можам прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці грамадзян за парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў, — тлумачыць Сяргей Кулеш. — Прыйшлі, склалі пратакол. Чалавек адзін раз штраф заплаціў, другі... А на трэці, можа, задумаецца, што з гэтым домам рабіць — альбо наводзіць парадак, альбо прадаваць, альбо перадаць стары дом на баланс сельскага Савета пад знос.

Калі ёсць уласнік, усё проста. Гэты прынцып больш-менш працуе. Але часцей назіраецца іншая карціна. Уласнік быццам бы ёсць, але ў правы на дом не ўступае, не рэгіструе яго на сябе.

— Такі чалавек можа ўступіць у спадчыну ў любы момант, — кажа Сяргей Кулеш, — няма тэрміну іскавай даўнасці на жыллё. Гэта той самы падводны камень, які не дазваляе нам, мясцовым уладам, ні знесці гэты стары будынак, ні навесці там парадак. Уласнік можа аб'явіцца гадоў праз дзесяць, дом за гэты час без даху можа застацца...

Такіх незарэгістраваных будынкаў на тэрыторыі сельсавета — пераважная большасць. Чаму так адбываецца? Нашчадкі, якія жывуць у гарадах, наўрад ці паедуць у вёску, асабліва аддаленую. Прадаць такі дом таксама праблематычна. Вось і не рэгіструюць іх на сябе, каб штрафы лішні раз не плаціць за нядбайнасць. А без уласніка і прэтэнзіі прад'явіць няма каму, — робіць вывад старшыня сельскага Савета. І выкананне Указа №100, які рэгулюе работу па зносе старых трухлявых дамоў, пачынае тармазіцца...

— Уявіце, мы правялі работу па інвентарызацыі ўсяго жылога фонду, завялі асабовую справу на кожны нежылы дом, склалі акты з паказаннямі суседзяў, хто тут пражывае альбо не пражывае, як часта тут бывае. І толькі занеслі дом у рэгістр пустуючых, як заяўляецца гаспадар і кажа: буду карыстацца домам як дачай, піша адпаведную заяву і мы зноў на тры гады знімаем яго з рэгістра. І так можа доўжыцца бясконца. Працэс папросту заходзіць у тупік, — эмацыянальна разважае Сяргей Кулеш.

У Лідскім раённым Савеце дэпутатаў расказалі, што нядаўна ў адным сельсавеце ўлады прынялі рашэнне аб зносе хаціны, якая доўгі час муляла ўсім вочы. Да гэтага ўласнік не ішоў на кантакт. Пасля зносу ён хутка аб'явіўся і цяпер патрабуе адбудаваць стары будынак. Справа разбіраецца ў судзе. У суседнім раёне сельвыканкам знёс трухлявы хутар, а праз некаторы час прыехаў нашчадак, які падаў у суд на мясцовыя ўлады. Ён прад'явіў іск на выплату некалькіх тысяч долараў за старую пабудову і выйграў справу ў судзе.

— З аднаго боку, правы ўласнікаў неабходна абараняць, — лічыць старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, — але ў заканадаўстве павінны быць прапісаны меры, якія датычыліся б не толькі тых, хто ўступіў у правы на спадчыну, але і патэнцыйных прэтэндэнтаў. Яны таксама павінны адказваць за стан былога бацькоўскага дома. Пакуль мер уздзеяння на іх няма. Многія ўспамінаюць аб гэтых хатах, калі мы збіраемся ўключаць пустыя дамы ў адпаведны рэгістр.

Пакуль гэты спіс невялікі. Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Лідскага райвыканкама Юлія Чорная гартае стос папер, сярод якіх відаць фотаздымкі пустуючых пабудоў. Іх у рэгістры толькі шэсць. Некаторыя прызнаны судом пустуючымі і перададзены на баланс мясцовых Саветаў. Некаторыя справы яшчэ будуць разглядацца судом. Вядзецца пошук уласнікаў яшчэ па пяці дамах.

Вядома ж, у кожнага будынка свая гісторыя, розныя лёсы жыхароў. Але вынік адзін — занядбанасць...

...Хутар Вялікае Сяло непадалёку ад Ліды. Гаспадыня — пажылая жанчына — паехала жыць да дзяцей. Тры гады ніхто з іх сюды не прыязджаў і парадак не наводзіў. Дом уключылі ў рэгістр, а затым суд прызнаў яго безгаспадарным. Жанчына не пярэчыла, яе дзеці таксама.

— Дом знаходзіцца ў дрэнным стане, — кажа Юлія Чорная, — двор зарос так, што хаты не відаць, ды ў ёй усё паламана, глядзець страшна. Таму прынялі рашэнне аб зносе. Каб не было ўласніка, справа цягнулася б значна даўжэй.

А вось малады гараджанін не разлічыў свае сілы, калі купляў дом у вёсцы. У выніку — бур'ян і знесены дах. Уласніка знайшлі толькі праз міліцыю, пад роспіс уручылі паведамленне, зараз рыхтуецца іск у суд аб прызнанні дома пустуючым. Гэта таксама аб'ект пад знос. Некаторыя ўласнікі адмаўляюцца ад сваіх правоў на старыя дамы, якія яны набылі альбо атрымалі ў спадчыну. Пабудовы прызнаюцца трухлявымі, і самі гаспадары звяртаюцца да мясцовай улады, каб іх знеслі. Наводзіць парадак на бацькоўскіх сядзібах імкнуцца далёка не ўсе.

— У рэгістр можа трапіць і не трухлявы дом — проста ён нікому не патрэбны, — зазначае старшыня Лідскага райсавета Інэса Белуш. — Мы паехалі ў адну вёску, там дахі ўсе з бляхі, гэта некалі каштавала нятанна. Дзяды і бацькі стараліся, каб хата доўга стаяла. А сённяшні малады ўласнік аддаў дом пад знос, праўда, перад гэтым лісты з даху аднёс на металалом. А сама хата яшчэ даволі моцная.

У райсавеце прызнаюцца: горш за ўсё, калі ў старога дома не адзін уласнік, а некалькі, але ніхто з іх не наводзіць парадак. Многія выехалі за мяжу, і знайсці іх там цяжка. Каб вырашыць лёс такога дома, трэба шукаць усіх патэнцыйных нашчадкаў. Але і тыя, каго можна знайсці, не заўсёды здольныя дагаварыцца паміж сабой.

— Калі мы сустракаемся ў вёсках з жыхарамі, бабулі пытаюцца, як і на каго аформіць спадчыну. На мой погляд, афармляць трэба на кагосьці аднаго. Я ўжо назірала за гэтым і магу ўпэўнена сказаць: калі ёсць адзін уласнік, ён ведае куды і як укладваць сродкі, — рэзюмуе Інэса Белуш. — Наяўнасць некалькіх часта прыводзіць да таго, што бацькоўская сядзіба прыходзіць у заняпад.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Знесці — як пуд солі з'есці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».